Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Сьвятлана Куль


Сьвятлана Куль
Сьвятлана Куль

Сьвятлана Куль-Сяльверстава нарадзілася ў 1959 у Горадні. Скончыла Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1981); дацэнт (1994); доктар гістарычных навук (2000). Дасьледуе гісторыю культуры Беларусі, палеаграфію, краязнаўства, рэгіяналістыку. Прафэсар Беластоцкай палітэхнічнай акадэміі. Апублікавала, сярод іншага, «Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур: Фармаваньне культуры Новага часу на беларускіх землях (другая палова XVIII ст.—1820-я гг.) (2000); «Палітыка. Культура. Асоба. Нарысы па гісторыі культуры Беларусі» (2012). Выдала паэтычны зборнік «Вершы. Байкі. Паэмы» (2012). Вершы і паэмы друкаваліся ў «Маладосьці», «Верасьні», «ЛіМе», «Нашай Ніве», літаратурных зборніках.


1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Майго ідэальнага чытача — маёй матулі — ужо больш як год няма на Зямлі. Але я ўсё роўна пішу так, як быццам яна прачытае. Ёй я ніколі не магла схлусіць.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

У Горадні вясной і восеньню. Ці можна не пісаць у гэтым месцы і ў гэты час?

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Ніякай. У мяне свае. А іншыя кнігі — як іншыя людзі: яны мне цікавыя, але яны — ня я.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Нейкі кавалак Скарлет О’Хара дакладна ёсьць. Хто ўва мне яшчэ жыве — цяжка акрэсьліць, хутчэй за ўсё яны яшчэ ня сталі літаратурнымі героямі.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Барадулін, Маякоўскі, Караткевіч. Сьпіс таго, што падабаецца, досыць вялікі, але часьцей па адным-два творы аднаго аўтара.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Зважаючы на шматаблічча маіх заняткаў чытаю адразу некалькі кніг. Для душы — «Мой маленький Париж» А. Фядуты; для розуму — успаміны Я. Янушкевіча і М. Маліноўскага; для практычнай працы — «Turystyka w wojewódstwie podlaskim w świetle zasad zrównoważonego rozwoju». Ну і парачку дысэртацый на дзьвюх мовах.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Польскай, баўгарскай, ангельскай, украінскай.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

«Вершы. Байкі. Паэмы. Кніга 2». Яна выйдзе ў гэтым годзе.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

«Вершы. Байкі. Паэмы. Кніга 3».

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

Ніколі. Ці можна быць свабоднай ад абавязкаў перад блізкімі, сябрамі, вучнямі, урэшце, перад гарадзенцамі і суайчыннікамі? Яны мне многае далі, я павінна вяртаць, як магу і чым магу — словам, ведамі, думкамі, працай.

***

Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы вырашылі пачаць яе ад «шорт- і лонг-лістараў» сёлетняй прэміі імя Гедройця і працягнуць сябрамі журы гэтай прэміі. Цяпер прапануем гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG