Cуд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Дзявяты дзень

12 траўня ў Менску ў судзе Партызанскага раёну працягваўся працэс супраць Андрэя Саньнікава, Ільлі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Ўладзімера Яроменка. Судзьдзя Натальля Чацьвертакова.

18.34 Перапынак да 10.00 13 траўня. Судзьдзя заявіла, што сьледзтва скончанае, каб бакі рыхтаваліся да спрэчак.

18.24 Адвакат просіць далучыць да справы матэрыялы, якія тычацца асобы Саньнікава. МЗС ніякіх дакумэнтаў не знайшоў. Адвакат зачытвае характарыстыкі замежных дыпляматаў і дэпутатаў. У іх гаворыцца, што Саньнікава павінны апраўдаць, што абвінавачаньні беспадстаўныя. Суд далучыў дакумэнты да справы.

18.10 Суд далучыў адказы з кавярняў. Адвакатка просіць далучыць відэа, дзе ёсьць фрагмэнты, ня ўлічаныя сьледзтвам. Там Саньнікаў кажа пра мірны пратэст. Рымашэўскі спрабуе адштурхнуць тых, хто б’е шкло. Суд адмовіў.

18.00 Адвакат агучвае запыты ў некаторыя кавярні, ці была парушана іх дзейнасьць 19 сьнежня ў сувязі з акцыяй. «Бэзэ», «Лёндан», «У Францыска», «Стары Менск», "Гудвін","Печкі-лавачкі«, «Планета сушы» кажуць, што праца не была парушана. Адказ «Макдональдза» — з такім жа зьместам. Яна просіць далучыць гэта да справы. «Макдональдз» нікому не выстаўляў прэтэнзіяў ад таго, што зачыніўся раней.

17.54 Саньнікаў просіць зноў перапынку. Суд зноў адмовіў. З залі рэпліка — адчыніце вакно хаця б у залі, бо дыхаць няма чым.

17.50 Адвакат просіць запытаць запісы відэакамэр вонкавага назіраньня, каб праглядзець, як пачыналі біць шкло, колькі людзей было на плошчы і пра тое, што знаходзілася на плошчы пасьля разгону. Суд не задаволіў хадайніцтва.

17.40 Адвакат просіць выклікаць і дапытаць начальніка сьледчага аддзела папярэдняга дасьледаваньня. Ці прымаліся меры па вызначэньні колькасьці людзей на плошчы? Адвакат Варашкевіч кажа, што трэба выслухаць яго меркаваньне пра агульную колькасьць людзей і колькасьць тых, хто браў удзел у незаконных дзеяньнях ля ўваходу ў Дом ураду.

17.39 Суд вырашыў адмовіць у задавальненьні хадайніцтва, бо ў даведцы сказана, што ён можа прысутнічаць на пасяджэньні і мець лекі. Саньнікаў тлумачыць гэта спэцыфікай турмы КДБ, — што мэдычныя работнікі ня могуць свабодна пісаць свае заключэньні.

17.37 Саньнікаў просіць абвясьціць перапынак у сувязі са станам здароўя, тым больш ён пра гэта казаў. Адвакат перадаў даведку пра зварот Саньнікава да лекараў. Цяпер Саньнікаў хадайнічае.

17.28
Адвакат просіць далучыць да справы справаздачу АБСЭ пра ход выбараў. Адзін з падсудных сказаў, што яму кепска. Але працэс пакуль працягваецца. Адвакат кажа, што гэты дакумэнт БДІПЧ АБСЭ пацьвярджае заявы Саньнікава пра недэмакратычнасьць выбараў, таму гэта ня ёсьць надуманым цьверджаньнем, як гаворыцца ў абвінавачаньні.

Суд задаволіў хадайніцтва аб тым, каб далучыць прамежкавую справаздачу АБСЭ да справы і правесьці яе агляд.

17.26
Адвакат працягвае настойваць, каб у суд выклікалі Канпацкага і яшчэ прадстаўніка "Макдональдза". Суд зноў не задавальняе і гэтае хадайніцтва, бо абмяркоўвалася пытаньне пра завяршэньне сьледзтва бязь сьведак.

17.21 Адвакат просіць выклікаць і дапытаць у судзе Ірыну Халіп і Зьмітра Бандарэнку. Суд не задаволіў хадайніцтва.

17.20 Суд вырашыў не далучаць тэлефон Кучко і яго фотаздымкі. Адхіліў хадайніцтва.

17.00 Адвакат задае пытаньні сьведку Пятру Кучко, які фатаграфаваў тэлефонам пляцоўку ля Дома ўраду. Хадайнічае далучыць да справы тэлефон і зрабіць агляд здымкаў, якія маюць значэньне да справы. Суд пайшоў вырашаць. Абвешчаны перапынак.

16.55 Суд далучыў да справы характарыстыкі з навучальных устаноў і пастанову, што Яроменак адбыў пакараньне за ўдзел у акцыі на плошчы.

16.52 Сьведкі ў суд не зьявіліся. Суд вырашыў скончыць сьледзтва бязь сьведак. Хаця адвакат патрабаваў дапытаць некаторых сьведак — з упраўленьня справамі прэзыдэнта, прадстаўніка "Макдональдза", кіроўцу маршруткі Канапацкага. Аднак суд адмовіў.

16.37 Перапынак на 5 хвілінаў.

16.35 Журналістам забараняюць падсілкоўваць батарэі ноўтбукаў. Пры гэтым спасылаюцца на Ўказ прэзыдэнта аб эканоміі.

16.30 Дасьледуюць нататнік Яроменка, дзе храналёгія дзеяньняў напярэдадні 19 сьнежня і пазьней.

Адвакат кажа, то ў гэтым дзёньніку ўказана, што размова ідзе пра мірную акцыю.

Купляў кувалду для мірнай акцыі, кажа пракурор. Але адвакатка гэта аспрэчвае.

15.53—16.26 Саньнікаў расказвае пра катаваньні ў СІЗА КДБ:

Ставяць на расьцяжку. У халодным памяшканьні могуць пратрымаць доўгі час, прымушалі прысядаць, хаця я казаў, што ў мяне траўмаваная нага. Гэта ня дзейнічала. Потым дазваляюць апрануцца. І гэта адбываецца ў прысутнасьці людзей у масках, якія калоцяць у сьцены, крычаць нечалавечымі галасамі.

Я быў пазбаўлены права на ліставаньне цягам месяца. Не атрымліваў лісты ад родных.

Людзі ў масках, якія былі добра абучаныя, аказвалі псыхалягічны ціск крыкамі і грохатам, дазвалялі ўдары па нагах.

Мяне ўвесь час вадзілі ў кайданках, і можна вадзіць па-рознаму ў кайданках. Дэманстравалі жорсткае абыходжаньне. Я раблю цяпер гэтую заяву, бо ў пракурора ўзьніклі пытаньні адносна паказаньняў на допытах. Я напісаў у турме КДБ пра катаваньні і атрымаў за гэта.

Я знаходзіўся ў скоцкім стане пад нарамі, з дрэнным адчуваньнем, хворай нагой.

Сукамэрнікі падрыхтаваныя раілі зрабіць як іншыя кандыдаты, якія напісалі Лукашэнку.

Калі мне выставілі абвінавачаньне, я даведаўся, што недзе побач у камэры знаходзіцца мая жонка.

Я даведаўся, што майго сына хацелі выкрасьці.

Мне было сказана, калі я хачу дапамагчы жонцы, то павінен даваць патрэбныя паказаньні.

У мяне адбылася прымусовая гутарка са старшынём КДБ Зайцавым, які пагражаў жыцьцю і здароўю маіх жонкі і дзіцяці.

Калі я адмаўляўся пацьвярджаць хлусьню, якую мне прапаноўвалі, Зайцаў мне сказаў, што да маёй жонкі і дзіця будуць прынятыя больш жорсткія меры.

Я разгубіўся ад такога, бо чалавек, які знаходзіцца на такой пасадзе, не павінен гучаць як крымінальны аўтарытэт. Я ўспрыняў сур’ёзна гэтыя словы і зразумеў, што насамрэч ад мяне залежыць жыцьцё жонкі і сына, бо жонка была ў гэтай турме.

Потым сталі працаваць опэрупаўнаважаны Фецісаў, які згодна з заяўленымі Зайцавым тэмамі рыхтаваў мяне да допытаў, казаў, якія тэмы яго цікавяць: пытаньні фінансаваньня, кантактаў з замежнікамі. Перад першым допытам было агаворана, як я павінен асьвяціць тыя ці іншыя тэмы.

Фецісаў прыйшоў, каб пераканацца, што я буду даваць патрэбныя паказаньні. Быў складзены падрабязны плян майго допыту. Ён папярэдзіў, што спасылкі на Канстытуцыю, што я адмаўляюся ад паказаньняў, ня будуць прымацца.

У мяне моцна забалела печань перад першым допытам. Але я баяўся, што не магу даць паказаньні, якія дапамогуць жонцы. Мне было адмоўлена ў абароне.

Упершыню 22 сакавіка сам-насам я змог сустрэцца з адвакатам.

Нават мае патрабаваньні прадставіць мне дакумэнты, Канстытуцыю і Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека не былі задаволеныя.

Адвакату на допытах адводзілася роля статыста. Забаранялі нават глядзець на адваката. На ўсіх допытах у мяне было дрэннае самаадчуваньне, але я не адмаўляўся даваць паказаньні.

Падчас усіх допытаў быў фізычны і псыхалягічны ціск.

Мяне цалкам ізалявалі ад інфармацыі. Дагэтуль не атрымліваю газэт, якія я хачу.

Прымушалі глядзелі чарнасотніцкія антысэміцкія фільмы.

Начальнік турмы КДБ таксама праводзіў прымусовую гутарку.

Таму я раблю гэту заяву і кажу, што паказаньні, якія даваў на допытах, ня поўнасьцю адпавядаюць рэчаіснасьці.

Таму я сказаў пра гатоўнасьць даваць паказаньні ў судзе.

Судзьдзя: Нас цікавяць паказаньні адносна Плошчы.

Саньнікаў кажа, што сьледчы паказваў фармулёўкі адказаў. Дапускаў грубасьць. Таму ў некаторых месцах не маглі адпавядаць рэчаіснасьці.

Саньнікаў кажа, што рабіў спробы спыніць біцьцё шкла ў Доме ўраду і назваў гэта правакацыяй і заклікаў не паддавацца ёй.

Ён прасіў не аказваць супраціву міліцыі. Не рабіць гвалтоўных дзеяньняў. Пайшоў на трыбуну, каб сказаць пра гэта.

Таксама патлумачыў, чаму ля Чырвонага касьцёлу ён заклікаў ісьці ў бок Дома ўраду: бо пляцоўка ля касьцёла ня можа быць прыдатнай для палітычных мерапрыемстваў.

З трыбуны ён не заклікаў усіх ісьці на перамовы ў Дом ураду. Ён казаў, што пойдуць кандыдаты.

Пракурор зьвярнуў увагу на супярэчнасьці з паказаньнямі, якія Саньнікаў даваў на допытах.

У сувязі з гэтым Саньнікаў сказаў, што трэба лічыць за правільныя паказаньні, якія ён даў цяпер у судзе. Бо іншыя былі дадзеныя пад ціскам і катаваньнем. Ён напісаў пра гэта ў заяве начальніку СІЗА КДБ.

«Мяне зьмясьцілі моцна зьбітага. Не давалі выйсьці ў прыбіральню. Зьмясьцілі ў камэру бязь месца. Хаця я быў з хворай нагой.

Было халодна. Загадалі ляжаць тварам да дзённага сьвятла. Калі паварочваўся, прымушалі легчы ў тую ж позу.

Пасьля заявы перавялі ў іншую камэру.

Зноў былі нязручнасьці. Ужывалі працэдуру асабістага дагляду. Калі прымушалі выходзіць з усімі рэчамі, у тым ліку з матрацам.

У СІЗА зьявіліся людзі ў масках. Добра падрыхтаваныя для абыходжаньня з «палітычнымі».

15.00 Судзьдзя задаволіла хадайніцтва. Дзеля аховы таямніцы, сыходзячы, што Саньнікаў «супраць», матэрыялы будуць дасьледавацца ў закрытым працэсе.

Камэнтар праваабаронцы Алены Танкачовай:

"Выклікае шок, што сэнсацыйны рэпартаж Косьці Лашкевіча, які не адпавядае рэчаіснасьці, кладзецца ў аснову абвінавачаньня. Карэспандэнт у жывым эфіры перадаў інфармацыю, якая не адпавядала рэчаіснасьці. Ён сказаў, што нібыта людзі ўвайшлі ў Дом ураду і што гэтым нібыта спынены мірны характар акцыі. Што нібыта тысячы людзей падышлі да Дома ўраду. Гэта паказвае, наколькі важныя адказныя і скрупулёзныя паводзіны прэсы, асабліва з месцаў гарачых падзеяў", — сказала Танкачова карэспандэнту «Свабоды».

14.56 Пракурор чытае з тома № 7 пратакол праслухоўваньня перамоваў. Ён прапануе разгледзець у закрытым працэсе. Саньнікаў катэгарычна супраць такіх праслухоўваньняў. Судзьдзя пайшла прымаць рашэньне. Перапынак.

14.51 На відэа: Зараз мы пойдзем на перамовы ў Дом ураду, падтрымайце нас.

Рэпартаж расейскага тэлеканалу. Рэпартэр перадае з плошчы.

Адвакат кажа, што ня ўбачыў «агрэсіўна настроеных», як напісана ў пратаколе. Людзі проста скандуюць.

Прагляд чарговага відэасюжэту.

14.47 Абвінаваўца далей агучвае пратакол, том № 7. Там таксама ёсьць відэафайлы. Рэпартаж пра штурм. Саньнікаў і Халіп уваходзяць у Дом ураду. Выступы кандыдатаў. Саньнікаў каля помніка Леніну. Каля ўваходу ў Дом ураду. Саньнікаў і Халіп каля Дома ўраду і іншыя. Прагляд.

14.40 Пракурор кажа, што эпізод, калі супрацоўнік ДПС пытае: «Вы разумееце што вы робіце?»

Саньнікаў кажа, што разумею. Маўляў, гэты эпізод адлюстраваны правільна.

Саньнікаў тлумачыць: Мы з жонкай падышлі зь ветлівасьці, бо людзі ўжо прайшлі. Магчыма, словы «Так, я разумею», адносіліся да таго, што адбылося. Вялікая колькасьць людзей і кандыдаты ўжо рухаліся да плошчы Незалежнасьці, і мы падышлі пагутарыць з супрацоўнікамі ДПС. Зь ветлівасьці.

Адвакат адзначае, што гэтыя кадры пацьвярджаюць, што кандыдаты не ішлі наперадзе калёны.

Ён таксама просіць паўтарыць прагляд эпізоду, дзе Саньнікаў размаўляе з супрацоўнікам ДПС.

14.33 Чарговы ролік: Зноў падзеі на плошчы. Скандуюць «Радзіма, Свабода, далоў Луку-ўрода!». «Жыве Беларусь!».

Супрацоўнік міліцыі: Прыбярыце людзей не падвяргайце небясьпецы, убярыце іх на ходнік.

Голас Статкевіча: Мы вас любім, мы пройдзем і ўсё, дайце прайсьці людзям.

Вус міліцыянтам: Чалавек, якога вы абараняеце, ня варты гэтага. Не правакуйце.

Міліцыянт: Мая праца — забясьпечыць бясьпеку руху.

14.30 На здымках — зноў падзеі на плошчы. Чутны лёзунгі: "Верым, можам, пераможам«.«Жыве Беларусь!». Паўтараюцца падзеі і выказваньні, якія былі ў іншых роліках. Зноў гаворыцца пра зьбіцьцё Някляева. Нехта гаворыць, што мы патрабуем расьсьледаваньня зьбіцьця Някляева.

«Ну што, час мяняць лысую гуму?»

Дэманстранты скандуюць:"Час мяняць лысую гуму«, гэтым сканчаецца чарговы відэаролік.

14.10 Пракурор зачытвае шэраг цытатаў з выступаў Саньнікава, Статкевіча, Вуса, Рымашэўскага і іншых на чарговым відэароліку.

Адна з цытатаў: «Пара мяняць лысую гуму? Час мяняць лысую гуму».

Размова кандыдатаў зь міліцыянтам, які просіць прайсьці калёну на ходнік.

Саньнікаў устаў, глядзіць стоячы.

14.04 Працэс аднавіўся. Саньнікаў перад пачаткам працэсу папрасіў судзьдзю ўлічваць ягоныя праблемы са здароўем, што яму цяжка працаваць у напружаным графіку, асабліва пасьля 17 гадзіны. Кажа, што ня хоча падаваць хадайніцтва, але заклікае суд да гуманізму, бо ён таксама зацікаўлены, каб працэс не перарываўся, таму просіць улічыць стан здароўя.

12.55 Абвешчаны перапынак да 14.00.

12.55 Адвакат Варвашэвіч кажа, што там бачна, як расьсякаецца народ на плошчы. Блякуюцца людзі, якія знаходзяцца каля помніка Леніну. Другі шэраг спэцназу за помнікам. І гэтым адсякаецца асноўная частка людзей. Асноўная частка мітынгу небясьпекі не нясе. Гэта пацьвярджае, што асноўная маса людзей мела мірныя намеры. Кандыдатам дазволілі спакойна пакінуць плошчу. Таму яны не ўяўлялі ніякай небясьпекі, кажа адвакат.


12.50 Судзьдзя не задаволіла хадайніцтва адвакаткі Кавалеўскай.

Адвакатка дае свой камэнтар гэтага сюжэту «Беспарадкі». Яна адзначае адсутнасьць заклікаў грамадзянаў, кандыдатаў да падпалаў, збройнага супраціву прадстаўнікам улады.

Адсутнасьць у руках мітынгоўцаў нейкіх падазроных прадметаў манціровак, ледасекаў, палак, каністраў і г.д. У момант знаходжаньня супрацоўнікаў у чорнай форме адсутнічаюць прыкметы актыўнага супраціву грамадзянаў ці прарыву ачапленьня ці ўзброенага супраціву прадстаўнікам улады.

На ганку Дома ўраду адсутнічаюць палкі, ледасекі, сякеры. Ад супрацоўнікаў АМАП людзі знаходзяцца на адлегласьці 15-20 мэтраў, у іх няма ніякіх прадметаў. Бачны супрацоўнікі міліцыі, якія ня робяць ніякіх захадаў, каб прадухіліць хуліганскіх дзеяньняў на ганку Дома ўраду. На відэа чуюцца заклікі кандыдатаў. Любыя заклікі да штурму — гэта правакацыя спэцслужбаў, не паддавайцеся на правакацыі. Таксама чуюцца заклікі: мы чакаем тут. Прынясіце палаткі, тэрмасы, мы застаемся.

12.20 Прагляд наступнага відэа. Зноў выступы на плошчы, некаторыя фрагмэнты паўтараюцца.

У прысутных у залі ствараецца ўражаньне, што розныя кавалкі відэа змантажаваныя ў адзін відэасюжэт.

Зноў чуецца звон разьбітага шкла, адначасова нехта спрабуе спыніць і кажа на відэа : «Ня трэба!»

Відэаролікі пабудаваны звычайна так: выступы кандыдатаў, біцьцё шкла.

Адвакатка просіць правесьці экспэртызу роліка на наяўнасьць мантажу, бо ствараецца ілюзія прысутнасьці Саньнікава ля Дома ўраду, хаця паводле паказаньняў сьведак, ён адыходзіў і яго там не было.

Абвінаваўца сказаў, што падобнае хадайніцтва ўжо разглядалася. Судзьдзя абвясьціла перапынак і пайшла выносіць рашэньне.

12.15 Голас на відэа: Тут сабраліся мірныя людзі, супрацоўнікі міліцыі не рабіце загады, якія супярэчаць заканадаўству. Не паддаемся на правакацыі. Не чапайце міліцыянтаў! Дэманстрацыя мірная. Ня біце мірных дэманстрантаў, камандзір АМАПу, падыдзі на перамовы. Спыніце зьбіцьцё невінаватых людзей.

На відэа — разгон акцыі. Заклікі: «Застаемся, міліцыя з народам!»

Чуюцца крыкі людзей.

12.05 Зноў паказваюць эпізоды на плошчы Незалежнасьці.

Любыя заклікі на штурм Дома ўраду — гэта правакацыя спэцслужбаў, кажа на відэа Рымашэўскі.

Выступае Кастусёў: гэтыя падонкі паднялі рукі на кандыдатаў у прэзыдэнты, мы павінны дамагчыся праўды, і пакуль не атрымаем перамогу, не павінны сысьці.

12.00 Суд не задаволіў хадайніцтва правесьці экспэртызу дыска зь відэа на наяўнасьць мантажу і ўстанаўленьня колькасьці асобаў, якія вялі здымкі.

11.40 Прадстаўнік беларускага МЗС, які быў на працэсе, падчас працэсу сышоў, але пакінуў свой тэлефон у залі на лаўцы. Гэта заўважыла Танкачова і папрасіла міліцыянтаў яго прыбраць.

Тэлефон прыбралі.

11.30 Адвакат: Саньнікаў знаходзіцца на адлегласьці 15 мэтраў ад Дома ўраду, і там ніякіх дзеяньняў не праводзіцца. Потым ёсьць прыкметы мантажу, што б’ецца шкло і ствараецца ілюзія, што Саньнікаў знаходзіцца побач. Гэта ілюзія мантажу. Я заяўляю хадайніцтва, каб адносна гэтага запісу была праведзена судовая экспэртыза, ці ёсьць прыкметы мантажу.

Абвінаваўца кажа, што 19 сьнежня быў мароз і было рэкамэндавана адключаць і выключаць апаратуру.

Нідзе не пазначана, што гэта здымкі аднаго апэратара, кажа адвакат.

Адвакат просіць зрабіць аналіз, ці зроблена гэтыя здымкі з адной відэакамэры. Суд абвясьціў перапынак, каб вынесьці рашэньне па хадайніцтве.

11.26 Адвакат заўважыў, што на здымках ёсьць прыкметы мантажу, некаторыя эпізоды выразаныя. Таму нельга ўспрымаць заклік Саньнікава каля Чырвонага касьцёлу рухацца ў бок Дома ўраду, як заклік да штурму.

11.23 Паказваюць вялікі кавалак, прысьвечаны падзеям на ганку Дома ўраду.

11.20 Калякін кажа на відэа, што чэснага падліку галасоў няма. Мы цьвердзім, што Лукашэнка не перамог і ня можа быць прэзыдэнтам.Таму другі тур, альбо ён узурпатар улады. Мы павінны растапіць лёд дыктатуры, кажа Калякін на плошчы Незалежнасьці. Саньнікаў кажа на відэа, што пойдзем на перамовы ў Дом ураду.

Гэта кажуць іншыя кандыдаты. Яны просяць падтрымкі ва ўдзельнікаў Плошчы.

На відэа чуюцца гукі разьбітага шкла.

11.10 Рымашэўскі кажа на відэа, што жорстка зьбіты Някляеў, пакуль вынікі выбараў невядомыя. Нельга прызнаваць гэтыя выбары легітымнымі.

Практычна адбыўся пераварот, узурпацыя ўлады, Мы выклікаем на перамовы вышэйшае кіраўніцтва, МУС. пракуратуру, кажа Рымашэўскі на відэа. Ніякіх сілавых сцэнароў не прадугледжана, сілавых дзеяньняў ня будзе.

10.58 Саньнікаў кажа, што дайшла інфармацыя, што ў Палацы прафсаюзаў знаходзіцца вялікая колькасьць спэцназу, якія гатовы пачаць разгром мірнай акцыі. На плошчы не было дастаткова месца. З боку Аляксандраўскага сквэру была вялікая колькасьць народу. Яны хацелі далучыцца да акцыі, а ня мелі магчымасьці знаходзіцца. На вуліцы Купалы і каля палаца знаходзілася вялікая колькасьць спэцтэхнікі. Мы пайшлі ўжо за людзьмі, якія пайшлі ў той бок, кажа Саньнікаў.

Працягваецца прагляд відэа.

10.55 На відэа рух калёны па праспэкце Незалежнасьці.

Судзьдзя просіць удакладніць, якія былі падставы для перамяшчэньня з плошчы Кастрычніцкай да плошчы Незалежнасьці.

Саньнікаў кажа, што з кліпаў бачна, што не было аднаго пляну, кандыдаты агучвалі розныя падыходы і сцэнары. Ён кажа, што на плошчу Незалежнасьці зьявіўся ня ў першых шэрагах. Матывы перамяшчэньня былі — было некім прапанавана і ўся плошча прагаласавала. І гэта была воля ўдзельнікаў Плошчы. Фактары, якія паўплывалі, — немагчымасьць знаходзіцца на Кастрычніцкай плошчы такой вялікай колькасьці народу, бо працаваў каток і супрацоўнікі міліцыі не рабілі ніякіх захадаў, каб забясьпечыць бясьпеку. Улады ведалі загадзя, што на Кастрычніцкай плошчы зьбярэцца шмат людзей і не зрабілі ніякіх захадаў для бясьпекі. Другі фактар — гучная дыскатэка на плошчы. Трэці — людзі, якія падыходзілі з боку вуліцы Энгельса, убачылі што плошча была запоўнена і пайшлі на плошчу Незалежнасьці. Адсутнасьць бясьпекі знаходжаньня на плошчы і было асноўным матывам рухацца.

10.30 Манітор усталяваны так, што бачыць відэа ў залі немагчыма.

10.20 Адвакат адзначае, што ў пратаколе не зафіксаваныя словы: «Стаяць усім!». Таксама, што Саньнікаў знаходзіцца за некалькі мэтраў ад уваходу ў Дом ураду. Відэа абрываецца і там не адлюстраваны дзеяньні, якія ён робіць далей. Кажа, што далей ён спрабаваў прадухіліць беспарадкі. Абмежаваныя абвінаваўчыя сюжэты не дадаюць аб’ектыўнасьці, кажа адвакат. Мы павінны глядзіць ня толькі тое, што абвінавачвае, але і тое што апраўдвае, кажа адвакат. Мы нават ня можам вызначыць, якія гэта эпізод. Суд вырашыў глядзець відэасюжэты ў поўным аб’ёме.

Вырашылі глядзець у храналягічным парадку. Глядзяць па-новаму.

10.15 На відэа — размова Халіп з супрацоўнікам ДПС.

Саньнікаў кажа, пойдзем на перамовы ў Дом ураду.

Саньнікаў на ганку Дома ўраду, ніякіх фразаў не гаворыць.

Падход Саньнікава і Халіп да Дома ўраду. Саньнікаў ніякіх фразаў не гаворыць. Калі ён узыходзіць на ганак чуецца звон разьбітага шкла.

10.12 Перад пачаткам працэсу некаторыя падсудныя ў клетцы праглядалі газэту «Народная воля».

Заля напалову пустая. З праваабаронцаў — Алена Танкачова. Прысутнічаюць сваякі падсудных.

Пракурор зачытвае цытаты, якія адзначаныя ў пратаколе абвінавачаньня.

10.05 Працэс аднавіўся. Працягваюць праглядаць дыскі.

Суды за Плошчу

Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым і Яроменкам. Дзень першы
Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым і Яроменкам. Дзень другі
Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Трэці дзень
Cуд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Чацьвёрты дзень
Cуд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Пяты дзень
Cуд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Шосты дзень
Cуд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Сёмы дзень
Cуд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Восьмы дзень

Уладзімер Яроменак

Уладзімер Яроменак
Нарадзіўся ў Мёрах. Паступіў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. На момант арышту быў студэнтам 2 курсу.

Сябра «Маладога Фронту». Удзельнік Плошчы-2010. Затрыманы супрацоўнікамі спэцслужбаў 20 сьнежня 2010 г. пасьля пікету салідарнасьці з палітзьняволенымі насупраць Дома ўраду.

За гэта быў асуджаны на 15 сутак арышту, які ён адбыў у Жодзінскім СІЗА. Па выхадзе адтуль быў выкліканы ў якасьці сьведкі на допыт у КДБ, які скончыўся 7-сутачным арыштам на Акрэсьціна.

28 студзеня арыштаваны ў трэці раз, цяпер ужо як падазраваны па справе аб масавых беспарадках. Знаходзіцца пад вартай у турме КДБ. Абвінавачваецца па крымінальным артыкуле «Масавыя беспарадкі».

Ільля Васілевіч

Ільля Васілевіч
Нарадзіўся ў 1991 годзе Баранавічах.

Паступіў у Менскі палітэхнічны каледж. Выдатна вучыўся, быў старастам групы.

Ільля адседзеў 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня і быў адпушчаны дадому. Яму паведамілі, што адміністрацыя Менскага палітэхнічнага каледжа выключае яго з навучальнай установы.

5 студзеня малады чалавек быў запрошаны ў адміністрацыю каледжа для падпісаньня адпаведных папер, але ў навучальнай установе Ільлю чакалі супрацоўнікі КДБ, якія затрымалі маладога чалавека для правядзеньня сьледчых дзеяньняў па крымінальнай справе.

Алег Гнедчык

Алег Гнедчык
Нарадзіўся ў 1986 годзе. Сябра «Маладога фронту».

У 2003—2005 гг. затрымліваўся праваахоўнымі органамі і караўся адміністратыўнымі арыштамі. У ліпені 2003 г. яшчэ непаўнагадовым быў затрыманы за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў «МФ» у Менску.

У 2006 г. быў асуджаны на 12 сутак арышту за ўдзел у намётавым мястэчку.
Затрыманы 6 студзеня. Да 9 студзеня знаходзіўся пад вартай і быў адпушчаны. 25 сакавіка вылучанае абвінавачваньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Утрымліваецца ў турме на вуліцы Валадарскага.

Фёдар Мірзаянаў

Фёдар Мірзаянаў
Нарадзіўся у 1990 годзе ў Баранавічах. У 2008 г. паступіў на факультэт мэнэджмэнту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «эканамічная кібэрнэтыка».

Падчас выбарчай кампаніі быў у камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука.

Пасьля падзеяў 19 сьнежня адбыў 15 сутак адміністратыўнага арышту ў сьледчым ізалятары Жодзіна.

Пасьля арышту 25 студзеня 2011 г. яму было высунутае абвінавачваньне ва ўдзеле ў масавых быспадарках. Утрымліваецца ў ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.