Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі…


Тарас на Парнасе. Ананімны твор

Паэму “Тарас на Парнасе” з поўным правам можна лічыць першым псыхадэлічным творам беларускай літаратуры. Пазьней, ужо ў дваццатым стагодзьдзі, у нас зьявяцца і іншыя сапраўдныя галюцынагенныя тэксты, сваю даніну модзе аддадуць нават такія клясыкі, як Шамякін і Панчанка, але менавіта гісторыя рахманага палясоўшчыка Тараса, якому ўдалося на трохі рассунуць “дзьверы ўспрыманьня”, стала першай ластаўкай новага жанру. Ня дзіва, што паэма засталася ананімнай, а стацкі саветнік Канстанцін Вераніцын, якому прыпісваецца аўтарства, пры жыцьці так і не наважыўся яго прызнаць, баючыся праблем на службе: у канцылярыі чыгуначнага міністэрства наўрад ці сталі б цярпець супрацоўніка з такой сумнеўнай славай.

Вокладка выданьня 1953 г.
Вокладка выданьня 1953 г.
Як толькі не абзывалі “Тараса”: і люстэркам нацыянальнага сялянскага мэнталітэту, і гумарыстычнай байкай, і сатырай на нейкія расейскія літаратурныя зьвягі. Псыхадэлічная сутнасьць тэксту пры гэтым цалкам ігнаравалася: ці то ад няўважлівага прачытаньня, ці то з пачуцьця ілжывага патрыятызму – маўляў, “беларускі палясоўшчык да такой заходняй лухты ня схільны”. Яшчэ як схільны. Радкі, якія служаць ключом да разуменьня паэмы, знаходзяцца ў чацьвертай страфе:

“Авохці мне! Як там прыгожа!
Як быццам хто намаляваў!
Чырвоны краскі, мак і рожа…!”

Мак. Адкуль тут мак, чаму ён цьвіце? Прыгода Тараса адбываецца “на самага Кузьму-Дзям’яна” – мяркуючы па ўсім, 26 верасьня. Але бог зь ім, з часам. Тарас, відавочна, бачыць сапраўдны опіюмны мак, papaver somniferum. Цэлую плянтацыю, пра існаваньне якой ня ведалі ні пан, ні сам палясоўшчык. Не забываймася і пра эпоху, у якую стваралася паэма: зусім нядаўна адгрымела опіюмная вайна паміж Кітаем і Ангельшчынай, чуткі пра якую, несумненна, дайшлі і да К. Вераніцына.


Нездарма незвычайная прыгажосьць, якую заўважае Тарас, апынуўшыся па той бок doors of perception, выяўляецца найперш у маках і ружах – Олдас Гакслі ў сваім знакамітым эсэ таксама апісвае кветкі, якія стаялі перад ім на стале падчас першага вопыту з псыхадэлікамі: “Гэта быў малюнак, дакладны і праўдзівы… … Я глядзеў на незвычайнае спалучэньне колераў і бачыў тое, што бачыў Адам у дзень свайго стварэньня, цуд аголенага існаваньня. Я працягваў глядзець на кветкі… гэта была плынь прыгажосьці, якая імкнула да прыгажосьці яшчэ больш узвышанай…”

Нешта падобнае адбываецца і з Тарасам. “Стаяў я доўга і дзівіўся, разявіў зяпу і глядзеў”, -- распавядае Тарас пра свой стан, выкліканы ўзьдзеяньнем апіятаў. Потым зьяўляецца і першая галюцынацыя: “кудравы крылаты хлапчына”, які тлумачыць Тарасу, дзе ён апынуўся: на дарозе з таго сьвету на Парнас. Тарас бярэ ў рукі кій і рушыць па дарозе наперад; ён чымсьці падобны ў гэтыя хвіліны на Дантэ, толькі нос кірпаты.

Гакслі піша пра тое, што ўзровень інтэлекту пад узьдзеяньнем псыхатропнага рэчыва не зьніжаецца, чалавек застаецца ў той самай кагнітыўнай сыстэме, сярод засвоеных ім раней ведаў, уяўленьняў і міталягемаў. Зьмяняецца сама моц успрыманьня рэчаў, павялічваецца здольнасьць да фантазіі і яркасьць вобразаў. Самы час прыглядзецца больш уважліва да асобы Тараса. На першы погляд, ён просты, як бот: мужык, палясоўшчык, паляўнічы, адказны, працавіты – “з раньня да цёмнай ночы пільнуе балота”, гарэлкі ня п’е, пан з паняй яго шануюць, войт “ні разу не збрахаў”. Нават жыве ня дзе-небудзь, а каля лазьні – вось якая чыстая душа, такому ў квакеры ісьці, а не ў палясоўшчыкі. Нюхае табаку – рэчыва, можа, і шкоднае, але ж, прасьці-госпадзі, не какаін. Але Тарас не такі цяльпук, як здаецца. Далейшыя яго словы сьведчаць пра тое, што вобраз добрага, недалёкага палясоўшчыка – толькі ўдалая маскіроўка. Вось жа: трапіўшы да Парнасу, гэты цёмны мужычок беспамылкова вызначае ў натоўпе Пушкіна, Лермантава, Жукоўскага, Гогаля (а ў іншай рэдакцыі – яшчэ і Міцкевіча з Каханоўскім!). Хаця незадоўга да гэтага Тарас нібыта прастадушна дзівіцца, “што за шайтан Парнас такі?” Наўрад ці клясыкі насілі бэджы з імёнамі. Па тэлевізары ён іх бачыў, ці што? Так што яшчэ невядома, чым сымпатычны герой паэмы займаўся з ранку да вечара ў балотах да свайго псыхадэлічнага падарожжа – відаць, ня толькі стрэльбу і сякеру браў ён з сабою, а яшчэ і кніжкі пад паху ўпотай засоўваў. І, як бачым з тэксту, ня толькі бэлетрыстыку. Навошта гарэлка, калі Там расьце мак?


Ад маку да макдональдсу – адзін крок, што б там ні казалі антыглябалістыя. На Парнасе Тарасавы мроі, хай сабе ён і лятэнтны інтэлектуал, урэшце зводзяцца да цудаў гастраноміі. Любіць беларус добра пажэрці – а калі не пажэрці, дык паглядзець, як жаруць іншыя. Бяз зайздрасьці – проста палюбавацца на чужое шчасьце. Парнаскі фаст-фуд збольшага вырастае з Тарасавых асабістых уяўленьняў пра хутка-смачна: багі ў ягоных галюцынацыях спажываюць капусту, кулеш са шкваркамі, крупеню на малацэ, кашу з салам, смажаную гусяціну, каўбасы з аўсянымі блінамі. Карацей, кафэ “У Тараса”, ІП Вераніцын, ліцэнзія № 1850. І хто там наогул казаў пра тое, што Тарас “гарэлкі ў губы ня браў”? Калі багі падымаюць па трэцім кілішку, Тараса ажно трасе. Бо пад добрую закуску п’юць нават квакеры.

Тарас на Парнасе. Спэктакль Гарадзенскага драматычнага тэатру
Тарас на Парнасе. Спэктакль Гарадзенскага драматычнага тэатру

“Ты хто такі? Ты не пісацель?” – зьдзіўлена пытаецца ў Тараса Юпітэр, заўважыўшы нарэшце беднага мужычка. Трэба прызнаць, аўтар паэмы правільна разумеў веліч пісьменьніцкай працы. Пісьменьнік – адзіная істота, якой дазволена назіраць за інтымным жыцьцём багоў, глядзець, як яны жлукцяць гарэлку, жаруць, скачуць, слухаць, якія прыпеўкі сьпявае п’яны Бах – “ажно дзеўкі засаромеліся”, адзначае галодны Тарас, адчуваючы ўзбуджэньне. Шкада, што ён забыўся распавесьці нам хаця б кароткі зьмест тых прыпевак – выйшла б ня горш за Гакслі. Напэўна, Юпітэр палічыў Тараса графаманам, які прабраўся на Парнас нелегальна. Бо сярод ахвотных там, унізе “былі паны, было і зброду – як часам і на сьвеце ў нас”. Але зрэдку і графаман варты таго, каб увайсьці ў гісторыю – сядзі ўжо, калі залез. Юпітэр ставіцца да Тараса паблажліва, Зэўс загадвае накарміць госьця і адаслаць адкуль прыйшоў. У шэры сьвет безь відзяжоў і галюцынацый, да лазьні, да Панаса, у Пуцявішча.

Ды толькі забыць свой ашаламляльны псыхадэлічны досьвед Тарас ужо ня здольны. Убачыўшы аднойчы Такое, цяжка вярнуцца да мінулага жыцьця. Тут ён хто – палясоўшчык, халоп. А там – з багамі крупеню еў. “З тых пор Тарас ужо ня ходзіць так дужа рана па лясах, а дзеля гэтага ня шкодзіць бярвеньне красьці па начах”, -- зласьлівіць аўтар, якому Тарас наважыўся распавесьці пра цудоўнае макавае поле. Кар’ера палясоўшчыка руйнуецца, пан гневаецца, паня плача, войт брэша. Тарас цяпер рэдка выходзіць з дому, сядзіць каля лучыны і чытае, чытае, чытае, і ў вачох ягоных скачуць і скачуць дзівосныя чырвоныя макі…

Старыя выданьні паэмы
Старыя выданьні паэмы


Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG