Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бог ня роўна delete


Францішак Багушэвіч . Кепска будзе

Францішак Багушэвіч на knihi.com

1.

Канвойны грымнуў дзьвярыма, як знэрваваны чыноўнік грукае пячаткай – гук гэты яшчэ доўга стаяў увушшу і здавалася, што назад дарогі ўжо няма і ня будзе, як не бывае зваротнага ходу ў судовай паперы: нездарма ж яны іх пішуць, не для таго ж, каб потым наноў перапісваць. Аліндарка ледзь не асьлеп ад сьвятла бляклае лямпы. Калі вочы звыкліся, ён пачаў са страхам разглядваць сваіх новых суседзяў. Пасярэдзіне, пры імправізаваным стале, сядзелі блатныя – і погляды іхныя былі ня надта каб зычлівыя. Так і стаяў ён колькі хвілінаў, ня ведаючы, як сябе паводзіць і баючыся зварухнуцца – калі лысы, голы па пояс чалавек з трыма вытатуіраванымі на жываце чорнымі двухгаловымі арламі – па ўсім відаць, ён быў галоўны тут – раптам не зарагатаў і ня сплюнуў на падлогу. “Каго я бачу! Вось хто нам будзе парашу выносіць!” – крыкнуў ён, павярнуўшыся да сваіх насупленых таварышаў. – “Мы табе зараз аскому наб’ем, сьвінапас! Тут ты хлябца ня ўкусіш! Грошы ё?”



“Войча наш”, – прамармытаў Аліндарка з жахам, – “Ды адкуль жа ў мяне?” Ня тое каб ён баяўся смуроду, хаця тут і пахла так, быццам нехта цябе за горла сьціснуў. Ясна было, што новыя суседзі выпрабоўваюць яго, няблага было б іх задобрыць, а то вунь той, побач з лысым – што гэта ў яго ў руцэ, падобна на шыла самаробнае. І раптам азарэньне, нібыта голас пачуўся аднекуль з адсырэлай столі: а ў кашулі ў цябе што, Аліндарка? Голас добры, як у бацькі – і зьвернуты толькі да яго. І праўда, прыгадаў ён і радасна намацаў непрыкметную шэрую латку на грудзёх, стаў таропка зрываць яе: яшчэ летась ён падвёз на млын жыта адной жыдоўцы, і тая сунула яму манэтку. Залатоўка выпала на падлогу, пакацілася лысаму пад ногі, Аліндарка кінуўся падымаць, папоўз на каленях, па ліпкай ад мачы кафлі, па чужой карычневай сьліне, рукі трэсьліся, ён лавіў залатоўку, як кацяня, уткнуўся ў нечыя калені, падняў, паклаў на стол. Лысы міргнуў камусьці – і вось ужо дзьверы адчыніліся, знаёмы канвойны працягнуў руку і неўзабаве вярнуўся зь дзьвюма бутэлькамі. Ды ня брагі – гэта было праўдзівае крамнае хлебнае віно. У камэры ажывіліся, выпаўзалі з паўзмроку пад нарамі самыя розныя тыпусы, Аліндарка і ня думаў, што тут сядзіць так шмат народу. Лысы выпіў адным махам трэць бутэлькі, пусьціў далей па коле.

“Ну і як цябе клічуць, сьвінапас?”

“Скаліндар… Аліндарка…”

“Ты не тутэйшы, ці што? Жыд? Татарын? А па табе і ня скажаш”.

“Ды тутэйшы…”

“За што сядзіш?”

“Ды ні за што!”

“Усе ні за што. Дык за што сядзіш, Каляндар?”

“Ды асэсара лыбом піхнуў… А той адразу: каравул, прыміце меры…”

“Ясна. Я цябе навучу: павядуць на допыт, ты дурнем прыкінься, шлянгам: маўляў, знаць ня знаю, чый я ёсьць, як малы быў, сьляпых вадзіў, а падросшы сам брадзіў, ні прапіскі, ня сказкі, так і жыву з божай ласкі. Дык яны цябе тады і адпусьцяць. Паняў?”

“Паняў…”

Гарэлка была выпітая за некалькі хвілін, вочы аліндаркавых суседзяў заблішчалі, твары заільсьніліся. “Давай, Каляндар, не цягні, рві кашулю, гані злыдні, душа дагонкі просіць”, – прамовіў чалавек з шылам. “Не, няма ў мяне болей грошай”, – неяк непераканаўча сказаў Аліндарка, намагаючыся не глядзець на шыла. “Брэшаш!” – гыркнуў лысы, і арлы на ягоным жываце злосна затрэсьлі ўсімі сваімі галовамі. – “Рві, ці цябе зараз парвем, пастушыная твая душа!” “Войча наш”, – прашаптаў Аліндарка ў спадзеве, што і зараз пачуе той самы спакойны вышні голас, але голас маўчаў, бо не было ў кашулі больш залатовак: латак было даволі, а вось манэтаў – аніводнай.

Францішак Багушэвіч. Фота 1880-х гг.

“Не чапайце яго”, – пачулася раптам аднекуль з самай глыбіні нараў. – “Не чапайце, а то кепска будзе”. Дзіва, але лысы, пабурчаўшы, адвярнуўся і дастаў карты, а чалавек з шылам сунуў яго ў штаны, лёг і нібыта заснуў. Разбрыліся па сваіх месцах і астатнія. Аліндарка са зьдзіўленьнем убачыў, як на сьвятло цяжка вылазіць ягоны заступнік: барада, вусы тырчаць у розныя бакі, на ілбе зморшчыны, а вочы сумныя-сумныя. Такі мог бы быць панам – вунь якія рукі дагледжаныя. Але гаворыць чыста па-мужыцку – не раўнуючы аліндаркаў айчым.

“Дзіўнае ў цябе імя…” – сказаў гэты самавіты дзядзька. – “Я такіх ня чуў ніколі… Адкуль ты, хто бацькі твае?”

“Нарадзіўся я ў марцы, храсьціла мяне цётка ў рацэ Бярэзіне, бо мост зламаўся, бацькі мае памерлі, і конь памёр тады, і куры, і гусі, і нават сьвіньня дзяцей паела, а потым і цётачка ручанькі злажыла. Узяў мяне да сябе добры чалавек, ды прыйшоў асэсар, лясь айчыму, лясь мне – дык я і павучыў яго трохі, і вось цяпер тутака сяджу, з вамі, добрымі людзьмі”.

“Бог сірату любе, ды долі не дае”, – прамовіў чалавек і ўздыхнуў. – “А мяне зваць Мацей, а хвамілія мая Бурачок, я з-пад Барысава. Пісаць-чытаць ты, ведама ж, не навучаны”.

“Як умеў бы, дык мо не сядзеў бы тут”.

“А якой ты нацыі, Аліндару?”

“Ды я проста, тут жыву, па-простаму гавару…”

“Не, Аліндару, брэшаш! Беларус ты!”

“Ды не, дзядзька. Які я беларус? Я ж кажу: проста жыву тут, па-простаму гавару… Бацька бог, маці – зямля, ні прапіскі, ні сказкі – жыву з божай ласкі…”

“Лухта!” – замахаў рукамі Мацей. – “Беларус ты, вось ты хто! А ведаеш, дзе яна, Беларусь?”

“Дзе?”

“А во!” – Мацей разьвёў рукамі, нібы спрабуючы абняць усю камэру. – “Там, дзе наша мова жывець! Ад Вільна да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчак і вёсак!”

Ён забегаў па камэры туды-сюды, вочы яго ліхаманкава заблішчалі.

“Вось жа як у нас палучаецца: усе мы завем сваю мову мужыцкай – і нічагусенька, як бы так і трэба! Якісь пан Марцінкевіч па-нашаму нядаўна напісаў – дык усё адно, хаця й добра напісаў – а ўсё як бы сьмеючыся з нашага брата! Усім у нас, беларусаў, толькі тое і цікава, што хіба блазну можа спадабацца. Божа, што ж мы такія бяздольныя? Глядзі сюды, Аліндар, глядзі, хай ты і чытаць ня ўмееш…”

Вокладка кнігі «Дудка беларуская» Францішка Багушэвіча. 1891

Мацей палез пад паху – Аліндарка з апаскаю адступіў на крок, надта ўжо разьюшыўся дзядзька. Але Бурачок выцягнуў ня нож і ня шыла, а ўсяго толькі некалькі патрапаных кніжачак і сунуў іх Аліндарку ў твар:

“Быў я ў розных краёх, ксёнжак там прыкупіў. Вось, глядзі, чытай: Людэвіт Гай, Ян Няруда… Хто там яшчэ? Марко Вовчок… Ведаеш іх, чуў?”

“Не, дзякуй богу, такіх паноў знаць не даводзілася. Я ж кажу: быў малы, сьляпых вадзіў, падросшы сам брадзіў, ні прапіскі, ні сказкі…”

“Гэх, Аліндар, Аліндар! Вось жа і праўда шкада, што ў цябе залатоўкі скончыліся, а то я б зараз выпіў з радасьцю. Якісьці зброд: харваты, чэхі і другія пабрацімцы нашыя маюць кніжачкі па-свойму пісаныя, і набожныя, і гісторыйкі, і баечкі, нават жыды такія кніжачкі маюць… А ў нас напісаў бы хто па-свойму, дык свае і абсьмяялі б! Што, няпраўда? Ты, бачу, добры хлапец, але ж сам, пэўне, першы б і абсьмяяў?”

“Абсьмяяў бы, дзядзька”.

“Дурань ты, дзіця зямлі-маткі маёй!” – крыкнуў Мацей і тут адчыніліся дзьверы і ў пакой увайшлі канвойныя на чале з афіцэрам.

“Пан Багушэвіч, пара вам ужо да сваіх, да палітычных”, – пахітаў галавой афіцэр, зьняўшы фуражку і схіліўшыся над дзядзькам Мацеем. – “Так вырашыла калегія. Нягожа чалавеку шляхецкага званьня з басотай і разбойнікамі сядзець. Захварэеце яшчэ, потым скардзіцца пачняце, а нашая ў чым віна?”

“Я вам ніякі не Багушэвіч. Сымон я, Рэўка з-пад Барысава”.

“Гэта мы ўжо тысячу разоў чулі, досыць ужо ў мужыка гуляць, канчайце свае забавы. Пане Багушэвіч, просім бардзо, пажалте да палітычных”.

“Не пайду я нікуды”, – апусьціў галаву Мацей. – “Тут маё месца”.

“Тады гвалтоўна гэты вапрос рашаць давядзецца”, – сказаў афіцэр з папрокам. – “Пане Багушэвіч, прашу вас, не вымушайце сілу прымяняць”.

“Ну, калі гвалтоўна, тады няхай”, – нечакана пагадзіўся Мацей. – “Толькі счакайце хвілінку, панове”.

Ён падышоў да Аліндаркі, абняў яго і сунуў яму нешта пад кашулю. “Трымайся, Аліндар”, – зашаптаў дзядзька, і шэпт быў такі гарачы і жарсны, што Аліндарка міжволі адсунуўся і ня чуў, пра што там далей шаптаў гэты дзіўны панок, казычучы яму вуха. Канвойныя асьцярожна ўзялі вусатага пана пад рукі і пацягнулі да выхаду. Дзьверы бразнулі. Аліндарка дастаў з-пад кашулі тое, што сунуў яму Мацей, убачыў дудку і расчаравана сьціснуў у руцэ – дудка не залатоўка, заўсягды яно так з панамі. Але рабіць няма чаго – падсеў да лысага ды пачаў граці.

Я.Ціхановіч. Партрэт Францішка Багушэвіча. 1980

2.

Так званая паэма Багушэвіча “Кепска будзе” насамрэч, вядома, напісаная прозай. Не ўспрымаць жа сур’ёзна ўсе гэтыя ўбогія рымы, што бязвольна вісяць па баках, выконваючы чыста дэкаратыўную ролю: “ачунеўшы-захварэўшы”, “хлеба-трэба”, “радзіўся-жаніўся”, “зачарпнула-лінула”… Скруціць дудку, каб “вушы драла” – атрымалася, вушы дзярэ. Памер развальваецца; прагалы ў ім аўтар затыкае ўсім, што трапіцца пад руку, бессэнсоўнымі паўторамі і выпадковымі часьціцамі, гукамі і ўздыхамі – так, напэўна, затыкаў узімку дзюркі ў сваёй хаце бацька няшчаснага Аліндаркі. Такая сабе расплата за псэўданароднасьць стылю. Затое як проза Багушэвічаў твор дужа адметны: найперш дзякуючы сваёй дзіўнай, задышлівай рытміцы, у якой чуецца сапеньне труса, што, толькі зьявіўшыся на сьвет, ужо вымушаны ўцякаць, выжываць, хавацца. Герой гэтай паэмы ў прозе – тыповая жывёла-ахвяра, усё сваё жыцьцё ён мусіць уцякаць і існаваць насуперак законам прыроды-дзяржавы: бегчы ў поўную невядомасьць ад бацькавага “кепска будзе”, ад голаду і холаду, ад асэсараў і сьледчых, ад жудаснага месяца “марца”, які аніяк ня скончыцца. Аліндарка параўноўвае сябе то з авечкаю, то з трусам, то зь мядзянкай; толькі аднойчы зьяўляецца параўнаньне са злоўленай лісіцай – і тое зьдзейсьненае ёй высакароднае харакіры, якое ён з павагай апісвае, падаецца яму недаступным, бо на яго здольныя адно драпежнікі. І ў той самы час: “меўшы розум не скацінны, як знаць волю мы павінны?” – пытаньне труса, які можа й ня хоча, але размнажаецца… Вось дзе дастаеўскі зарыты, у пяшчотных абдымках зь някрасавым.

Кушляны

Тое, пра што замежныя філёзафы загавораць бліжэй да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя, беларускі пісьменьнік Багушэвіч распачаў гаворку яшчэ ў другой палове ХІХ-га. Рыхтык па-кафкіянску гучыць прызнаньне героя верша “У астрозе”: “я сам тут сядзеў, а за што? Каб спыталі, дык я б не сказаў, і яны бы ня зналі”. Зьняволеньне Аліндаркі пачынаецца ўжо з нараджэньня. Яшчэ ня трапіўшы ў астрог, яшчэ смокчучы матчыну амаль пустую цыцку, ён ужо арыштант, якога зьбіраюцца прагнаць па этапе: вёска, недалёка мост, ад моста тры дарогі: у касьцёл, у места і на могілкі, і па кожнай мусіш праехаць, у вызначаным парадку, большага ніхто ня дасьць. Але бацька паміж богам і праўдай раптам абірае праўду і прамаўляе свае супрацьнатуральныя словы: “Кепска будзе”, кажа ён, хаця павінен напіцца з радасьці. Гэта ўжо бунт, угода з д’яблам.

Мост – вось дзе галоўны герой паэмы, мост – гэта Аліндаркаў пэрсанальны Фаўст. Прамоўленыя бацькам словы ажыўляюць яго, і ён ломіцца, каб даць Аліндарку магчымасьць пражыць жыцьцё інакш і заплаціць за гэта ўласнай душой. У звычайны драўляны мост недзе ў Аборках усяляецца Фаўст – і Аліндарка выжывае насуперак прадказаньням п’янай кумы, праходзіць празь “несапраўдны” хрост, праз атрыманьне “несапраўднага” імя, празь сьмерць бацькоў, цёткі, сіроцтва, дэпрэсію, астрог, выпрабаваньне любоўю чужога чалавека – айчыма, карацей – яму даецца досьвед, Аліндарка можа зірнуць на тое, як выглядае альтэрнатыва – а выглядае яна нявесела. Фаўст, як і належыць чорту, здольны расьцягваць час: усе свае дваццаць гадоў Аліндарка пражывае як той самы першы і страшны месяц “марц”, сакавік. А потым мусіць прыйсьці расплата. У якім выглядзе – Багушэвіч не ўдакладняе: можа, у выглядзе легітымацыі Аліндаркі, дзіўнае імя якога пасьля вызваленьня з астрогу запісваецца ў дзяржаўныя рэестры, усё становіцца як мае быць, на месцы і асэсар, дарма што новы, “ціхі, нездаровы”, цяпер мост у Аборках зноў функцыянуе, злавесны, як канвэер.

Помнік Францішку Багушэвічу у Смаргоні

Усе героі Багушэвіча нібыта закапаныя жыўцом і спрабуюць выбрацца з магілы, а выбраўшыся жахаюцца і лезуць назад. Тая зямля-матка, у любові да якой прызнаецца пісьменьнік, абарочваецца суцэльнай ямай. Адно з галоўных пытаньняў тут: чаму бог так няроўна delete, хіба ж цяжка яму націскаць адну і тую ж кнопачку: дык не, адных жыўцом у зямельку, “усё з зыкам, усё з лайкай, а ўсё з боем, ўсё з нагайкай”, а калі праўда і выходзіць на сьвет, дык абавязкова з магілы – а іншыя, “з рукамі, як падушкі”, паміраюць спакойна ад старасьці ў спальным вагоне, хоць бабулька і малілася пра адваротнае. Бог жа не цяля, бачыць круцяля – а “начал, кнут і слуп” дае чамусьці аліндаркам. Значыць, Аліндарка круцель?

“Кепска будзе” варта чытаць на адным дыханьні, бяз паўзаў – толькі тады можна стаць саўдзельнікам яе шаманскага рытму і ацаніць некаторыя дэталі, якія робяць Багушэвічаў твор сапраўднай літаратурай. Да гэткіх належаць, напрыклад, нага сьледчага, які вядзе допыт “рыштанта” Аліндаркі – сьледчы, узростам ненашмат старэйшы за зьняволенага, сядзіць і піша, і “нагою ўсё калыша”, потым кажа ласкава: “Брадзяжка, сорак розаг, потым роты” і зноў піша, піша, піша і нагой усё калыша”. Гэты расеец-сьледчы з нэрвовым цікам, ягоная нага пад сталом, на якую ўтаропіўся, апусьціўшы галаву арыштант – усё гэта атрымалася ў Багушэвіча вельмі жыва й маляўніча, і зь мінімумам мастацкіх высілкаў. Або бацька Аліндаркі, які п’яны “ўмёр, устраміўшы ў плот галоўку” – такі бачыш тую галаву, якая тырчыць між дошак і шчэрыцца на вуліцу, пужаючы суседзкіх дзяцей, ёй, што прамовіла “Кепска будзе”, ужо напляваць, што будзе, што стане з сынам, з мостам у Аборках і што яшчэ прыдумае бог, яна ўжо deleted, роўна, няроўна, якая розьніца.

Паэмаю ў прозе “Кепска будзе” Багушэвіч запачаткаваў у новай беларускай літаратуры жанр “турэмнага дзёньніка”. На жаль, дагэтуль актуальны – бо “нявінных памежы нас шмат”, расейскія сьледчыя ў кабінэтах калышуць нагамі, выбіваючы зь беларусаў беларускі дух, а БТ ды “Савецкая Беларусія” не стамляюцца паўтараць, што, напрыклад, 19 жніўня 2010 года:

“Такіе-то людзі
Урадніка білі, цягалі за грудзі;
Прызналіся самі, і як, і чым білі,
І зналі самі, што закон праступілі
Супроці начальства, законнай уласьці
І змовілісь вёскай урадніка ўкласьці!”

Францішак Багушэвіч перад смерцю. Малюнак яго сына Тамаша

Турма для аўтара – ня толькі астрог, турма для яго – сам беларускі горад зь яго судзьдзямі, жыдамі, маскалямі і нават немцамі, бо гэта там чыніцца несправядлівасьць, туды ўцякаюць тыя, каго Багушэвіч хацеў навярнуць у сваю веру, там адседжваюцца тыя, каго бог мусіў бы delete. Нават каб здабыць справядлівасьці, трэба пастаяць у чарзе, “трэйчы адведаць Вільню, сем раз – Ліду”. Горад – гэта вораг зямлі, вораг маладога беларускага нацыяналізму, бо забірае ў нацянальнага руху рэсурсы, умэнт нішчыць тое, што сорак год стварае, пайшоўшы ў народ, бедны паэта; герой Багушэвічавай “Дудкі”, першы беларускі тэрарыст, зьбіраецца граць да крывавага соку ў вачах ня ў вёсцы, а менавіта ў месьце; горад – гэта камень, зь якога робяцца ў тым ліку астрожныя муры. Нездарма пра горад Багушэвіч піша тымі самымі словамі, што й пра астрог:

Не люблю я места, па-расейску горад,
Надта там цяснота і вялікі сморад.

І вось у адным горадзе – ці то ў Лідзе, ці то ў Вільні, а хутчэй за ўсё, у Менску – неяк раніцай зьявіўся чалавек з дудкай. І зайграў. Працяг мы ведаем.


Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG