Гэтую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў расейскі палітоляг, кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы» Канстанцін Калачоў.
«Абсалютна відавочна, што Ўладзімер Пуцін дабіваецца вяртаньня да сытуацыі, якая была ў адносінах з Украінай да ўцёкаў Януковіча. Пуцін хацеў бы, каб Украіна засталася ў фарватэры расейскай палітыкі, каб Украіна мела пазаблёкавы статус, Пуцін не хацеў бы эўраінтэграцыі Ўкраіны. Я думаю, што Пуцін таксама не хацеў бы, каб Украіна была прыкладам для расейцаў. Для таго каб дабіцца сваёй мэты, яму трэба мець два цэнтры сілы — на фэдэратыўнай або канфэдэратыўнай Украіне: з аднаго боку ЛНР і ДНР (так званая „Наваросія“), і з другога боку — Кіеў. У дадзеным выпадку гэта галоўная задача», — кажа расейскі палітоляг.
Між тым, адзначае Калачоў, ёсьць пункт гледжаньня, што ўсё гэта толькі «дымавая заслона», а насамрэч Пуціну патрэбен «калідор» у Крым, які дазваляў бы Пуціну мець сувязь з паўвостравам, апроч моста праз Керчанскі праліў. Але палітоляг ня верыць у гэтую вэрсію.
Ён лічыць, што для таго, каб дабіцца сваёй мэты, Пуцін гатовы бясконца зацягваць канфлікт на ўсходзе Ўкраіны.
«Канфлікт можа працягвацца бясконца доўга да таго моманту, пакуль Украіна не апынецца ў роспачы і не зразумее, што ваенная перамога немагчымая, калі Ўкраіна будзе гатовая да кампрамісу на ўмовах Уладзімера Пуціна. Пры гэтым умовы будзе агучваць ня сам Пуцін, а лідэры ДНР і ЛНР», — падкрэсьлівае Калачоў.
Ён лічыць, што кіраўніцтва сэпаратыстаў могуць яшчэ зьмяніць, бо цяпер відавочна, што палявыя камандзіры — дрэнныя дыпляматы.
«Але зразумела, што „згода ёсьць прадукт поўнага непраціўленьня бакоў“. Для вайны дастаткова аднаго боку, а для міру патрэбныя два бакі. Таму шмат залежыць і ад Украіны, якая са зразумелых прычын не гатовая ісьці на кардынальныя саступкі і называе „апалчэнцаў“ — „тэрарыстамі“», — кажа экспэрт.
Калачоў упэўнены, што прымусіць Пуціна адмовіцца ад сваіх мэтаў можа зьмяненьне грамадзкай думкі ў Расеі.
«Але я думаю, што гэтага не адбудзецца. Грамадзкая думка ў Расеі адносна ўкраінскага крызісу будзе зьмяняцца, але гэтыя зьмены будуць вельмі доўгія, марудныя. Пуцін заўсёды на баку большасьці, але ў дадзеным выпадку нават калі большасьць зьменіць пункт гледжаньня на ўкраінскі крызіс, прэзыдэнт будзе пасьлядоўны, бо для яго гэта ўжо пытаньне прынцыпу», — падкрэсьлівае палітоляг.
Санкцыі Захаду ў тым выглядзе, у якім яны цяпер прымяняюцца, таксама наўрад ці паўплываюць на пазыцыю Пуціна, мяркуе экспэрт:
У Расеі запас трываласьці большы, чым ва Ўкраіны: Расея будзе перажываць эканамічныя цяжкасьці, калі ва Ўкраіне можа адбыцца эканамічны каляпс
«У Расеі цяпер дастаткова вялікі запас трываласьці. Курс рубля зьмяніўся, але не крытычна. Кошты павысіліся, але не настолькі, каб казаць, што Расея знаходзіцца ў глыбокім крызісе. Умоўна кажучы, праблема ў тым, што ў Расеі запас трываласьці большы, чым ва Ўкраіны: Расея будзе перажываць эканамічныя цяжкасьці, калі ва Ўкраіне можа адбыцца эканамічны каляпс. Таму ў гэтым выпадку ў Пуціна ёсьць магчымасьць чакаць», — кажа Калачоў.
Тэарэтычна на пазыцыю расейскага лідэра могуць паўплываць заходнія палітыкі, калі знойдуць «патрэбныя словы, патрэбную матывацыю» і Пуцін адчуе сябе пераможцам.
Ролю Александра Лукашэнка ў расейска-ўкраінскім канфлікце палітоляг ацэньвае як «вельмі канструктыўную». Калачоў зазначае, што, зыходзячы зь некаторых дэталяў, магчыма казаць, што ў Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі ёсьць «чалавечая сымпатыя, чалавечае ўзаемаразуменьне».
«Нягледзячы на тое, што Лукашэнка, канечне, не сымпатызуе Майдану і ягоным ідэям, ён выдатна разумее тую сытуацыю, у якой апынулася Ўкраіна. Дастаткова прыгадаць, што Віцебск або Магілёў уваходзілі ў склад Расеі яшчэ на пачатку 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Безумоўна, і Лукашэнка, і Назарбаеў прымерваюць украінскую сытуацыю да сябе, таму яны зацікаўленыя ў хуткім заканчэньні крызісу, пры тым, што кожны спрабуе атрымаць выгаду. Лукашэнка ўжо яе атрымаў: ён цяпер ня самы „дрэнны хлопец“ у Эўропе», — падкрэсьлівае Калачоў.