Губарэвіч і Янукевіч прывезьлі ў Кіеў бел-чырвона-белыя сьцягі

Аляксей Янукевіч і Юрась Губарэвіч на Майдане

5 сьнежня лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч прыляцелі ў Кіеў, каб узяць удзел у акцыі прыхільнікаў эўраінтэграцыі на Майдане Незалежнасьці.
Палітыкі апавялі Свабодзе свае першыя ўражаньні ад знаходжаньня ў цэнтры Кіева, дзе ўжо два тыдні адбываецца акцыя, удзельнікі якой выступаюць за далучэньне Ўкраіны да эўрапейскай супольнасьці і адстаўку прэзыдэнта Віктара Януковіча.

«Мы бачым, што тут, нягледзячы на першую палову працоўнага дня, вельмі шмат людзей. Я б сказаў, што тут тысяч дзесяць чалавек зараз. Стала дзейнічаюць арганізаваныя пункты харчаваньня, стаяць намёты, вельмі шмат раздаецца агітацыйнай прадукцыі. На Майдане знаходзяцца людзі з самых розных рэгіёнаў Украіны. Працуе сцэна, на якой рэгулярна выступаюць прадстаўнікі мясцовых дэмакратычных структураў, а таксама дэпутаты Вярхоўнай Рады. Мы з Аляксеем Янукевічам прывезьлі пэўную колькасьць бляшанак тушаніны, толькі што перадалі іх у пункт харчаваньня. Мы трымаем бел-чыровона-белыя сьцягі, яны традыцыйна вельмі добра ўспрымаюцца ўкраінцамі, чуем у свой адрас словы падзякі за тое, што мы прыехалі падтрымаць мітынгоўцаў. Настрой вельмі пазытыўны, людзі хочуць пераменаў, не зьбіраюцца сыходзіць з плошчы», — сказаў Юрась Губарэвіч.

Аляксей Янукевіч браў удзел у акцыі пратэсту на Майдане ў 2004 годзе. Параўноўваючы Аранжавую рэвалюцыю з цяперашнімі падзеямі, ён адзначыў высокі ўзровень арганізацыі намётавага мястэчка і забясьпечанасьць удзельнікаў акцыі ўсім неабходным:

«Калі параўноўваць з Майданам-2004, на якім я таксама прысутнічаў, то гэтым разам трэба адзначыць вельмі высокі ўзровень арганізацыі. Дзейнічае шмат кропак, дзе можна перакусіць, выпіць гарачай кавы ці гарбаты, пагрэцца, зарадзіць тэлефон. І таксама, як і падчас Аранжавай рэвалюцыі, нашы сьцягі выклікаюць вельмі станоўчыя эмоцыі. Напрыклад, зараз да нас падышлі людзі і запыталіся: „Що це за прапор?“ Пачуўшы адказ, падзякавалі нам. Гэта вельмі прыемна».

Беларускія апазыцыянэры будуць прысутнічаць на плошчы цягам усяго дня, яны зьбіраюцца сустрэцца зь некаторымі ўкраінскімі палітыкамі, а таксама выступіць на сцэны са словамі падтрымкі Эўрамайдану ад імя палітычных сілаў, якія яны прадстаўляюць.