Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белагаловая без галавы


Саламея Пільштынова-Русецкая, мастак В.Губараў
Саламея Пільштынова-Русецкая, мастак В.Губараў
Саламея Пільштынова. Авантуры майго жыцьця

Нават у наш ня самы рамантычны час, калі за прыгоды часьцей за ўсё даводзіцца “дзякаваць” авіякампаніям, а вольнае вандроўніцтва пакрысе выраджаецца ў тупы турызм і шалудзівы шопінг, можна знайсьці тысячу і адну прычыну, каб усё нафіг кінуць і выправіцца ў Стамбул. Але тысяча прычынаў нас не цікавяць, іх магло і ня быць – назавем лепш тую адну, сапраўдную, безь якой усе астатнія губляюць свой апрычоны сэнс. Завецца яна проста – Архан Памук. Пасьля ягонай цудоўнай кнігі пра Стамбул хочацца пайсьці ў найбліжэйшае прадстаўніцтва “Turkish Airlіnes“ і заняць там чаргу – чаргу па чужыя ўспаміны, якія нечакана сталі тваімі.

У чарзе табе прапануюць турэцкай гарбаты і чакаляды “Ülker“, чарга рухаецца марудна, можна разгледзець усе гэтыя глянцавыя плякаты з голымі расейцамі пад анаталійскім сонцам, а потым разгарнуць кніжку, набытую надоечы ў Менску. Дзіва, але і яна будзе пра Стамбул. Мядова-рыбна-крыкліва-пенна-вінаградна-кавунна-піястрава-золата-каменна-крывава-драўляна-хітра-чырвона-сьмяротна-бязьлітасна-сквапна-летуценна-салёна-сьмярдзюча-асуджана-малочна-нябесны Стамбул…


Напісала яе твая суайчыньніца, амаль зямлячка, Саламея Пільштынова-Русецкая родам з Наваградчыны, прыкладна з тых самых мясьцін, дзе нарадзіўся твой бацька. Адбылося гэта за дзьвесьце гадоў да таго дня, калі маленькі Архан упершыню выйшаў на вуліцы свайго роднага гораду. Былая сталіца трох імпэрый была тады яшчэ ў самым росквіце, і Саламея на свае вочы пабачыла тое, ад чаго ў часы Памука засталіся адны ўспаміны. “Стамбул быў для мяне чорна-белым…” – піша Памук. – “Палацы майго дзяцінства нельга было назваць палацамі – гэта былі проста вялікія напаўразбураныя дамы… З-за беднасьці і неахайнасьці іх зусім не фарбавалі, і ад холаду, сырасьці, бруду і веку яны паціху цямнелі, набываючы свой адметны колер, тужлівы, але пры гэтым жудасна прыгожы”. Аднак, піша далей Памук, у запісах падарожнікаў, якія прыяжджалі ў Стамбул з Эўропы ў ХІХ стагодзьдзі і раней, вядзецца пра тое, што “зыркія колеры, у якія былі пафарбаваныя будынкі, надавалі гораду бляск і пышную пекнату”. Куды яны падзеліся, гэтыя бляск і пекната? Паводле Памука, заняпад Асманскай імпэрыі пачаўся ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя, з таго часу Стамбул паволі, велічна, як і належыць тытаніку, але няўхільна тоне, усё больш угрузаючы ў галечы, настальгіі і правінцыйнасьці. Нават статус культурнай сталіцы Эўропы-2010 – і гэта пасьля таго, як горад пабыў сталіцай трох імпэрый! – ёсьць адзнакай дэградацыі, праўда, на новы, паліткарэктны кшталт. Зрэшты, усё гэта не пазбаўляе яго спрадвечнай чароўнасьці, бо гарады ствараюць пісьменьнікі, а не архітэктары…

Базар у Стамбуле
Базар у Стамбуле

Саламея Пільштынова не пабачыла і не адчула таго адмысловага стамбульскага смутку, які стаў галоўным героем Памукавай кнігі. Стамбулам, які яна засьпела ў найлепшыя яго часы, яна шчыра захапляецца, ды ня як турыстка, якая прыехала ў пошуках арыентальнай экзотыкі і танных скураных ботаў, а як паўнапраўная ягоная жыхарка. Знаёмства з самымі высокімі стамбульскімі вяльможамі – усімі гэтымі чаўшамі, візірамі, супашамі, бастанджы-пашамі, мусэлімамі, янычар-агамі і хасэкамі – давала ёй магчымасьць зазіраць паўсюль, гойсаць ня толькі па рынках, але і там, куды хрысьціян і жанчын ня надта і пускалі, і пры гэтым быць вольнай ад зайздрасьці і забабонаў. “Шмат бачыла багацьця і пакоі прыгожыя ў імпэратарскай Вене, альбо ў Пецярбургу, але багацьце ў султаніхі… у Стамбуле на Тэйраку…
Адаліска
Адаліска
перавышала ўсё іншае”, – піша аўтарка “Авантураў”. Чаму “ў Стамбуле ўсяго даволі, хоць там шмат мільёнаў людзей, быдла і размаітых істот жыве, а ніколі ня ведаюць голаду альбо якое нястачы”? – пытаецца Саламея, – “Заўсёды хапае ўсяго: даволі хлеба, віна, мяса, малака, мёду, рысу, цукру, садавіны, гародніны і розных багацьцяў, чаго ў аніводным краі няма” – і сама адказвае: “А гэта таму такая вялікая ласка Божая над гэтым горадам, што тыя хлябы, якія пан Езус натоўпу множыў, з кашамі закапаныя ў Стамбуле яшчэ ў часы кіраваньня хрысьціянскіх імпэратараў…” Яна апісвае сталіцу асманаў падрабязна, пералічае, колькі ў каго з султанаў было кастратаў, колькі карлікаў, жонак, слуг, як хто забаўляецца і хто колькі траціць. Пры гэтым для самой Саламеі грошы – не праблема: чытаючы “Авантуры”, не перастаеш зьдзіўляцца, зь якім чыста ўсходнім, перанятым ёй, відаць, ад стамбульцаў спрытам яна, застаўшыся бяз тынфа ў кішэні, хутка зарабляе ня толькі на ежу, але і на тое, каб дапамагаць безьлічы іншага народу: сваім шматлікім бяспутным мужыкам, сыну, нейкім незнаёмым людзям, нявольнікам-туркам – і ўласным нявольнікам. Так, была ў Саламеі камэрцыйная жылка, была – і ў гэтым сэнсе яна, безумоўна, авантурыстка, пачынальніца таго гандлёвага шляху, які вядзе зь беларускіх рэчавых рынкаў на стамбульскія распродажы і назад, вялікага бясконцага патоку, ня менш значнага за колішні маршрут “Варагі-Грэкі”.

Камэрцыяй Саламея займалася, штопраўда, толькі пры нагодах (якія здараліся досыць часта) – сапраўдным сваім пакліканьнем лічыла лекарства, за якое пацыенты адвальвалі ёй часам проста неверагодныя сумы. Пра тое, як яна навучылася мэдыцыне, аўтарка ўпарта маўчыць, неахвотна пішучы толькі пра нейкага загадкавага “італьянца” – што дае
Вулічны гандляр кавай
Вулічны гандляр кавай
падставы меркаваць, што мэдынстытутаў яна не канчала і ў празэктарскай канспэктаў не вяла. Адукацыю ёй дала само жыцьцё, поўнае пераездаў, уцёкаў, пагоняў, часовых знаёмстваў, інтрыгаў і сьмерці – непазьбежнай спадарожніцы любога вандроўніка тых часоў. Тады са сьмерцю чалавек сутыкаўся значна часьцей – што ў Стамбуле, што ў Наваградку, і ставіўся да яе прасьцей. Мэдыцына тых часоў была на чвэрць навукай, на чвэрць магіяй і на палову – надзеяй на Госпада Бога, Саламея карысталася гэтымі часткамі ў такіх самых прапорцыях. Застаецца спадзявацца, што вылечыла Саламея больш людзей, чым загубіла: кроў у жылах стыне, калі чытаеш пра яе шчырыя, але нейкія надта ўжо няўцямныя спробы вылечыць сямігадовую дзяўчынку, хворую “быццам бы на глісты” – Саламея дае ёй нейкія “кепскія, але добрыя на глісты лекі”, і празь дзьве гадзіны дзяўчынка ўжо нежывая. Але ж і пыталі тады з дактароў строга: бацька памерлай прымушае Саламею выпіць яе “лекі”, яна выпівае, нічога ёй ня робіцца – і “ён мне і слова кепскага не сказаў”, канчае прастадушна аўтарка. Аднак жа і профіль у Саламеі быў трохі іншы: спэцыялізавалася яна на хваробах вачэй, як яе паслухаць, дык сотні людзей, мусульманаў, каталікоў, праваслаўных сталі пасьля яе таямнічых маніпуляцый зноў бачыць.

Посьпехам сваім сярод “магутных гэтага сьвету” Саламея была абавязаная ня толькі сваім лекарскім талентам, але і абаяльнасьці. Жанчына яна была прыгожая: “У мяне павывальваліся зубы, вылезьлі валасы, сталі ломкія пазногці, нават уся скура зь мяне злупілася…” Так абышоўся з Саламеяй яе другі муж, Пільштын, якога яна ўтрымлівала – ды як утрымлівала, з усьведамленьнем важнасьці для мужчыны ягоных цацак: люлек, пісталетаў, эпалетаў і кабрыялетаў! – і які вырашыў за гэта жонку атруціць, бо цацак яму, бачыце, было мала. Усяму віной незалежнасьць, самастойнасьць, ініцыятыўнасьць і няспынная цікавасьць Саламеі да сьвету. Самое існаваньне такой жанчыны, “белагаловай”, крыўдзіла мужчын і прымушала іх пачувацца непаўнацэннымі. Такіх “белагаловых” не любілі ні тады, ні цяпер. Саламею зьнелюбілі тыя, хто звыкся жыць пакорліва, нос свой нікуды не засоўваць, далёка ад дому не адыходзіць і карміцца за кошт іншых. Яна была не такая, усё ў яе ў пятках сьвярбела, Стамбул, Вена, Рушчук, Сафія, Расея, Курляндыя, зноў Стамбул… Туды яна вярталася, як дамоў – бо на радзіме, здаецца, яе прымалі ня надта прыязна. Баяліся, мусіць, басурманскага духу. Хаця краіна Саламеі і імпэрыя асманаў тады былі хаўрусьнікамі – гэта з маскалямі туркі ўвесь час ваявалі, Саламея выпраўляецца і туды, да царыцы, каб вызваліць “сваіх” туркаў. Вызваляе, але ня тых – і гэта яе ня надта засмучае. Наогул, такое адчуваньне, што ні лекарства, ні людзі, ні любыя іншыя дакляраваныя ёй мэты для Саламеі не галоўнае, галоўнае – жыць, галоўнае – дарога, якой яна ніколі ня зычыць канца.

Стамбул, Ая-Софія
Стамбул, Ая-Софія

Пытаньне няёмкае, але немінучае: наколькі ўсе яе “Авантуры” – праўда? Ці ня выдумала ўсё гэта старая баба, якую дзяўчынкай яшчэ аддалі за лекара Гальпіра, што забраў яе ў невядомыя краі, і якая на сконе гадоў вярнулася на радзіму, невядома дзе прашвэндаўшыся ўсё свае ня надта працяглае жыцьцё? Адказ на гэта мае давесьці прыналежнасьць Саламеіных мэмураў да сапраўднай літаратуры: а якая розьніца? Якая розьніца, выдумала яна ўсё гэта ці не – мы ж верым, нам цікава, і гэтага цалкам дастаткова.

Няхай яна і не была прафэсійнай літаратаркай, але па стылі сваім дала б фору шмат каму з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Бо яна абсалютна ня мела намеру пісаць па-кніжнаму, то бок браць у арэнду напрацаваныя штампы, станавіцца ў позы і расшываць сваю пісаніну залатымі ніткам паэзаў. Ніякае літаратуршчыны: Саламея проста распавядае нам тое, што ёй хочацца распавесьці, і маўчыць пра свае таямніцы. Гэтаксама гаворыць з чытачом і Памук: можа, сам Стамбул вучыць іх такім інтанацыям?

Дужа цікава перачытваць гэтыя дзьве кнігі адначасова – “Стамбул” і “Авантуры”. Ёсьць у іх нешта агульнае, у гэтых двух аўтарах, адзін зь якіх нобэлеўскі ляўрэат па літаратуры, а другая нават пісьменьніцай сябе не лічыла – проста вырашыла падзяліцца досьведам і ўражаньнямі. Зрок, чуласьць, любоў, пранікнёнасьць і чыста стамбульская жывучасьць.

Стамбул і ў часы Памука – горад надзвычай інтэрнацыянальны, у часы Саламеі там быў сапраўдны этнічны гармідар. “Авантуры” нідзе пра талерантнасьць наўпрост не гавораць, але неяк спакваля руйнуюць міт пра асманскую жорсткасьць і крыважэрнасьць: туркі нікога не павяртаюць прымусова ў сваю веру, яны наогул у рэлігійнае жыцьцё не-мусульманаў ня ўмешваюцца і культуру іншых ніяк не прыніжаюць. Іх імпэрскі інтарэс эканамічны. Што Саламея сапраўды выкрывае ў сваіх “Авантурах”, дык гэта бязглуздасьць і прадажнасьць бюракратыі, якая губіць вялікія дзяржавы; што ў Турцыі, што ў Аўстрыі, што ў Масковіі, што ў Рэчы Паспалітай бюракратыя – адзін ненасытны арганізм, якія штохвіліны патрабуе жэрці. У бюракратыі няма нацыянальнасьці. Як, дарэчы, і ў Стамбула: ёсьць Стамбул грэцкі, армянскі, францускі, нямецкі, расейскі, італійскі – дзякуючы Саламеі маем і беларускі. Польска-беларускі, дакладней, бо пісала Саламея па-польску, хай сабе і зь беларусізмамі. Калі трэба было вырашаць, ці браць Саламею ў “Рахунак”, узьніклі пэўныя праблемы: бо Саламея ня толькі не лічыла сябе пісьменьніцай, але і нейкай там беларускай магла ўявіць сябе хіба ў страшным сьне. Ды калі б усё здаралася так, як мы хочам, не атрымалася б ніколі ні авантураў, ні ўспамінаў, ні Стамбула – у які цябе так і не перанесьлі казачныя дываны турэцкіх авіяліній, з-за тысячы розных прычын, пра якія пасьля авантураў Саламеі і казаць неяк сорамна.


Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG