Людміла Рублеўская нарадзілася ў 1965 у Менску. Вучылася на аддзяленьні паэзіі Літаратурнага інстытуту ў Маскве, закончыла беларускае аддзяленьне філялягічнага факультэту БДУ. Працавала ў пэрыядычных выданьнях «Першацьвет», «Наша слова» і «Літаратура і мастацтва». Ад 2003 працуе аглядальнікам аддзелу культуры газэты «Советская Белоруссия». Сярод іншага, апублікавала паэтычныя зборнікі «Крокі па старых лесьвіцах» і «Замак месячнага сяйва»; кнігі аповесьцяў «Дзеці Гамункулуса», «Пярсьцёнак апошняга імпэратара», «Ночы на Плябанскіх Млынах»; раманы «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» (2007), «Сутарэнні Ромула» (2010), трылёгію «Авантуры Пранціша Вырвіча» (2012-2014).
1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)
Пішу тое, што хацела б прачытаць сама.
2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?
У цішыні, на самоце, у замкнёнай прасторы. Так атрымліваецца толькі ноччу.
3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?
Ніякай. Тое, што я пішу — гэта я і ёсьць. Чужы твор, які б ні быў шэдэўральны, ня можа цалкам супасьці з табой, выказаць цябе, значыць, патрабуе пераробкі, прыстасаваньня... А сэнс?
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
Жыву патроху ва ўсіх сваіх героях. Ася з «Сутарэньняў Ромула», Руслана з «Гульні ў Альбарутэнію», Магда зь «Пярсьцёнка апошняга імпэратара»...
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
Уладзімір Караткевіч.
6. Што вы цяпер чытаеце?
«Апошні гетман Вялікага Княства Літоўскага Шыман Касакоўскі» Відаса Далінскаса; «Побыт фэадалаў Вялікага Княства Літоўскага ў 15-сярэдзіне 17 стагоддзя» Ю. Бохана і А. Скеп’ян; Олдас Хаксьлі, «Цудоўны новы сьвет»; «Труды этнографическо-статистической экспедиции в Западно-русский край. Том первый. Петербург, 1877».
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
Украінская, польская.
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?
«Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію».
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?
Яшчэ і заўсёды — кнігі, пасьля прачытаньня якіх хацелася б быць беларусам.
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?
Калі пішу мастацкія творы.
***
Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы вырашылі пачаць яе ад «шорт- і лонг-лістараў» сёлетняй прэміі імя Гедройця, паколькі ўсе яны цяпер на слыху. Але з часам мяркуем прапанаваць гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.