Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск. З аргкамітэту «Народнага сходу» выйшлі двое сяброў


З бабруйскага аргкамітэту па правядзеньні мясцовага «Народнага сходу» выйшлі двое сяброў. Паводле старшыні камітэту Канстанціна Локцева сваё рашэньне яны аргумэнтавалі тым, што баяцца магчымых рэпрэсіяў супраць удзельнікаў сходу пасьля агучанай інфармацыі пра зьмены ў «Законе аб масавых мерапрыемствах». Імёны тых хто выйшаў з аргкамітэту спадар Локцеў не пажадаў агучваць.

«Мне патэлефанавалі й сказалі, што паглядзелі сюжэт па тэлебачаньні ў навінах пра тое, што нібыта прынялі закон і што цяпер трэба на ўсё дазвол улады. Калі яго ня будзе, то ўсіх могуць пасадзіць. Я так зразумеў, што яны спалохаліся. Мы павінны былі сустрэцца й пагаварыць, але на сустрэчу ніхто не прыйшоў. Я давёў да ведама сытуацыю на аргкамітэце. Іх выхад мы аформілі пратаколам. У аргкамітэце засталося дзевяць чалавек», — тлумачыць сытуацыю Канстанцін Локцеў.

Народны сход у Бабруйску мае адбыцца 8 кастрычніка на пляцоўцы перад гандлёвым цэнтрам «Вэстэрн». На гэтай жа пляцоўцы мясцовая ўлада ў дзень сходу праводзіць кірмаш. Кіраўніцтва гарвыканкаму запрошана аргкамітэтам на Сход. На запрашэньне адказу няма.

8 кастрычніка адбудуцца кірмашы і ў Магілёве. Афіцыйныя мэдыі паведамляюць, што тавары на іх будуць таньнейшымі, чым на ранейшых кірмашах. Месца правядзеньня Народнага сходу аднак ня будзе занятае кірмашом. Яго арганізатары абралі ўдалечыні ад людных мясьцін — на стадыёне па вуліцы Чалюскінцаў. Гэтая пляцоўка вызначана гарвыканкамам для правядзеньня санкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. На сход, як і ў Бабруйску, арганізатары запрасілі кіраўніцтва гарадзкой вэртыкалі. Адказу з гарвыканкаму таксама няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG