«Я заклікаю беларускія ўлады ачысьціць Пачобута ад закідаў і неадкладна вызваліць яго. Перасьледу журналістаў за крытыку кіраўніка дзяржавы няма месца ў сучаснай эўрапейскай краіне» — сказала Міятавіч у сёньняшняй заяве.
«Адзіная віна Пачобута ў тым, што ён асьмеліўся апублікаваць сваё меркаваньне аб важных падзеях у Беларусі, якія выклікалі бясспрэчную грамадзкую цікавасьць. Ён зьяўляецца адным зь нешматлікіх крытычных галасоў у беларускіх сродках масавай інфармацыі і павінен мець магчымасьць працягваць сваю важную працу» — дадала Міятавіч.
Міятавіч заклікала Аляксандра Лукашэнку скарыстацца нагодай сёлетняга Дня незалежнасьці Беларусі і ўжыць амністыю да ўсіх журналістаў, якія былі асуджаныя за сваю прафэсійную дзейнасьць, уключна з Ірынай Халіп.