Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ на выбарах: супраць расейскіх базаў і «аўтапабору»


Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Патрабаваньне не дапусьціць разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскіх вайсковых базаў увойдзе ў праграмы ўсіх кандыдатаў ад Партыі БНФ на мясцовых выбарах. Пра гэта заявіў сёньня старшыня партыі Аляксей Янукевіч.

Пра гэта заявіў сёньня старшыня партыі Аляксей Янукевіч. Падчас збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты партыя правядзе Агульнанацыянальны дзень пікетаў супраць расейскіх вайсковых базаў.

Асноўны акцэнт у выбарчых праграмах кандыдатаў ад партыі і руху БНФ будзе на агульнанацыянальныя праблемы. Галоўныя зь іх — барацьба супраць разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскіх вайсковых базаў і за адмену «аўтапабору», — заявіў сёньня Аляксей Янукевіч:

«На трэцюю дэкаду студзеня мы плянуем Адзіны агульнанацыянальны дзень пікетаў супраць расейскіх вайсковых базаў. У гэты дзень падчас збору подпісаў усе кандыдаты ад партыі БНФ і сябры іхніх камандаў масава ў адзін час выйдуць на пікеты. У іх візуальным афармленьні будзе прысутнічаць тэма расейскіх вайсковых базаў. Толькі на гэтай тэме і будзе зроблены акцэнт падчас размоваў з выбарцамі. Перадусім такія пікеты адбудуцца ў тых гарадах, дзе нашым актывістам раней адмовілі ў іх правядзеньні. Мы разьлічваем, што такіх пікетаў адбудуцца сотні — у адзін дзень і ў адзін час».

Аляксей Янукевіч і яго намесьнік Ігар Лялькоў паведамілі, што БНФ вылучыць на мясцовыя выбары больш за 150 кандыдатаў, перадусім у абласныя і Менскі гарадзкі саветы. Пры гэтым лідэры БНФ не сумняюцца, што новыя выбары, як і папярэднія, ня будуць ні свабоднымі, ні справядлівымі.

Тады журналісты пацікавіліся: а які сэнс удзельнічаць у такім фарсе?

Аляксей Янукевіч патлумачыў:

Выбараў у Беларусі фактычна няма. Аднак партыя БНФ ёсьць
«Выбараў у Беларусі фактычна няма. Аднак партыя БНФ ёсьць. Нашыя лідэры ў рэгіёнах ёсьць. Нашае бачаньне альтэрнатыўнага разьвіцьця краіны ёсьць. І менавіта дзеля таго, каб паказаць людзям гэтую альтэрнатыву, каб больш людзей даведаліся пра нас і падтрымалі, мы і ўваходзім у гэтую кампанію».

Падобныя адказы гучаць і ад лідэраў некаторых іншых апазыцыйных партыяў, — заўважае дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў. — Гэта тлумачыцца тым, што яны ня маюць асэнсаванай стратэгіі дзеяньняў:

«Яны не жадаюць вырашаць рэальныя праблемы, якія ёсьць сёньня. Найперш — унутры стасункаў палітычнай апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці, незалежнага грамадзтва. Тады яны займаюцца рэагаваньнем на бягучыя праблемы. А выбары і ёсьць тая бягучая падзея, на якую трэба даваць адказ. Удзел у выбарчай кампаніі дазваляе загрузіць пэўнай працай партыйны актыў, які не павінен прастойваць. А іхныя тлумачэньні вельмі стандартныя і традыцыйныя. І чуем мы іх ужо, напэўна, гадоў дзесяць. Ні самі тлумачэньні, ні сама іхняя праца, на жаль, ні да чога сутнаснага не вядуць».

Мясцовыя выбары ў Беларусі прызначаныя на 23 сакавіка 2014 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG