Арганізатарку Народнага сходу зь Дзісны выклікалі ў аддзел ідэалёгіі

Зь Мёрскага райвыканкаму па яе нават даслалі машыну — каб адвезьці ў рацэнтар на гутарку. Але спадарыня Вікторыя адмовілася ехаць да «ідэолягаў».

Народны сход у мястэчку зьбіраюцца правесьці на пляцоўцы каля банку, у самым цэнтры. У местачкоўцаў шмат пытаньняў да ўладаў — ад абласных да раённых. Бо Дзісна — ня толькі самы малы горад Беларусі, але й апошні горад, які не дачакаўся газіфікацыі. Яшчэ адна праблема — гэта беспрацоўе, бо працаваць у Дзісьне проста няма дзе.

Арганізатарка сходу спадарыня Вікторыя кажа, што імпрэза адбудзецца, як бы гэтаму ні замінала мясцовае кіраўніцтва і міліцыя.

Яна апавяла, што ўчастковы міліцыянт днямі хадзіў па хатах ды настойліва прапаноўваў гараджанам, якія паставілі свой подпіс у падтрымку сходу, ня ўдзуельнічаць у гэтым мерапрыемстве. На прадпрыемствах і ў арганізацыях кіраўніцтва таксама заклікае сваіх работнікаў не хадзіць на Народны сход.