Янка Брыль

Янка Брыль. З фондаў БДАМЛМ

Сьліны не падымеш, а слова — ня вернеш. Гэта не Заратустра так сказаў, і нават не Ф. В. Ніцшэ, а Народ (ініцыялы невядомыя). Хаця гэты самы народ — ён таксама кажа для ўсіх і ні для кога, і таму яму можна і варта верыць. Асабліва народным пісьменьнікам, якія сябе па народзе мераюць і чэрпаюць зь яго, як зь бяздоннай крыніцы... ну, і г. д. Сьліны не падымеш, а слова — ня вернеш, дык дзе, як ня тут, будзе яшчэ нагода папрасіць прабачэньня ў Янкі Брыля за колішняе хуліганства, разумеючы ўсю фатальную запозьненасьць сваіх недарэчных словаў. Прабачце мне там, калі зможаце. Там, куды ўрэшце вяртаюцца ўсе словы. Тут застаецца поўзаць, зьбіраючы сьліну. Малады быў, дурны. Такім, зрэшты, і застаюся.

Словы, якія ня вернеш, бываюць самыя розныя. «Ён крычыць, раве і стогне...», напрыклад. Ці вось такія:

«Набокава за яго „Лаліту“ трэба судзіць па адным артыкуле з гвалтаўнікамі непаўналетніх».

Янка Брыль, Янка Шарахоўскі і Міхась Машара на юбілеі Якуба Коласа ў Каралішчавічах. 1952 г. З фондаў БДАМЛМ

Напэўна, гэты вэрдыкт таксама вынес Народ, прачытаўшы нарэшце з дазволу начальства бясконца сумны і лірычны набокаўскі раман пра «ускользающую красоту», а Янка Брыль за Народам запісаў. У ягонай прозе — што буйнога фармату, што ў апавяданьнях — вельмі моцна адчуваецца гэтае жаданьне аўтара зрабіцца артыкуляцыйным апаратам для тых, хто яго пазбаўлены, для нямых і мудрых, для «байдуноў». Вось і тут, у гэтай ацэнцы набокаўскай творчасьці, так і чуецца спрадвечная любоў народа да юрыспрудэнцыі: кожнаму па артыкуле, і для кожнага суд — «самы гуманны суд у мірэ». Быў бы пісьменьнік, а артыкул знойдзецца. Таго факту, што адзіны магчымы суд для мастака падрыхтаваны там, куды вяртаюцца ўсе словы, Брыль, відавочна, не прызнаваў. Гэтаксама як, на жаль, не заўважыў у «Лаліце» той самай «ускользающей красоты»...

Янка Брыль, Рыгор Няхай і Алесь Кучар у Каралішчавічах. 1952 г. З фондаў БДАМЛМ

Але ж ці праўда — не заўважыў? Бо здольнасьць бачыць гэтую дзіўную прыгажосьць Янка Брыль меў, ды яшчэ якую. У тое, што «трэба судзіць па адным артыкуле», верыцца зь цяжкасьцю, калі прачытаеш пра Волечку з «Птушак і гнёздаў» ці вось хаця б гэта, з аповесьці «Золак, убачаны здалёк», пра дзьвюх дзяўчатак:

«Большая з доўгімі чорнымі косамі, у стракатай сукеначцы не да каленяў, голыя ногі, рукі і твар хораша загарэлі. А меншая, сьветлая, што пацешна тэпае перад большай, загарэла-голенькая ўся, да поўнай сьвятасьці бяз крыльцаў».

Набокаў пайшоў далей, на цёмны бок гэтай ідылічнай карціны, уявіўшы жарсьць, якая ня можа прывесьці нікуды, апрача пекла. Брыль палюбаваўся па-бацькоўску і прайшоў міма. Але прыгажосьць была — і нікуды ад яе ня дзенешся.

У тым, што часам мы чытаем «не таго» Набокава і «не таго» Брыля, вінаватыя не Набокаў і ня Брыль, а мы самі.

Янка Брыль. 1952 – 1954 гг. З фондаў БДАМЛМ

Кім ён дакладна ня быў у літаратуры, дык гэта крывадушнікам і бажонам. Назаўжды запамінаецца, як такі сабе дзядзька Захара зь «Ніжніх Байдуноў» распавядае моладзі пра тое, якім чынам разьвітвалася імпэратрыца з забітым Распуціным: «яна, тая Аліса, выняла ў яго, пацалавала і гаварыт: «Спасіба, Грыша!..» Аповесьць «Ніжнія Байдуны», дзе Брыль як нідзе і ніхто да яго дае выказацца ўсім, каго далучае да народу, нагадвае працу ўтрапёнага перакладчыка. Перакладчыка, які перастварае на мове літаратуры ледзьве ня кожныя ўздых, лаянку і мармытаньне, пачутыя ім некалі ў дзяцінстве і запомненыя містычным чынам на ўсё жыцьцё. Яму ня столькі важна «з цэлым народам гутарку весьці», колькі гэты народ слухаць — і захоўваць пачутае, наколькі хопіць памяці. «Ніжнія Байдуны» амаль цалкам пабудаваныя на вусным маўленьні, яно тут — галоўны матэрыял для тэксту, ягонае цеста. У выніку атрымліваецца твор, дзе аўтар сьціпла адыходзіць за сьпіны сваіх велічных герояў, і — тут даводзіцца прыўзьняць галаву — гэта героі ня толькі ў літаратурным сэнсе: кожны зь іх прыгожы, яркі і каштоўны, і нават гамзатасьць некаторых зь іх тут выразная і гучная. Аўтабіяграфія, але ня аўтарская, аўтабіяграфія цэлага сьвету, расказаная ім самім, на розныя галасы, быццам у старажытныя часы, яшчэ да таго, як людзі прыдумалі пісьмо, расейскі мат і гэтую чортаву ліну над безданьню.

Іван Мележ, Янка Брыль і Ўсевалад Краўчанка. 1952 г. З фондаў БДАМЛМ

Народ у Брыля гаворыць басам. Вось і «Байдуны» размаўляюць так, як, відаць, размаўлялі і іхныя далёкія продкі, між сабой вольна, з чужымі неахвотна, ня надта пераймаючыся ступеняй абсцэннасьці некаторых словаў. Ну, ды «народ і ў грубасьці сваёй мудры». Як казалі ў маім дзяцінстве, нашая песьня «беларуская народная, блатная-карагодная». Дык вось Брылю ня толькі «народнае-карагоднае» цікава, але і «блатное». І наогул — «у народа ёсьць усё». Народ у Брыля — Абсалют. Асабліва шмат у яго «клёку» (то бок розуму, па-брылёўску). Але ж дужа цікава, зь якімі пачуцьцямі аўтар ставіў у гэтых нехарошых словах тры кропкі, прыкрываючы імі цалкам індаэўрапейскія карані, якія значаць толькі тое, што значаць, і ня болей: «спасіба, Грыша». Заігрываць з народам — небясьпечная справа, таму паўтараць тое, што зрабіў Брыль у «Байдунах», нікому цяпер не параіў бы: ён так і не перайшоў мяжу, якая аддзяляе пашану ад пошласьці, а сучасныя аўтары ўжо і ня ведаюць, дзе яна, і самі згубілі, і народ ня памятае.

Янка Брыль, Вячаслаў Палескі і Тарас Хадкевіч. 1952 – 1954 гг. З фондаў БДАМЛМ

Для цяперашняга таропкага чытача, звыклага больш да водных лыжаў, чым да субмарыны, творчасьць Брыля выглядае прыкладна так: пачаўшы з раману, скончыў мініятурамі. Спрошчана, але шмат у чым і правільна. Імкненьне пісаць як мага больш ляканічна і браць толькі сапраўды неабходныя словы адчувалася ў Брыля яшчэ з шасьцідзясятых гадоў. Мініятуры Брыля ўвесь час нешта няўлоўна нагадваюць, і толькі потым разумееш, што: блогі. janka_bryl — блогспот ці лайвджорнал, чаму б і не. Іх вельмі проста ўявіць сабе на экране манітора, у суседзтве зь якой небудзь няхітрай аватаркай, той самы жанр, той самы фармат, тое самае жаданьне спрачацца, і толькі адсутнасьць камэнтароў бянтэжыць звыкла-стомленае вока. Хаця ўявіць можна і іх, з усімі імхамі:

na_rod: аўтару зачот. пешы яшчо. херач, янка.

Ці такі:

Імя: Анаіс фон унд цу Аксанчык Горад: Прага Славянская

Яўрэйскі вапрос не раскрыт.


Ці нават такі:

«Паважаны спадар Брыль! Готовы ЛІ вы поддержать коЛЛлектівное требоВАНніе белорусскіх блоГГеров О созыве ВсебЕЛорусского народноГО собранія НА подлінно демократіческой основе?»

Янка Брыль (справа) з Максімам Танкам і Міколам Аўрамчыкам. 1967 г. З фондаў БДАМЛМ

...У сваіх мініятурах Брыль гаворыць пераважна ад сябе, народ тут, безумоўна — натхняльнік, але ўжо ніяк не дыктатар, за якім трэба ўвесь час запісваць. Гэтыя кароткія тэксты чымсьці нагадваюць сны, калі чалавек асэнсоўвае тое, што перажыў за дзень. У іх ёсьць глыбіня сну, ёсьць яго неспакой, ёсьць і разумная запаволенасьць рэакцыі, калі канчатковая ацэнка таго, што пачулася-пабачылася, адкладаецца да пары, калі дзённая мітусьня ўляжацца, суцішыцца, да адзіноты. Брыль нібыта малюе з натуры — але заўжды з заплюшчанымі вачыма. Можа, таму ў гэтых тэкстах адчуваецца такая вонкавая бесстароннасьць, за якой насамрэч — безнадзейная ўблытанасьць у жыцьцё, немагчымасьць адарваць сябе ад яго. Немагчымасьць на нешта забыцца ці прапусьціць, як кажуць, міма вушэй, дый міма душы. Калі сон сканчаецца, зьяўляецца зьедлівасьць, якой варта павучыцца:

Янка Брыль і Максім Танк. З фондаў БДАМЛМ

«У трылёгіі Сянкевіча крымскі хан, слухаючы іншаземных паслоў, жаваў бананы. Потым вялікі меў ласку загаварыць. Ён выплюнуў недажаванае на далонь, падаў яго бліжэйшаму візіру. Той з паклонам прыняў, стаў з глыбокай пашанай дажоўваць...

Калісьці гэта напамінала мне нашых філёзафаў...»

«Калісьці напамінала» — відаць, тады, калі за няправільны асацыятыўны рад мастаку можна было атрымаць і кулю ў патыліцу. Яго тэксты — гісторыя беларускага дваццатага стагодзьдзя, якая, як і належыць гісторыі, распавядаецца з мноствам адхіленьняў, недачутасьцяў, недагаворанасьцяў і жудасных ілюзій праўды. Пра якую ня надта хочацца гаварыць у спадзеве на тое, што ўсё забудзецца, у страху, што не зразумеюць. І ўсё ж ён паспрабаваў. І ў самыя застойныя часы — і ў пэрыяд «неціхоты» (слова, пачутае Брылём ад аднаго дзеда). Пра вайну і пра рэпрэсіі, пра муштук і пра папку. Пэўне, адчуваў абавязак. «Кожнае дзіця — новае выданьне чалавека» — так мог сказаць толькі прафэсійны літаратар. Калі дачка, пабачыўшы выпадкова ў Менску старую выяву Леніна, спытала ў мяне, хто гэта такі, я прыгадаў той кароткі Брылёў тэкст, у якім вядзецца пра дзяцей, што прыйшлі ў майстэрню да нейкага скульптара — і вось адзін хлопчык пытае: «А што гэта там у куце за генэрал?»

Ля будынка Саюзу пісьменьнікаў БССР. Зьлева направа. Сядзяць: ?, Пімен Панчанка, Максім Танк, Іван Мележ; стаяць: Аляксей Кулакоўскі, Анатоль Вярцінскі, Іван Грамовіч, Янка Брыль. Менск, 1969 г. З фондаў БДАМЛМ

«—Гэта, хлопчык, не генэрал... — ледзь не ўздыхае скульптар. — Гэта — Іосіф Вісарыёнавіч Сталін!..

Ды на малых ні тэкст гэты, ні ўздыхлівы падтэкст ня робяць ніякага ўражаньня.

Яны нарадзіліся ў другой палавіне стагодзьдзя».

А ў першай палавіне таго стагодзьдзя нарадзіўся і сам Брыль, і герой ягонага раману «Птушкі і гнёзды», які ўсе чыталі, але кожны другі блытае з «Пралятаючы над зязюліным гняздом», а кожны дзясяты з «Гняздом тваёй рукі» Зьм. Аглаблёвага, каму што бліжэй. Завуць героя Алесь Руневіч, і з прозьвішчам яму недарэмна так пашанцавала — гэта беларус у пошуках ідэальнай Беларусі. «Птушкі і гнёзды», згодна з аўтарам, ёсьць «кнігай адной маладосьці». Вобраз Руневіча Брыль шмат у чым напісаў з самога сябе — наіўны хлопец з Заходняй Беларусі, прызваны з пачаткам вайны ў польскае войска, трапляе ў нямецкі палон і намагаецца ўцячы адтуль.

У час V зьезду пісьменьнікаў СССР. У цэнтры Янка Брыль, справа Іван Мележ. Масква, 2 ліпеня 1971 г. З фондаў БДАМЛМ

Нейкая сонная, тылавая яшчэ, Нямеччына часоў Гітлера — і ў кожным «нармальным» чалавеку маленькі Гітлер унутры. Таталітарызм заўжды страшны найперш сваім бытам. Добрыя людзі нічога ня робяць — як вядома, гэтага цалкам хопіць для перамогі зла. Але рабі ці не рабі — ты закладнік гісторыі. Руневіч марыць трапіць у Савецкую Беларусь. Як «вольнаадпушчанаму» яму надараецца нават магчымасьць таемна наведаць савецкае консульства ў Бэрліне — і якой міжвольнай сатырай гучаць старонкі раману, прысьвечаныя гэтаму візыту, усе гэтыя дыпляматы, Зяблікавы ды Раечкі, анкеты ды прыёмныя гадзіны. Урэшце Руневічу зь сябрам неверагодным чынам удаецца перайсьці да Саветаў, ён робіцца партызанам — Брыль наўрад ці змог бы апублікаваць свой раман, калі б не ўзмацніў напрыканцы «ідэалягічны складнік», калі б не пашкадаваў чорнае фарбы для рознай там «беларускай эміграцыі» і белай — для мілай сэрцу Савецкай Расіі.

Янка Брыль, Уладзімер Карпаў (Масква), Алесь Адамовіч і Дзьмітры Кавалёў. 1976 г. З фондаў БДАМЛМ

Бяз гэтых не зусім мастацкіх прыёмаў раман зрабіўся б кнігай пра немажлівасьць уцёкаў — бо як можна ўцячы з палону ў палон? «Як толькі зможаш, вяртайся да сваіх, там твая ніва» — чытае Руневіч у палоне паляка Серашэўскага, «я ўжо не бязвольны салдат», пераконвае ён сябе — Нямеччына, адняўшы свабоду, зрабіла зь яго сталага чалавека, але сталасьць — гэта толькі магчымасьць самому сабе выбіраць ілюзіі.

А літаратура — магчымасьць іх мяняць. І за гэта нічога ня будзе. Прынамсі, у гэтым жыцьці. Калі толькі народ (ініцыялы невядомыя) не ўмяшаецца, не ўварвецца ў бібліятэку і не расставіць усё па сваіх, яму аднаму вядомых месцах. І выйдзе, гэтаксама імкліва, як прыйшоў, пакінуўшы нам ламаць галаву над ягоным клёкам. І — зь любоўю і нянавісьцю адначасова — дапытваць сьведку.

Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)
Зацемкі падчас зацьменьня (Алесь Гарун)
Ампутацыя немагчымая (Максім Гарэцкі)
Нехта трэці (Максім Гарэцкі)
Крыжыкі-ножыкі (Зьмітрок Бядуля)
Ацалелы ў пакоі сьмеху (Кандрат Крапіва)
Не чапай маіх кругоў (Уладзімер Дубоўка)
Лініі разрэзу (Уладзімер Жылка)
Сто пудоў адзіноты (Лукаш Калюга)
Квадратны рай (Пятрусь Броўка)
Вы шуміце, шуміце (Паўлюк Шукайла)
Чысты, як шклянка (Пятро Глебка)
Уяві, што ты на Яве (Янка Маўр)
Пакуль ня скончыцца паліва (Міхась Лынькоў)
Зямля ў ілюмінатары (Кузьма Чорны)
Дзе канчаецца прорва (Кузьма Чорны)
Заўтра нас апраўдаюць (Андрэй Мрый)
Абутыя на папялішчы (Міхась Чарот)
Сьпірахеты шчасьця (Францішак Аляхновіч)
Права на арытмію (Максім Танк)
Куды б ні занёс нас вецер (Натальля Арсеньнева)
Таемны сшытак (Аркадзь Куляшоў)
Пахвала зайздрасьці (Масей Сяднёў)
Слупы — і часам кактусы (Пімен Панчанка)
Вырванае з рэбраў (Ларыса Геніюш)
Знакі і сымбалі (Міхась Стральцоў)
Сны Адама (Янка Юхнавец)
Чорны плашч перапёлкі (Іван Чыгрынаў)
Свая вайна (Кастусь Акула)
Не на той вуліцы (Барыс Сачанка)
Коні сытыя, ваўкі цэлыя (Андрэй Макаёнак)
Слоўнік маўчаньня (Яўгенія Янішчыц)
Шарай гадзінай на жоўтым пяску (Вячаслаў Адамчык)
Ключ ад краіны (Уладзімер Караткевіч)