РС: Спадарыня Аксана, ці маглі б коратка апісаць, як сёньня забіралі Андрэя?
Аксана Пачобут: Сёньня Андрэй працаваў у хаце, пісаў артыкул пра Алеся Бяляцкага. Прыйшла міліцыя да нас дадому, з абласной пракуратуры. Прыйшлі шэсьць чалавек, гэта быў сьледчы, два чалавекі ў мундзірах, яшчэ два мужчыны і адна жанчына ў цывільным. Сьледчы сказаў, што ў нас у хаце будзе вобшук, але што гэта ўсё адбудзецца хутка, бо яны прыйшлі па кампутар і па Андрэя, каб звазіць яго на допыт. Усё трывала, як мне падалося, менш за гадзіну. Яны забралі кампутар і забралі Андрэя, які ўжо ведаў, што яго сёньня пасадзяць у турму. Ён сабраў у сумку рэчы, якія змог сабраць на хуткую руку. Яго адразу адвезьлі ў пракуратуру, там ён сустрэўся з адвакатам, адмовіўся даваць паказаньні, і яго адразу павезьлі ў турму.
РС: Вы кажаце, што Андрэй ужо ведаў, што яго пасадзяць у турму. Ён дазнаўся толькі сёньня, ці ўжо прадчуваў ад нейкага часу?
Аксана Пачобут: Наўпрост ён дазнаўся толькі сёньня. Але ён сказаў мне падчас вобшуку, што ў яго была такая інфармацыя, паводле якой ён мог рабіць высновы, што яго зноў пасадзяць у турму, што зноў будзе ўзбуджаная крымінальная справа супраць яго.
Аксана Пачобут: Яны паказвалі паперу, там было напісана, якія публікацыі. Гэта публікацыі зь інтэрнэт-рэсурсаў «Беларускі партызан» і «Хартыя», дзе ён пісаў пра расстраляных нібыта тэрарыстаў. Той самы пракурор вобласьці Марозаў узбудзіў крымінальную справу паводле артыкулу аб паклёпе на прэзыдэнта. Паводле таго самага артыкулу, што ў яго быў і ў мінулым годзе, толькі паводле другой часткі, бо Андрэй цяпер асоба, якая ўжо зьдзейсьніла злачынства, якую ужо судзілі раней. Таму частка другая гаворыць аб пакараньні чатырма гадамі.
РС: То бок, супраць яго ўзбудзілі справу як супраць рэцыдывіста?
Аксана Пачобут: Так, там у паперах было ўказана штосьці такое, што ён там парушаў раней, і што ён быў датэрмінова выпушчаны…
РС: Скажыце, як дзеці зрэагавалі на арышт бацькі?
Аксана Пачобут: Сын, які стаў на год старэйшы ад папярэдняга арышту, як быццам усё прадчуваў, бо ўвесь час прасядзеў у бацькі на руках або прастаяў каля яго, трымаючыся за бацькаву нагу, і быў дастаткова ціхі. А дачка адпачывала з мамай Андрэя на вёсцы. Яны выехалі, калі я імі патэлефанавала праз гадзіну, і толькі цяпер ўвайшлі дахаты.
РС: Ці ня думалі вы з Андрэем, каб зьехаць зь Беларусі, напрыклад, у Польшчу, каб пазьбегчы гэтага перасьледу?
Аксана Пачобут: Некалі я задала Андрэю пытаньне ў такім сэнсе, але адразу зразумела, што нікуды зьяжджаць ён не зьбіраецца. Ну, а як будуць разьвівацца падзеі — гэта не ад яго залежыць… Ён заўсёды паўтараў, што зьяжджаць ён нікуды ня будзе, што ён не злачынец, ён ніякіх парушэньняў ня робіць, а проста жыве і сумленна выконвае сваю працу.
РС: Ці вы ўжо ў кантакце зь нейкім юрыстам, які будзе весьці справу Андрэя?
Аксана Пачобут: Так, гэта адвакат Аляксандар Бірылаў, які быў адвакатам Андрэя і ў мінулай справе. Магчыма, ён пад’едзе заўтра да сьледчага, каб узяць дазвол на сустрэчу з Андрэем.