Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Трэці дзень

абноўлена

29 красавіка суд Партызанскага раёну Менску працягваў разгляд крымінальнай справы супраць удзельнікаў акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году.

17:48
У працэсе абвечшаны перапынак да 10 гадзінаў раніцы 4 траўня.

17:16 Наступны сьведка Юліян Сарачук.

"Гэта была мірная акцыя з патрабаваньнем новых выбараў без Лукашэнкі. Я прыйшоў туды выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю", – кажа сьведка Сарачук.

16:45 Наступны сьведка Андрэй Сталетаў. Ён заявіў, што 19 сьнежня была выключна мірная акцыя.

На плошчы Незалежнасьці сьведка бачыў, як нейкі чалавек з натоўпу крыкнуў «За мной!», «На штурм!» Схапіў сьцяг і пабег. Было бачна што гэты чалавек не з атачэньня кандыдатаў.

Пётар Кучко
16:20
Кучко патлумачыў "Свабодзе", што ў тую ноч яго не затрымалі, бо відаць прынялі за свайго. Ён мог свабодна назіраць пляцоўку пасьля разгону, дзе не было ўзусім ніякіх прадметаў.

Пазьней у фільме «Жалезам па шклу» паказалі, што на гэтай плошчы знаходзіліся нібыта розныя рыдлёўкі, бутэлькі, жалезныя дручкі, каністры за запальнай сумесьсю. Кучка гэта абурыла і таму ён вырашыў гэта абвергнуць на судзе.

Фота Пятра Кучко

Плошча пасьля разгону 19 сьнежня: ні рыдлёвак, ні бутэлек


16:00 Наступная сьведка - Алена Вішнеўская.

Вішнеўская распавяла пра масавае і жорсткае зьбіцьцё спэцназам людзей на Плошчы.

15:57 Судзьдзя адмовіла ў выемцы тэлефону на гэтым этапе суду. Паколькі яшчэ не пачалося вывучэнне рэчавых доказаў па справе.

15:25 Суд пайшоў у дарадчы пакой.

15:26 Мірзаянаў выказаў падзяку Кучку за тое, што сьведка захаваў матэрыялы, якія пацьвярджаюць фальшаваньне справы. Гэта выклікала воплескі ў зале. Судзьдзя папярэдзіла, што можа выгнаць наведнікаў з залі.

Судзьдзя адмовіла ў хадайніцтве далучыць да справы фотаздымкі, бо на іх няма часу.

Адвакаты найстойваюць на тым, што патрэбная выемка фотаапарата для вывучэньня, калі былі створаныя файлы.

14:1015:17 Працэс аднавіўся. Сьведчыць Пётар Кучко. Сьведка Кучко заявіў, што быў на акцыі 19 сьнежня — прыйшоў, каб пачуць выступы кандыдатаў. Акцыя насіла мірны характар. Пра акцыю ён даведаўся з сустрэч з апазыцыйнымі кандыдатамі. Пайшоў адзін. Быў на Кастрычніцкай плошчы а 19-й гадзіне.

"Апазыцыйныя кандыдаты прыйшлі каля 20 гадзінаў. Мітынгоўцам не хапала месца на Плошчы, мітынгоўцам перашкаджала музыка, каток," — кажа сьведка.

Калі людзі выйшлі на праспэкт Незалежнасьці, ім ніхто не перашкаджаў. У часе шэсьця панавала атмасфэра натхненьня і энтузіязму.

Кучко заявіў, што ён заставаўся на плошчы Незалежнасьці пасьля разгону дэманстрацыі. На яго, пажылога чалавека, спэцназаўцы не зьвярнулі ўвагі. Ён заявіў, што на Плошчы пасьля разгону не было ніякіх бутэлект, ледарубаў, каністраў і ўсяго іншага, што потым паказала БТ у фільме "Жалезам па шклу". Сьведка назваў гэты фільм фальшыўкай і заявіў, што ў той вечар пасьля разгону зрабіў мабільным тэлефонам 5 здымкаў плошчы пасьля разгону, на якіх зафіксаваныя калёны міліцыянтаў машына і ня бачна ніякіх прадметаў, якія паказала БТ і пра якія гаворыцца ў матэрыялах справы.

Кучко папрасіў далучыцць гэтыя здымкі да справы. Абвінаваўца выступіў супраць. Адвакаты падтрымалі Кучко.

Судзьдзя высьвятляе падрабязнасьці стварэньня гэтых здымкаў.

Некаторыя ў зале заапладзіравалі ўчынку сьведкі.

Адвакаты і падсудныя азнаёміліся са здымкамі Плошчы, зробленымі Пятром Кучко.

Кучко кажа, што гатовы аддаць фотапарат на экспэртызу. Судзьдзя зьдзіўляецца, як міліцыянты не арыштвалі сьведку ў ноч на 20-е сьнежня.

13:35 Абвешчаны перапынак да 14:00

12:40 Наступны сьведка — юрыст Уладзімер Лабковіч. Лабковіч паведаміў, што прысутнічаў на мірнай акцыі 19 сьнежня ад часу праходу шэсьця ля будынку КДБ да моманту разгону і затрыманьня ўдзельнікаў:

Да акцыі я ведаў, што плянуецца мірны сход з мэтай чакаць вынікі выбарчай кампаніі разам з кандыдатамі і іх даверанымі асобамі. Я як праваабаронца назіраў, наколькі ўладай будзе забясьпечанае права людзей на мірны сход. Я далучыўся да назіраньня шэсьця ў раёне будынку КДБ, людзі ішлі ў тым ліку па праезнай частцы у бок плошчы Незалежнасьці.

Немагчыма было зьмясьціцца толькі на ходніках. Людзі ішлі спакойна, не было ніякіх агрэсіўных лёзунгаў і рэчаў накшталт палак ці ломікаў.

Міліцыя ніяк не перашкаджала шэсьцю і не заклікала спыніцца.

На плошчы Незалежнасьці сьведка чуў выступы некаторых кандыдатаў — Саньнікава, Кастусёва. Саньнікаў сказаў, што мы мірныя людзі, прыйшлі на мірную акцыю, у нас няма даверу да вынікаў выбараў, мы будзем заставацца тут — і заклікаў да парадку і спакою, не паддавацца на правакацыі.

Пачуў звон шкла, азірнуўся, пазьней падышоў да тых, хто біў шкло, там было каля 10 чалавек, абсалютна не знаёмых. Там было 30-40 журналістаў, супрацоўнікі спэцслужбаў. Побач стаялі афіцэры. Мы падышлі да іх, і Гулак у іх спытаў, чаму ж вы ня ўмешваецеся, не наводзіце парадак, бо акцыя мірная, толькі невялікая група грамадзянаў парушае парадак. На гэта тыя адказалі, што яны тут проста стаяць і іх гэта задавальняе, не хвалюе, што яны не зьбіраюцца ўмешвацца ў дзейнасьць гэтых грамадзянаў".

12:05 На працэс трапілі два студэнты БДЭУ з групы Мірзаянава. Яны прыйшлі падтрымаць свайго аднакурсьніка. Вядуць з судовай залі праз мабільны тэлефон свой онлайн-рэпартаж у чаце з аднагрупнікамі, якія засталіся на занятках.

11:43 — 12:35 Наступны сьведка — праваабаронца Алесь Бяляцкі. Бяляцкі дае паказаньні па-беларуску. Бяляцкі расказаў суду, што ведае Саньнікава, але блізкіх адносінаў зь ім ня меў. Кажа, што як праваабаронца сачыў за падзеямі 19 сьнежня, праводзіў маніторынг, прысутнічаў на акцыі ад першай да апошняй хвіліны.

Сьведка паведаміў, што акцыя 19 сьнежня была мірная, праводзілася з мэтай пратэсту супраць парушэньняў выбарчага заканадаўства.

«Тое, што я ўбачыў 19 сьнежня, у тым ліку этап падрыхтоўкі, нічым не адрозьнівалася ад папярэдніх акцыяў, якія я бачыў», — кажа Бяляцкі.

Падпалаў, пагромаў не было, яны і не рыхтаваліся.

Ніякіх падстаў ці фактаў напярэдадні гэтай акцыі не было, каб можна было меркаваць, што гэтая акцыя ня будзе мірнай.

«Мэталічных прутоў, драўляных дручкоў, бутэлек з запальнай сумесьсю і нічога такога не было. Не было і п’яных. Атмасэфра не была нэрвовай, гэта быў мірны сход».

Умоў для акцыі на Кастрычніцкай плошчы не было, бо там гучала музыка так, што не было нічога чуваць, і гэта было зроблена спэцыяльна. Сытуацыя для правядзеньня мітынгу была безнадзейная, людзі прыйшлі паслухаць кандыдатаў, але пачуць там што-небудзь было немагчыма. Апрача таго там быў вялікі каток, людзям не хапала месца. Ніякіх заклікаў з боку праваахоўных органаў пра тое, што што акцыя несанкцыянаваная і патрабаваньняў разысьціся не было.

Бяляцкі кажа, што за выключэньнем правілаў дарожнага руху дэманстранты не рабілі ніякіх правапарушэньняў. Працы вялікіх гандлёвых установаў яны не перашкаджалі — ГУМ і ўнівэрсам «Цэнтральны» працавалі.

«На плошчы Незалежнасьці настрой людзей быў таксама спакойны, ніякіх прадметаў яны ня мелі, праяваў агрэсіі не было», — сьцьвярджае сьведка. Ад выступоўцаў на мітынгу за́клікаў да гвалту, пагромаў, захопу будынка не было. У тым ліку і ад Саньнікава. Дэманстранты выказваліся пра гатоўнасьць да перамоваў з уладамі.

Выступы кандыдатаў на прэзыдэнта насілі мірны характар, да арганіазцыі масавых беспарадкаў яны дачыненьня ня мелі.

Акцыя была слаба арганізаваная. Тым больш там не было нейкіх экстрэмісцкіх групаў, якія рыхтаваліся б да змаганьня зь міліцыяй. Кіраўніцтва міліцыі не ішло на кантакт з дэманстрантамі.

У гэтай сытуацыі паводзіны міліцыі я расцэньваю як абсалютна безадказныя, шмат з таго, што там адбылося ля Дома ўраду, стала магчымым з-за бязьдзейнасьці міліцыі і адсутнасьці ў іх кантакту з дэманстрантамі. Быў бы гэты кантакт, мы б тут не сядзелі.

Сіла супраць дэманстрантаў ужывалася непрапарцыйна. У людзей не было ў руках нічога. Былі моцна зьбітыя дэманстранты. Траўмаваных супрацоўнкаў міліцыі ня бачыў.

«Не было масавых беспарадкаў, чаму вы такія артыкулы пішаце?» — зьвярнуўся сьведка Бяляцкі да абвінаваўцы Загорскага.

Як назіральнік на выбарах Бяляцкі заяўляе, што выбарчая кампанія была несумленнай: фармаваньне выбарчых камісіяў адбывалася суб’ектыўна, прадстаўнкі апазыцыйных кандадатаў і партыяў не ўвайшлі, яны фармаваліся пад дыктоўку ўладаў, былі абмежаваньні ў доступе да СМІ для апазыцыйных кандадатаў, гвалтоўнае датэрміновае галасваньне. Падлік галасоў быў ня бачны — іх проста тасавалі і пісалі, што хацелі. Таму кандыдаты мелі права заявіць пра несправядлівыя выбары.

Судзьдзя спрабуе зьняць пытаньні пра выбары, нібыта яны не адносяцца да справы.

10:10 — 11:40 Першы сьведка — журналіст Алег Грузьдзіловіч. Ён дае паказаньні па-беларуску. Кажа, што ведае двух з абвінавачванных. Саньнікава і Яроменка. 19 сьнежня ён працаваў на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасьці. Кажа, што акцыя была мірная.

Падрабязна апавядае, што адбывалася на Плошчы: пра тое, як пабілі Някляева, што на мітынгу людзі патрабавалі сумленных выбараў. Кажа, што людзі масава выйшлі на праезную частку, бо яны не зьмяшчаліся на плошчы. Ланцуг ДПС на праспэкце быў невялікі, каля 10 чалавек, і не перашкаджаў грамадзянам ісьці.

Падчас шэсьця сьведка ня бачыў парушэньня правапарадку. У выступах на мітынгу гаворка ішла пра палітычнае змаганьне ў рамках закону. Людзі выказваліся за патрэбу вольных і дэмакратычных выбараў. У момант біцьця шкла ля дзьвярэй Дома ўраду там не было людзей з удзельнікаў мітынгу, кажа сьведка — былі тыя, якія неяк раней туды прыйшлі. Спачатку там было 2-3 чалавекі, якія пасьля таго як пабілі шкло, зьніклі.

Дэманстранты заставаліся ля помніка Леніну, дзе быў наладжаны мітынг. А потым пачалі біць шкло другім разам. Гэта былі дзіўныя людзі, якія мэханічна дзяўблі гэтае шкло зь невядомай мэтай, ніяк паміж сабой не перамаўляліся. Потым да іх падышлі сапраўдныя мітынгоўцы, апавядае сьведка. Палітыкі казалі, што гэта правакацыя і ня трэба на яе пададвацца, трэба спыніць парвакацыю. Палітыкі таксама казалі, што неўзабаве пачнуцца перамовы.

Дэманстранты не чынілі супраціву, калі іх адціскалі спэцназаўцы ў першы раз. Пазьней, калі міліцыянты пачалі біць іх дубінкамі, то тыя бараніліся дрэўкамі. Арматуры, ледасекаў, рыдлёвак, каністраў, газавых балёнчыкаў у дэманстрантаў сьведка ня бачыў. Людзі скандавалі «Міліцыя з народам» — гэта быў эмацыйны адказ на тое, што на іх накінуліся міліцыянты, гэта быў заклік не прымяняць сілу, ня біць людзей. Сьведка кажа, што ніхто з палітыкаў не заклікаў прымяняць сілу да супрацоўнікаў міліцыі.

Людзі беглі, ратуючыся, а насустрач ішлі спэцназаўцы і білі ўсіх без разбору. Гэта было масавае зьбіцьцё, тапталі нагамі, асабліва даставалася маладым. Супраціўляцца было немагчыма, кажа сьведка Грузьдзіловіч.

Міліцыя загадзя падрыхтавалася да разгону мітынгу, у цэнтры было шмат аўтобусаў і аўтазакаў, кажа сьведка.

Грузьдзіловіч кажа: некаторых з тых, хто біў шкло, няма сярод падсудных — ні ў гэтым, ні ў іншых судах. З боку кандыдатаў на прэзыдэнта не было заклікаў да гвалту, пагромаў, падпалаў, супраціву міліцыі.

Судзьдзя спытала сьведку, на якія перамовы кандыдаты маглі пайсьці. Той адказаў, што ў кожны выходны, асабліва ў выбары, ва ўстанове знаходзяцца дзяжурныя на ўзроўні віцэ-прэм’ера.

На пытаньне Саньнікава Грузьдзіловіч адказаў, што ня ведаў нічога пра ніякі сумесны плян апазыцыі на Плошчы. Яго і не магло быць, кажа ён. А жорсткі разгон акцыі быў нематываваны, людзі самі б разышліся. Допыт Грузьдзіловіча скончыўся.

10:05 Судзьдзя вырашыла задаволіць хадайніцтва. Будуць дапытаныя тыя сьведкі, якія ўжо зьявіліся ў суд. Частка сьведак ужо прыйшла ў суд.

10:00 Працэс аднавіўся.

Адвакат просіць выклікаць у якасьці сьведкаў:

• журналіста Алега Грузьдзіловіча
• праваабаронцу Алеся Бяляцкага
• праваабаронцу Алега Гулака
• праваабаронцу Алену Танкачову
• юрыста Ўладзімера Лабковіча
• Пятра Кучко
• Алену Вішнеўскую
• Алега Волчака
• Аліну Радачынскую
• Ірыну Мазура
• Паўла Юхневіча
• Ігара Сімбірова
• Віталя Гуляка
• Вольгу Краўчук
• Сьвятлану Барэйчук
• Віктара Пташніка
• Аляксея Шэіна
• Андрэя Сталетава
• Юліяна Сарачука

Усяго 19 чалавек. Паводле адваката, гэтыя сьведкі будуць тлумачыць характар дзеяньняў, падзей на Плошчы, бо былі іх непасрэднымі сьведкамі.

9:58 БРСМаўцы не прызнаюцца, зь якой яны ВНУ ці тэхнікума, кажуць, што прыйшлі, бо ім «цікава папрысутнічаць». Іх пусьцілі ў залю без чаргі пад выглядам родзічаў. З-за гэтага ў залю ледзьве змагла трапіць маці Мірзаянава Людміла.

«Прыміце ад мяне маю пагарду — хай будзе гэта вашай першай узнагародай», — зьвярнуўся да БРСМаўцаў Уладзімер Халіп.


9:55 На суд прыйшоў кіраўнік дяпляматычнай місіі ЗША Майкл Скэнлан. З палітыкаў — Віктар Івашкевіч. З праваабаронцаў — Людміла Гразнова.


9:45 Тры шэрагі ў судовай залі займаюць сябры праўладнай арганізацыі БРСМ. Родныя абвінавачваных абураюцца гэтым. У залі таксама прысутнічаюць дыпляматы і журналісты.

Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым Яроменкам. Першы дзень

Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым Яроменкам. Другі дзень

Суды за Плошчу

Абвінавачаныя па справе:


• Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў
Ільля Васілевіч
Алег Гнедчык
Фёдар Мірзаянаў
Уладзімер Яроменак

Адвакаты:

• Саньнікава — Варвашэвіч Кавалеўская,
• Васілевіча — Белая,
• Мірзаянава, Гнедчыка — Іванова.

Справу разглядае судзьдзя Натальля Чацьвертакова.

Дзяржаўны абвінаваўца — Загорскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG