Хто абіраў Майсея?

Ці цяжка зараз прадказаць, што будзе на другі дзень пасьля сёлетніх мясцовых выбараў? Зусім не.
Як стала вядома, з 65 вылучэнцаў ад апазыцыйных партыяў у чальцы тэрытарыяльных выбарчых камісіяў патрапілі толькі 5 чалавек. Для параўнаньня — ў 2010 годзе падчас мясцовых выбараў прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў у выбарчых камісіях было 18 чалавек. І тады на прыкладна паўтары тысячы тэрытарыяльных камісіяў быў мізэр, але зараз мізэр, так бы мовіць, яшчэ дэманстратыўна мізэрней.


Ці абавязкова заўтра будзе як сёньня?

Так што паводле трэнду можна, не рызыкуючы моцна памыліцца, сьмела прагназаваць, што толькі жменька прадстаўнікоў незалежнага грамадзтва будзе і ва ўчастковых выбарчых камісіях, што незалежным назіральнікам будуць рабіць шматлікія перашкоды, што ў выніку з апазыцыйных і нават проста непраўладных кандыдатаў у мясцовыя савета патрапіць у самым лепшым выпадку дзесятак-другі. Ня выключана, што нават доступ кандыдатаў да СМІ, які быў адносна шырокім і на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году, і на парлямэнцкіх 2012 году, будзе сёлета надзвычай сьціплым.

Як у жарце пра прагноз надвор’я, які можна рабіць, наагул нічога ня ведаючы і памыляючыся пры гэтым менш, чым у 50% выпадкаў: заўтра надвор’е будзе такім жа, як і сёньня. Адносная стабільнасьць, інэрцыя прыроды забясьпечвае тое, што памылкі пры такім прагнозе здараюцца ня так і часта. Але ўсе дзяржавы раскашэльваюцца на ўтрыманьне бюро надвор’я, бо зьмены яго ўсё ж адбываюцца, часам і нечакана.

Ці могуць гэтыя зьмены адбыцца ці хаця б пачацца ў Беларусі падчас ці з нагоды сёлетніх мясцовых выбараў? А хто прагназаваў, што лякальная праблема гарадзкога парку ў Турэччыне спародзіць палітычны землятрус нацыянальнага маштабу? Хто прадбачыў, што самаспаленьне даведзенага да адчаю туніскага дробнага гандляра напрыканцы 2010 году адгукнецца рэвалюцыяй, якая скіне шматгадовую дыктатуру? Чаму, скажам, арышт і зьняволеньне Юліі Цімашэнкі не спарадзілі ніякага Майдану, а адмова ўкраінскага ўраду падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ спарадзіла? Чаму ад перадачы ўлады ў Расеі ў 2008 годзе ніхто не зварухнуўся, а ў 2011-м зваротная апэрацыя выклікала Балотную? А ніхто ня ведае насамрэч. Не, мысьляры-аглядальнікі потым (але менавіта потым) патлумачаць, што яны-та ўсё прадбачылі і прагназавалі. Але ў лепшым выпадку, як зламаны гадзіньнік, які два разы на суткі паказвае дакладны час.


Як лепш сустракаць навальніцу?

Вось дадзеныя апошняга апытаньня НІСЭПД сьведчаць, што пад вонкавым спакоем і маўчаньнем хаваецца незадавальненьне і «гронкі гневу». І што з гэтага вынікае? Ды наўпрост — нічога. Размова адно пра шанцы, пра імавернасьці. Выбары (нават мясцовыя) раптам (прычым менавіта раптам) могуць стаць каталізатарам пераменаў.

Дарэчы, кіеўскі Майдан, паводзіны яго лідэраў — важкі аргумэнт у спрэчках пра выключную ролю плянаў і стратэгіяў. Ну і які плян быў і ёсьць у Эўрамайдану? А які быў у 2004-м годзе? Яно ці выбухне ці ня выбухне.

Чаму, скажам, арышт і зьняволеньне Юліі Цімашэнкі не спарадзілі ніякага Майдану, а адмова ўкраінскага ўраду падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ спарадзіла?
Тыя, хто адмаўляюць магчымасьць, што нейкая грамадзка-палітычная падзея кшталту мясцовых выбараў можа спарадзіць, здэтанаваць непрадказальныя і непрадбачаныя наступствы, насамрэч нічым не адрозьніваюцца ад сваіх зацятых антаганістаў — афіцыйных прапагандыстаў, якія таксама выказваюць ўпэўненасьць у тым, што заўтра будзе, як сёньня.

І як, ў якім стане лепш сустрэць выбух, калі ён здарыцца? Пасуючы, практыкуючы байкот ці няўдзел, ці вістуючы, хай сабе і з кепскімі картамі, разьлічваючы на тое, што ня толькі расклад, але самую гульня памяняе не Лукашэнка зь Ярмошынай, а народ?

Вось у 2012 годзе значная частка апазыцыі практыкавала байкот. Ня буду нават працягваць спрэчку пра тое, ці адбыўся ён. Ну хай сабе нават і адбыўся. І што — якія палітычныя наступствы меў? Праўда, можна сказаць, што і ўдзел меў нулявы вынік як у электаральным, гэтак і ў палітычным сэнсе. Але адсюль вынікае, што удзел як мінімум ня горшы за байкот — нуль роўны нулю.


Хто абіраў Майсея?

Але ёсьць і яшчэ адна падстава ўдзельнічаць у спэктаклі, дзе ролі і вынік, здаецца, вызначаныя загадзя. Можна спытаць, а навошта, напрыклад, у прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША ўдзельнічаюць кандыдаты ня толькі ад дзьвюх асноўных партыяў — дэмакратычнай і рэспубліканскай, але і з два тузіны іншых. Дык там жа сумленна падлічваюць галасы — скажа чытач. Ну і што? Менавіта сумленны падлік галасоў гарантуе, што ўсё кандыдаты, акрамя рэспубліканца і дэмакрата, прайграюць. Параза аўтсайдэрам гарантаваная. Дык нашто ж удзельнічаюць у безнадзейнай справе?

Адказ на гэтае пытаньне дазваляе зразумець, чаму ўдзел у беларускіх выбарах, дзе галасы ня лічаць, справа безнадзейная, але не бессэнсоўная.
Выбары і нават «выбары» — гэта магчымасьць камунікацыі палітыкаў з народам. Ну а што перашкаджае палітыкам камунікаваць зь людзьмі ў час паміж выбарамі? Ды асабліва нічога, зразумела, але камунікацыя падчас выбараў асаблівая. Яна — наконт улады і наконт карэнных інтарэсаў.
У апошнім у мінулым годзе Праскім акцэнце я спытаў у суразмоўцаў — лідэраў найбуйнейшых палітычных арганізацый краіны — ці стала ў 2013-м больш беларусаў, якія б казалі пра апазыцыю: «Гэта нашы заступнікі, нашы прадстаўнікі, выразьнікі нашых інтарэсаў»? І мне падалося, што гэтае пытаньне было самым складаным для іх.

Хто зараз самыя папулярныя палітыкі ў краіне? Тыя, хто ўдзельнічаў у прэзыдэнцкіх «выбарах»
Можна, зразумела, запярэчыць на самае пытаньне, як гэта і зрабіў у перадачы Анатоль Лябедзька, што калі ў краіне няма выбараў, то як вызначыць, хто выразьнік, а хто не выразьнік, хто ўплывовы, а хто не? Але сучасная дэмакратыя — інстытуцыя гістарычна вельмі маладая. А палітыка — хіба не раўналетка з чалавецтвам, як такім. І неяк паняцьці палітыкі, барацьбы за ўладу, ўплыву і лідэрства існавалі задоўга да ўсялякай дэмакратыі. Хто абіраў біблійнага Майсея? Бог? А што перашкаджае яму і зараз абраць, скажам, Анатоля Лябедзьку? Мо нешта і перашкаджае, але выкажу сьціплае меркаваньне, што не адсутнасьць дэмакратыі.

І зараз дэмакратыя часам, калі не заўжды, гэта проста інструмэнт фіксацыі, канстатацыі лідэрства, адносінаў прадстаўніцтва, якія сфармаваліся да дэмакратычнай працэдуры і па-за яе. Калі ўлада зь нейкіх прычын дае пляцоўку для ўсталяваньня гэтых адносінаў, то чаму б ёй не скарыстацца?


Нямудры Калюмб

Хто зараз самыя папулярныя палітыкі ў краіне? Тыя, хто ўдзельнічаў у прэзыдэнцкіх «выбарах» (невыбарах, фарсе, спэцапэрацыі псэўдаў і Лубянкі — патрэбнае падкрэсьліць). Можа, ўсе варыянты рэзкіх вызначэньняў справядлівыя і дарэчныя — толькі памятаюць людзі ўдзельнікаў менавіта гэтых брыдкіх мерапрыемстваў. І давяраюць найбольш ім жа, і галасаваць у найбольшай ступені гатовыя за іх жа. Ну а для палітыка гэта хіба не мэта, прынамсі, прамежкавая? Як дасягнуць посьпеху нават у пэрспэктыве, калі цябе ніхто ня ведае і ніхто табе не давярае?

Ну ня кожнаму быць Някляевым, Саньнікавым ці Статкевічам, але і на сваім, мясцовым узроўні ўдзел ў выбарах (і нават у «выбарах») — хіба не адзіны спосаб стаць вядомым і уплывовым. Не дэпутатам, тут усё сапраўды схоплена туга, і дыктатура таму і дыктатура, што выбараў няма. Але непрадбачаныя наступствы сваіх схемаў не кантралюе і дыктатура.

Вось Калюмб паплыў адкрываць іншы шлях у Індыю. І не адкрыў, дарэчы. Але вынік атрымаўся някепскі. А быў бы ўпэўнены, што няма яго — іншага шляху ў Індыю (і сапраўды ж няма), дык і прасядзеў бы ўсё жыцьцё ў Гішпаніі ці нават у роднай Генуі. І лічыўся б мудрым чалавекам, які дакладна ведае, што магчыма, а што немагчыма.