Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чаканьні войта


Ананімны твор “Гутарка Данілы са Сьцяпанам”

“Гутарка Данілы са Сьцяпанам”, як вядома… Але тут варта спыніцца, каб выкрыць самы першы і галоўны падман гэтага твору – ён толькі называецца гутаркай, насамрэч на ўсіх чатырох старонках шчыльнага, як фінансавая справаздача, бязладнага, як трызьненьне, і абы-як зрымаванага тэксту гаворыць адзін Даніла. Дастаткова зірнуць у самы канец гутаркі, дзе яе невядомы аўтар (ці першы публікатар, П.Шэйн) прыгадвае нарэшце, што забыўся замкнуць двухкосьсе, аднак позна – небараку Сьцяпану Даніла так і ня даў уставіць ані слова. Так што адна з найвядомых беларускіх ананімных паэмаў ХІХ стагодзьдзя мусіла б мець іншую назву: “Маналёг Данілы, або маўчаньне Сьцяпана”. А што: амаль у духу раманаў выхаваньня, розных напамаджаных немцаў і пранцузаў. Бо калі з балбатлівым Данілам усё збольшага ясна, то пра тое, што адбываецца ў душы цярплівага Сьцяпана, пакуль яму ў вушы ліецца бясконцая плынь Данілавых разважаньняў, застаецца толькі здагадвацца. Можна спадзявацца, што такія-сякія зьмены таямнічая асоба Сьцяпана ўсё ж зазнае і ён падымецца з травы новым чалавекам. Магчыма, Сьцяпан прымружыўся, уважліва слухае, жуючы травінку, і тое-сёе сабе кумекае; можа, нават згодна ківае; але з той самай ступеньню імавернасьці можна меркаваць, што ён сьпіць, як пшаніцу прадаўшы, дрыхне пад мерны рокат Данілы, пахропваючы і любуючыся ў сьне тоўстым шматом сала. “Сьцяпан, альбо Аптымізм”.

Гэта ў найлепшым выпадку. Бо ня выключана, што Сьцяпан заўтра ж пойдзе да пана і здасьць яму Данілу з усімі трыбухамі, пераказаўшы тую “гутарку” з пачатку і да канца. Пан адкладзе томік Вальтэра і загадае павесіць Данілу на бярозцы перад домам, каб не баламуціў мужыкоў. Вальтэр Вальтэрам, а працадні яшчэ ніхто не адмяняў.

Розныя пранцузы, між іншым, згаданыя тут невыпадкова. Бо недзе гэта ўжо было, на чысьцюткай францускай мове:

“Зыйшоўшысь Уладзімер сьвятым днём з Эстрагонам,
Харошаю пагодаю селі пад парканам,
Дый ну ж талкаваці, ды й ну ж гаварыці…”

Так (ну, ці амаль так) пачынаецца нашая “Гутарка”. Пра што могуць гаварыць Уладзімер з Эстрагонам, ведае кожны, бо гэта даўно ўжо клясыка:

“УЛАДЗІМЕР. Прыемна зноўку цябе ўбачыць. Я думаў, што ты сышоў назаўсёды.
ЭСТРАГОН. Я таксама.
УЛАДЗІМЕР. Вось жа, мы зноўку разам! Трэба было б адзначыць гэта неяк. Толькі як? (Разважае.) Уставай, дай я цябе абдыму.
Працягвае руку да Эстрагона.
ЭСТРАГОН (раззлаваны). Адну хвіліначку, адну хвіліначку.
УЛАДЗІМЕР (абражаны, холадна). Дазвольце пацікавіцца, дзе вашая мосьць мела гонар начаваць?
ЭСТРАГОН. У канаве.
УЛАДЗІМЕР (у захапленьні). У канаве! I дзе ж гэта?
ЭСТРАГОН (ня робячы ніякіх жэстаў). Вунь там.
УЛАДЗІМЕР. I цябе не пабілі?
ЭСТРАГОН. Пабілі? Вядома ж, пабілі.
УЛАДЗІМЕР. Тыя самыя, што й заўсёды?
ЭСТРАГОН. Ці тыя? Ня ведаю.
Цішыня.”

Цішыня ў “Гутарцы” – гэта, як мы ўжо вызначылі, Сьцяпан, усё астатняе – Даніла, які заўзята размаўляе сам з сабою. Пра што ж цішыня з Данілам надумалі паталкаваці? Такія пэрсанажы, як Сьцяпан і Даніла, Саўка ды Грышка, Уладзімер і Эстрагон і ўсялякія іншыя мужыкі, проста так нічога ня робяць, ім заўсёды карціць зладзіць якое-небудзь “дуду”. Беларускае “дуду” бывае рознае, але тое “дуду”, пра якое напаўголасу бубніць бунтаўнік Даніла, надзвычай небясьпечнае, бо наскрозь палітычнае. Сьцяпан, напэўна, нават падрываецца ўцячы, каб ня слухаць крамолы.

Але Даніла яго гіпнатызуе. Ён пачынае сваё “дуду” з таго, што Сьцяпану блізка і зразумела. Маўляў, гавораць па сьвеце, што мужыкам цар вольнасьць дараваць хоча. Але “чаго адны хочуць, то другім ня міла” – паны змовіліся і намагаюцца пераканаць прагрэсіўнага цара, нібыта “мужык бяз пана быць ніяк ня можа”, “паб’юцца, паколюцца” мужыкі” – мужык жа баіцца, толькі як пана мае, “бо знае, што яго за ўсё пан скарае”. А цар ім верыць. Цар добры, паны дрэнныя – вечнае беларускае суцяшэньне: прэзідзент харошы – міністры ня тыя, усё маняць яму, народнаму заступніку (а апазіцыя мяшае). Данілу б тут памаўчаць, даць Сьцёпу пераварыць пачутае – але Даніла не такі. Яго мэханізм працуе на самападзаводзе, голас раптам становіцца вышэйшы, пісклявейшы, і Даніла пачынае вяшчаць:

“А мы, бедны, браце, церпім скрозь няволю,
Жыцьцё праклінаем, сваю горку долю...”

І давай маляваць перад Сьцёпам такія карціны алеем, што Сьцяпан тужліва прыкідвае, колькі дадуць за гэткія гутаркі таму, хто чуў, ды не данёс:

“Каб жыў мужык волен ды цар яго панам,
Каб ня сьмеў ніколі зваць пан яго хамам”.

Гэта прамаўляецца без усялякай эмацыйнасьці – на нашых вачох пад парканам складаецца, пункт за пунктам, палітычная праграма: вось табе А, а вось і В. Нездарма кажуць, адзін беларус – сымон-музыка, двое – гэта ўжо падпольная арганізацыя. Але дурны мужык – ён і ёсьць дурны мужык: палітыка яму хутка надакучвае, і чыста дзіцячай прагай помсты выглядаюць пункты С і D:

“Мы на іх (паноў – А.Б.) ня глянем і шапкі ня зьнімем,
Хоць блізка нас будуць, ня кланяўшысь, мінем”.

Страшна стала, паночкі? А Даніла ўжо разышоўся, забыўся на ідэалягічны падмурак сваіх разважаньняў і пачаў загінаць пальцы, пра надзённае, пра зямное: пра тое, што ўсю работу рабіць прымушаюць, ваду насіць, жаць, касіць, араць, малоць ды малаціць, быдла пасьвіць, на “Сельскую жызьнь” падпіска мусовая, “грыбы, яйца, куры толькі адбіраюць”, розных складак, павіннасьцяў і падаткаў тышчы, “без куска хлеба аставяць у хаце”, ды яшчэ таўкуць, б’юць, папіхаюць, ды ўраднік крычыць “па-свойму”, то бок на нейкай незразумелай маскальскай мове, нічога не зразумееш, а запярэчыш – дык схопіш аплявуху, “аж кроў пойдзе з губы”, і языка тады, вядома, прыкусіш, але ненадоўга – змрочныя Данілавы рымы скачуць вакол аднаго й таго ж, як гарох у пустой місе, але і ў гэтым ёсьць свая складнасьць, свая разьмеранасьць, у выніку атрымліваецца нейкая злая калыханка, і ў Сьцяпана зьліпаюцца ад яе вочы. Ён спрабуе адагнаць ад сябе сон.

“УЛАДЗІМЕР. Табе трэба было зрабіцца паэтам.
ЭСТРАГОН. Я ім быў. (Паказвае на свае лахманы.) А што, хіба не відаць?
Цішыня.”

Відавочна, што гутарка напісана самым сапраўдным панам, можа, нават прафэсійным літаратарам, які даволі ўдала зымітаваў псэўдамужыцкі “стыль”. Пан сам мужыку спачувае, у самога, відаць, душ пад трыста, ды і сельскагаспадарчыя турботы сваіх рабоў ён апісвае зь веданьнем справы. Як і мэтады расправы з рабамі: чуецца ў апісаньнях зубатычын ды аплявух нейкая садысцкая асалода. Пан аўтар – наогул істота больш складаная за прымітыўнага мужыка, ён з аднолькавым посьпехам можа раніцай у карак таўчы і людзей у рэкруты пачкамі аддаваць, а ўвечары з салодкім раскаяньнем дакараць сябе, грэшнага, за тыранства, і марыць пра адмену ненавіснага прыгону. Што паробіш, закладнік эпохі, да таго ж чалавек тонкі, эмацыйны. Вось і ягоны Даніла раптам разумее, што захапіўся, і зноў выстаўляе палітычныя патрабаваньні, пакуль што збольшага сацыял-дэмакратычнага кшталту:

“Пішы, Сьцяпан. Пункт Е. Забясьпечыць васьмігадзінны працоўны дзень:
“Там удзень і ўночы ня скончыць работы…”
“Полудзень кароткі, шапнуць няма часу…”
Падпункт Е.1 І шасьцідзённы працоўны тыдзень:
“На стойкі, дарогі ганяюць у нядзелі…”
Пункт F. Забясьпечыць гарачае харчаваньне:
“Днём стравы ніколі цёплай не скаштуеш…”

І такой бяды, што грамаце Сьцяпан не навучаны. Даніла не вытрымлівае і заводзіцца ўжо канчаткова. У дупу сацыял-дэмакратыю, усю гэтую, паводле Леніна, “балбатню і кашу”. Тэрор – вось што актуальна. І вось ужо ў добрых Данілавых вачох мільгаюць першыя, пакуль яшчэ нясьмелыя крывавыя хлопчыкі:

“Няхай дасьць Бог толькі вольнасьці прыждаці,
Будуць паны самі сьлёзкі палыкаці…
…лазы будзе воўку,
Зьвяжуць паны скора безь людзей галоўку…
Не адзін застогне і не адзін пісьне…
Тым нашым панам, што нас вельмі дралі,
Даў бы Бог, каб яны на сабе спазналі…”

Бэкет піша, што Уладзімер і Эстрагон сустракаюцца на вясковай дарозе – я ўпэўнены, гэта тая самая дарога, па якой хадзілі некалі і Сьцяпан з Данілам. Дарога – сымбаль чаканьня, яна дае ілюзію, што за паваротам нешта ды будзе. Магчыма, нават за самым першым. Жыць пры дарозе значыць бачыць, як рухаецца час – ды ўсё неяк міма, міма... Вусьцішным чаканьнем працятая гутарка Данілы зь цішынёй – ад самага пачатку да апошніх радкоў. Але вяртаецца аўтар, каб закрыць забытае двухкосьсе, і ўсё чаканьне выходзіць з тэксту ў пустату, як паветра з балёніка. На вясковай дарозе зьяўляецца войт, які ўжо разявіў рот, каб вокрыкам вярнуць Данілу і Сьцяпана ў іхны музэй васковых фігур. Як завуць таго войта: Поца, Лакі? А можа, Гадо?


Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)

ГУТАРКА ДАНІЛЫ СА СЦЯПАНАМ

Зышоўшысь Даніла святым днём з Сцяпанам,
Харошаю пагодаю селі пад парканам,
Дый й ну ж талкаваці, ды й ну ж гаварыці:
“Што далей з нас будзе, як мы будзем жыці?
Гавораць па свеце, уголас талкуюць,
Ад ксяндзоў, ад рабінаў усе людзі чуюць,
Што вольнасць нам, бедным, дасць без адкладу,
Толькі што з панамі не дойдзема ладу.
Чаго адны хочуць, то другім не міла.
Як чорт перад д’яблам, пражэцца іх сіла,
Цар ім патурае, а яны хітруюць,
Змовіўшысь з сабою, цару так талкуюць:
“Пане найяснейшы, што з гэтага будзе,
Даўшы усім вольнасць, – кожан тое згудзе,
Бо мужык без пана быць ніяк не можа:
Паб’юцца, паколюцца, сцеражы ты, Божа,
Над ім трэба штодзень з кнутам стаць над каркам,
Розгі каб ляжалі возам за хвальваркам,
Гразы як не будзе ад двара над хамам,
Паб’юцца, паколюцца, на век векаў аман.
Мужык без гарэлкі перабыць не можа,
П’яны не уступіць, сцеражы ты, Божа,
Але стане біцца, калі яму трэба,
Хоць дзецям у хаце няма куска хлеба.
А як пана мае, то мужык баіцца,
Хоць кары не возьме, то хоць надрыжыцца,
Бо знае, што яго за ўсё пан скарае”.
От, браце, як яны падылгаць умеюць,
Перад царам ў вёсцы на нас плясці смеюць,
Ім гэта не смашна костка ў горле стане,
Як мужык без пана вольнасці дастане.
Што хочуць, то баюць, лгуць, як самі знаюць,
Верыць ім цар смела, яны ласку маюць,
А мы, бедны, браце, церпім скрозь няволю,
Жыццё праклінаем, сваю горку долю.
Праўда, што не чулі дзяды, ні айцове,
Каб над мужыкамі не былі панове,
Но цяпер на свеце ўсё іначай строяць,
Ужо не сярмягі, ды сурдуты крояць.
Трэснуць яны, лопнуць, ужо іх не будзе,
Бо ўжо рэчы сталі у цара аб людзе:
Каб быў мужык волен ды цар яго панам,
Каб не смеў ніколі зваць пан яго хамам.
Будзе тое, браце, дажджом, мой Сцяпане,
Што пан на нас скажа: мой каханы пане.
Мы на іх не глянем і шапкі не знімем,
Хоць блізка нас будуць, не кланяўшысь, мінем.
Годзе і ураднік хванабэрыі строіць,
Каўбасы, пячэнні на талерцы кроіць,
Перастане клікаць стоража, старожкі,
Каб давалі сухіх дровак пад трыножкі,
Вады каб прынеслі свежае з крыніцы,
Гладышы памылі, цэбры і дайніцы,
Каб міскі і ложкі падалі бяленькі,
Саганы і рондлі, як люстра, ясненькі.
Вычвараць не будзе за пражу і ніці,
Перастане таўчы, папіхаць і біці.
Не будуць ганяці войты ад паўночы
На прыгон, заліўшы гарэлкаю вочы;
Пакінуць нас лаяць за касьбу, гаранне,
За жніво, грабенне і стагоў складанне,
Што часам спазніўся стаці да работы,
Што робіць памалу, як бы без ахвоты.
А як часам прыйдзеш чаго папрасіці,
Няма ж чым гараці, няма ж чым касіці:
Будзь ласкаў, паночку, паратуй ў прыгодзе –
Аж ён крычыць, лае – няма ж канца, годзе.
А каня ці хлеба дастаць вельмі трудна:
Пан сам нездаровы, пані нешта нудна –
Прыйдзі другім разам, а тым часам ў полі
Не зробіш у пору работы ніколі,
Бо і на прыгоне няма ж чым рабіці,
І з дому на поле – не за парог выйсці;
Ідзі, хоць ты трэсні, не паспагадаюць,
Ніякае ўвагі над намі не маюць.
Дажджом рабі дома, пагода як блісне,
Ані адна душа ў хаце не пісне,
На прыгон без шчоту – з сярпом і з касою,
Валы да гарання, коні з бараною.
Той паліць вуголлі, той рыбу лавіці,
Таму сенажаці, кусты церабіці,
Той павязе водку, а той муку, збожжа –
Работ загадаюць, сцеражы ты, Божа!
Таму сена грэбсці, таму стог складаці,
Таму тарпы класці, таму падаваці –
Згінь, прападзі, ліха! Да чорта работы,
Дзіва, што не стане часам і ахвоты!
Прыйдзе восень, зарой да дзякла ганяюць,
Грыбы, яйца, куры толькі адбіраюць.
Магазын адсып, аддай да зярняці,
Без куска хлеба аставяць у хаце,
І чынш і падаткі аддай без адкладу,
На рэкрута, пана – няма ж складкам ладу!
На стойкі, дарогі ганяюць ў нядзелі,
Каб яны у жыцці пацехі не мелі!
Чаму на старожу прыйсці спазніўся?
Чаму ты сякеры, рыдля ўзяць забыўся?
Дзе твой мех і сіта, рэшата і сечка?
За што там такое з войтам была спрэчка?
Браварнюю старожу адбывай без шчоту,
Там удзень і ўночы не скончыць работы!
А ў валоўні, як чорт у пекле, таўчыся,
Няма ж там спогадзі, ці плач, ці маліся,
Ці дождж, ці завея, ці мароз найбольшы,
Чым горшае надвор’е, то тым прыказ горшы.
Уставай да работы парою без спрэчкі
Выцягнуць з-пад лавы, сцягнуць цябе з печкі
Ты йдзімалаціці, ты у млын малоці,
Картоплю садзіці, ты ідзі палоці,
Таму быдла пасвіць, а таму авечкі,
Ты да коп на варту, ты ідзі да грэчкі,
Ты ступай да коней, а ты са свіннямі,
Малая да качак, больша за гусямі.
Як чорта, піхаюць, ўсюды слухаць трэба.
Часта няма ж калі з’есці куска хлеба,
Днём стравы ніколі цёплай не скаштуеш,
Полудзень кароткі, шапнуць няма часу,
Ад цівуна, войта давольна крыку, галасу;
А ўраднік, як чорт, сярдзіты і злосны,
Погляд быстры, строгі і голас даносны,
Як стане па-свойму лаяць і крычаці,
То душа із целам мусіць расставаці,
А на злосць як трапіш, то пачысціць зубы,
Схопіш аплявуху, аж кроў пойдзе з губы,
Чупрына не пэўна, бо падскубе куса,
Паправіць бараду і падскубе вуса.
А што страху надасць, а што надрыжышся,
Ці плач, ці скач перад ім, ці як хоч маліся,
Нічога то не паможа, чакаць канца мусіш,
Хоць праўда, аднак жа языка прыкусіш.
Зараз каркі скруцяць. Гэтае урвецца,
Хванабэрства згіне, панства іх мінецца.
Няхай дасць Бог толькі вольнасці прыждаці,
Будуць паны самі слёзкі палыкаці;
На полі, дзе калісь сох было, як маку,
Не знойдуць загона і раллі ні знаку –
Усё лаза адлогам, лазы будзе воўку,
Звяжуць паны скора без людзей галоўку;
А па сенажацях не пойдзеш за лесам,
Бо хто ж будзе касіць? Хіба ён сам з бесам!
Прыгон як урвецца і талакі не стане,
Скончыцца адразу іхна панаванне.
Тады яны хіба, што бяда, пазнаюць,
Бо цяпер ніколі нам не спагадаюць:
Ідзі толькі, хаме! от і ўся гаворка!
З нашай працы грошы складаюць да ворка.
Дай нам толькі, Божа, скоранька прыждаці,
Каб маглі спакойна пасядзеці ў хаце,
Пана не баяцца і войта загаду,
Было б у нас болей і дабра і ладу.
Не адзін сказаў бы: мой пане Сцяпане,
Будзь ласкаў, сягоння прыйдзі на гаранне,
Заплачу, што хочаш, водкай пачастую,
А для тваіх дзетак гасцінца дарую;
Калі ласка, заўтра падбяжы з касою,
Жонка, дочкі з серпам, а сын з бараною.
Наперад і грошы, бо мне раз плаціці,
Бо, я цябе знаю, не ўмееш круціці.
А вось калі ліха як ужо прыцісне,
Не адзін застогне і не адзін пісне,
Бо годзе над намі здзекавацца строга,
Прыйдзе і на паноў каранне ад Бога.
Яны нас глумілі, плакаць не давалі,
Вінен ці не вінен – без канца каралі.
А цяпер ім самім тое дастанецца,
Што нам дасюль было, то на іх шчаўпецца.
А тым нашым панам, што нас вельмі дралі,
Даў бы Бог, каб яны на сабе дазналі:
Галоднаму сыты спагадаць не мусіць,
Пакуль чужой бяды сам не укусіць.
А вось тады пазнаюць па чаму фунт ліха,
Як воўк пад лаваю, не уляжыш ціха,
Паскрабуць чупрыну, як не стане хлеба,
Як Бог і цар хоча, мусіць, так і трэба”.
Можа б, болей гаварыў бы Сцяпану Даніла,
Але на пагібель войта накруціла,
Як стаў загад строіць, як пачаў крычаці,
Мусілі гутарку сваю перастаці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG