Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Сяргей Балахонаў


Сяргей Балахонаў
Сяргей Балахонаў

Сяргей Балахонаў нарадзіўся ў 1977 на Гомельшчыне. Скончыў гістарычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1999). Працуе настаўнікам, жыве ў Гомелі. Дэбютаваў у 1998 у самвыдаце і ў газэтах «Наша Слова» і «Наша Ніва». Выдаў кнігі прозы «Імя грушы» (2005) і «Зямля пад крыламі Фэнікса. Нарысы з паралельнай гісторыі Беларусі» (2012).

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Мой чытач — падкаваны чалавек з пачуцьцём гумару, які любіць гульні з культурнымі кодамі і разумее беларускую мову.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Бывала, што добра пісалася 1) на пляжы; 2) у хатнім вэрхале з прычыны перастановак; 3) на старой складзенай швейнай машынцы замест пісьмовага стала... Час пісаньня вялікай ролі ніколі не іграў.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

«Хрыстос прызямліўся ў Гародні», бо «Сто гадоў адзіноты» я ніколі ня змог бы напісаць.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Мабыць, Адсан Мелькскі з «Імя ружы» Умбэрта Эка. Але паралель кульгавая.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Габрыэль Гарсія Маркес.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Раман Чака Паланіка «Ацалелы» (Survivor) у расейскім перакладзе.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Амаль вольна — на літаратурнай украінскай. А «са слоўнікам» — на нямецкай і польскай.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Раман «Інфанта і аднарог», які цяпер публікуецца на сайце Літаратурнага дому «Логвінаў» як сэрыял.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Любоўна-філязофскую сагу пра палёт на Марс.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі захапляльны занятак блякуе адчуваньне часу. Але гэта менавіта адчуваньне свабоды, а не сама свабода як такая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG