Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cуд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Сёмы дзень

абноўлена

10 траўня ў Менску ў судзе Партызанскага раёну працягваўся працэс супраць Андрэя Саньнікава, Ільлі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Ўладзімера Яроменка. Судзьдзя Наталля Чацьвертакова.

18:00 У працэсе аб'яўлены перапынак да 10 гадзінаў 11 траўня

17:15
Падсудны Гнедчык пазнаў сябе на відэа. Адвакат зьвяртае ўвагу, што Яроменак паказаны толькі ў натоўпе, як ён нешта б'е, не паказана. Адвакаты зьвяртаюць увагу на тое, што ніхто з праваахоўных органаў не спыняў біцьцё шыбаў, толькі рабілі відэазапіс. Спрабаваў спыніць толькі Рымашэўскі. Саньнікаў паведаміў, што ён прадпрымаў спробы спыніць біцьцё шыбаў, зьвяртаўся праз гукаўзмацняльную апаратуру.

16.25
Саньнікаў імкнуўся прадухіліць біцьцё шыбаў", -- сьведчыць Аскерка. Усе сьведкі з боку абвінавачваньня і абароны, якія зьявіліся, апытаныя. Суд пераходзіць да разгляду відэазапісаў па справе. Тэлевізар павернуты да залі тылам. Відэа могуць бачыць толькі ўдзельнікі працэсу.

16:10
Наступны сьведка Ігар Аскерка. Знаёмы з Саньнікавым з 2001 году. Дапамагаў Саньнікаву як кіроўца.

16:00 Юрына:
"Настрой быў у людзей узьнёслы -- захапленьне, што нас столькі, гэта было адчуваньне сьвята, ніякай агрэсіі, ніякай злосьці". "Калі ўсё скончылася, я аб'ехала Плошчу разоў пяць. Там не было ніякіх каністраў і ледасекаў". "Людзі ішлі на Плошчу без асаблівай мэты, каб выпусьціць пар".

15.45
Наступная сьведка Галіна Юрына. Яна прыйшла зь сіняй стужкай на кофце -- сымбаль кампаніі Саньнікава. Галіна Юрына разам з Саньнікавым была ўдзельніцай стварэньня Хартыі-97. Сябра АГП, удзельніца выбарчых кампаній, у тым ліку – апошняй, была сябрам ініцыятыўнай групы Саньнікава. "Мы прыйшлі сьвяткаваць перамогу, мы ведалі, што Саньнікаў выходзіць у другі тур. Хаця ў той жа час разумелі, што наўрад ці гэта будзе падлічана". "Якія падпалы і пагромы, захоп Дома ўраду? Мы рыхтаваліся да другога тура"."Калі б мы нешта рыхтавалі, то купілі б хаця б вазок для генэратара, а то цягнулі яго на Плошчу на руках".

15:35 Казлоўскі:
"Мы вялі зь Саньнікавым размовы аб тым, што ніякага гвалтоўнага разьвіцьця падзеяў быць ня можа. Ён не заклікаў людзей да гвалтоўнага зьвяржэньня ўлады. Каманда Саньнікава працавала паводле Выбарчага кодэкса". "Яшчэ два генэрала было ў нашай камандзе.Напэўна, калі б мы арганізавалі, то такой правакацыі не стварылі б. Нас вучылі перамагаць. Але не змагацца з ўласным народам. Падстроеная правакацыя арганізаваная крайне няўмела". Адвакат спытаў, калі б перад вамі была пастаўленая задача захапіць Дом ураду, якую тактыку вы б абралі? Судзьдзя зьняла пытаньне

15.25
Наступны сьведка -- былы міністар абароны Павал Казлоўскі. Казлоўскі ведае Саньнікава з 1991 года, разам працавалі ў камісіі па стварэньні Беларускага Войска. Казлоўскі ўзначальваў камісію, а Саньнікаў прадстаўляў у ёй МЗС. Кажа, што з Саньнікавым удзельнічаў у перамовах аб падзеле савецкіх узброеных сіл, аб вывадзе ядзернай зброі: "Саньнікаў -- дасьведчаны спэцыяліст у галіне міжнароднага права, добры перамоўшчык"."Вельмі прыстойны чалавек, яго рэкамэндаваў міністар Краўчанка"."Пасьля 1994 года у нас захаваліся сяброўскія адносіны. Па ягонай рэкамэндацыі я ўвайшоў у Хартыю-97. Саньнікаў бачыць пэрспэктыву для Беларусі ў нармальных адносінах зь іншымі дзяржавамі".
У часе выбараў 2010 года Саньнікаў прапанаваў яму стаць даверанай асобай, і Казлоўскі пагадзіўся, хоць былі прапановы і ад іншых кандыдатаў. "Ён варты быў стаць прэзыдэнтам Беларусі"."Разам з Саньнікавым праехалі амаль усю Беларусь".

15.10
Наступны сьведка -- Ігар Палуян, дырэктар прыватнага прадпрыемства. Ягоная фірма мае два гандлёвых аб'екта на праспэкце Незалежнасьці -- крама па продажу кветак. Увечары 19-га прадаўцы папрасілі зачыніць краму на гадзіну раней, бо па-першае пакупнікоў мала, а па-другое, у 20 гадзін міліцыя ім парэкамэндавала зачыніць. Сьведка кажа, што немагчыма палічыць нейкія страты ці ўпушчаную выгаду. Ды ён і не зьбіраецца гэта рабіць. "У нядзелю і так выручка слабая. Ці была небясьпека, ня ведаю, нічога страшнага ня бачу -- зачынілі, так зачынілі". Ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў супраць іх крамы не было. "Я прывык, што ў Беларусі акцыі апазыцыі праходзяць спакойна".

14.50
Дапытваюць сьведку Паўла Сяргея з Маладэчна. Гэта студэнт, знаёмы з падсудным Яроменкам. 19 сьнежня Сяргей удзельнічаў у шэсьці на Плошчу ад вакзала. Кажа, што прыбыў у Менск 17-га, начаваў у здымнай кватэры, якую знайшлі ягоныя сябры з Маладога фронту. "На Кастрычніцкай плошчы выступалі ў ўсе кандыдаты, апрача Лукашэнкі і Цярэшчанкі", кажа сьведка Сяргей, "Патрабавалі другога туру выбараў".

14.30
З 16 гадзін сьведка Далідовіч зь іншымі спэцназаўцамі сядзелі ў службовым транспарце за Палацам Рэспублікі, у 21 – іх перавезьлі да Чырвонага касьцёла. Пацярпелы кажа, што дэманстранты у спэцназ кідалі сьнежкі, вудамі білі па шлемам, выказваліся. І яго ўдарылі, падняўшы забрала шлема. Давідовіч распавядае, што дэманстранты білі спэцназ чаранкамі ад рыдлёвак і вудзільнамі, кідалі бутэлькі, што аднаму спэцназаўцу-- Скараходу-- разьбілі галаву. Давідовіч кажа, што на Плошчы было 5-6 асоб у дублёнках, якія сталі насупраць іх у шэраг, шчыльна сашчапіўшыся рукамі і паводзілі сябе агрэсіўна.

14.10
Пасяджэньне адноўленае. Працягваецца допыт сьведак. Адвакаты заявілі ў якасьці сведкаў Ігара Аскерку і Паўла Казлоўскага. Судзьдзя задаволіла. Фёдар Мірзаянаў просіць дапусьціць у суд ягоных родных і сяброў. Справа ў тым, што ягоную маці не дапускаюць у залю. Таксама ён просіць дазволіць увайсьці ў суд сябрам, бо нейкія "падонкі" занялі тры шэрагі ў судовай залі. Судзьдзя заявіла, што сябры маюць права прысутнічаць, а маці – не, бо яе выдалілі з суду за рэпліку. Першым дапытваюць пацярпелага спэцназаўца Юрыя Давідовіча.

13.00
Волчак: Лукашэнка для мяне нелегітымны ад 1999 году. Адвакат: калі вы зацікаўлены ў выніках гэтага працэсу, спыніцеся, калі ласка.

Судзьдзя адмовіла ў далучэньні да справы прамежкавай справаздачы АБСЭ, бо гэта не афіцыйны дакумэнт, а здабыты з інтэрнэту.

У працэсе абвешчаны перапынак да 14.10.

12.50
Волчак кажа, што міліцыянты ў момант жорсткага разгону дэманстрацыі маглі нанесьці траўмы і сваім калегам. Людзі не супраціўляліся, трымалі сябе ў руках. Волчак просіць суд далучыць да справы прамежкавую справаздачу АБСЭ аб парушэньнях на выбарах.

12.30
Сьведчыць праваабаронца Алег Волчак. Як былы воін-аўганец, які прайшоў спэцпадрыхтоўку, магу сказаць, што хлопцы, якія білі шкло, рабілі натрэніраваныя ўдары рукамі і нагамі. Я зьвярнуўся да міліцыі, якая здымала на відэа: давайце фіксуйце і затрымлівайце. Мне адказалі: "У вас свая праца, у нас -- свая", і не спынілі біцьцё шыбаў. "У гэты час кандыдаты былі каля помніка Леніну. Я ім сказаў, што там правакацыя і лепей трымацца далей ад дзьвярэй і што трэба зьвяртацца да кіраўніцтва міліцыі". Кандыдаты ў мэгафон заклікалі, каб людзі не падыходзілі да Дома ўраду, кандыдаты таксама зьвярталіся да кіраўніцтва міліцыі, каб тыя навялі парадак. "Там былі 2 нецьвярозыя асобы, якія ўвесь час казалі: "Хадзем браць парлямэнт, што тут разважаць". Але людзі на гэта не паддаліся.

12.15
Наступны сьведка -- праваабаронца Алег Волчак. Сьведка Волчак паведаміў, што вечарам 19 сьнежня быў на Кастрычніцкай плошчы як назіральнік і сябра ініцыятыўнай групы Саньнікава. Сьведка вёў маніторынг падзеяў на Плошчы. "Людзі прыйшлі як на сьвята. Настрой дэманстрантаў быў мірны". "Людзям не хапала месца, яны выштурхоўваліся на праезную частку, бо на Кастрычніцкай плошчы дзейнічаў каток". "Людзі самі рэгулявалі праваадносіны, міліцыі ў часе шэсьця не было. Людзі мірна ішлі". "Наста Палажанка прыбягае і кажа -- "Шкло б'юць. Гэта ня нашыя". Кандыдаты адразу сказалі: усім стаяць на месцы, не падыходзіць, гэта правакацыя".

12.00
Гэта істотная інфармацыя, якая зьяўляецца вынікам працы вядомых экспэртаў, кажа сьведка Танкачова. Абвінавачаныя і адвакаты падтрымліваюць далучэньне дакладу да матэрыялаў справы. Пракурор -- супраць, бо "прававая ацэнка тых падзей уваходзіць у кампэтэнцыю іншых органаў". Тым ня меней судзьдзя задаволіла хадайніцтва сьведкі і далучыла справаздачу праваабаронцаў да матэрыялаў справы.

11.50
"Падзеі 19 сьнежня зьяўляюцца прадметам аналізу юрыстаў і правабаронцаў". У якасьці прыкладу Танкачова прыводзіць нядаўнюю справаздачу Міжнароднай назіральнай місіі пра падзеі 19 сьнежня і просіць далучыць гэты дакумэнт да матэрыялаў справы. "Аналізуючы падзеі 19 сьнежня, экспэрты пагадзіліся, што сход быў мірным. Асобныя грамадзяне выйшлі за рамкі закону і зьдзейсьнілі дзеяньні, якія падлягаюць пэўнай ацэнцы. Але гэта не дае падставаў назваць усе падзеі масавымі беспарадкамі, паколькі ў гэтых падзеях брала ўдзел нязначная колькасьць асоб".

Танкачова цытуе пункт 93 дакладу: "Мірны пратэст на плошчы Незалежнасьці і напад на Дом ураду павінны разглядацца як дзьве асобныя падзеі. Згодна зь сьведчаньнямі, мерапрыемства на плошчы Незалежнасьці было мірным, хоць і недазволеным, мітынгам. Напад на Дом ураду ня быў мірным. Гэта адзіны элемэнт мерапрыемства 19 сьнежня, які мог бы на законных падставах разглядацца як беспарадкі. Аднак невялікая колькасьць асоб, што ўдзельнічалі ў нападзе на Дом ураду, які можна было б прадухіліць, выклікае пытаньні пра тое, наколькі правамерна ўвогуле абвінавачваць каго-колечы ў масавых беспарадках".

11.35
Працягвае свае сьведчаньні праваабаронца Алена Танкачова. "Плошча Незалежнасьці была цалкам запоўненая людзьмі. На мітынгу гаварылі пра перамовы з прадстаўнікамі ўраду -- размова ішла аб спробе звароту да ўлады з мэтай правядзеньня перамоваў. Зьдзіўляла тое, што Дом ураду ня быў ачэплены міліцыяй". "Людзі нэгатыўна рэагавалі, калі невядомыя пачалі біць шыбы Дома ўраду". "Заклікаў міліцыі разысьціся я ня чула". З трыбуны гучала: "Міліцыя з народам, не паддавайцеся на правакацыі, не чыніце супраціву". "Дзеяньні міліцыі былі не скіраваныя на лякалізацыю падзеяў на ганку Дома ўраду, а на здушэньне дэманстрацыі, фізычны гвалт адносна яе ўдзельнікаў".

11.25
Сьведка Танкачова адзначыла, што гук музыкі на Кастрычніцкай плошчы быў настолькі моцны, што кандыдатаў нельга было пачуць і зблізку. Сьведка кажа, што бачыла, як людзі выходзілі на праезную частку. Гэтаму перашкаджаў маленькі ланцуг міліцыі -- міліцыянты стаялі з інтэрвалам у 1 мэтар. Людзі выйшлі на праспэкт , бо далей на плошчы немагчыма было праводзіць мітынг.У момант выхаду грамадзян на праспэкт кандыдаты знаходзіліся каля Палаца культуры прафсаюзаў, у галаве калёны яны не ішлі... Саньнікаў ішоў у сярэдзіне калёны. "Гэта была відавочна мірная акцыя. Без агрэсіі, вельмі акуратная. Калі на ўзроўні КДБ малады чалавек зьняў сьцягі, яго з натоўпу папрасілі спыніць гэта. Людзі былі радыя ўдзельнічаць у мірнай акцыі", -- кажа Танкачова.

"Прадметаў, якія выклікалі б у мяне засьцярогі, у руках людзей я ня бачыла. Не было ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў. Па ходу руху дэманстрацыі не было міліцыянтаў, але і бязь іх рух быў спакойны і акуратны. Людзі ніяк не засьмечвалі вуліцу. Я ня бачыла ніякай агрэсіі ў адносінах да цывільных устаноў".

11.15
Наступны сьведка -- праваабаронца Алена Танкачова. Сьведка Танкачова паведаміла, што 19 сьнежня яна была Кастрычніцкай плошчы, на "мірнай акцыі грамадзян". Там загадзя разьмясьцілі шмат спэцтэхнікі і спэцтранспарту -- машынаў для перавозкі спэцназу і аўтазакаў. А 19 гадзіне мэтро на плошчы было зачыненае, хоць людзей яшчэ не было. Судзьдзя спыніла расповед Танкачовай пра тое, як невядомыя зьбілі Някляева. "У рамках прад'яўленага абвінавачваньня", -- заклікала яна.

11.05
Наступны сьведка -- Ігар Панасік, дырэктар прыватнага прадпрыемства. Панасік кажа, што ў яго здымаў кватэру падсудны Яроменак. Сьведка кажа, што ў сьнежні 2010 году Яроменак зьняў кватэру на месяц для трох чалавек. Пасьля Новага году яму вярнулі ключы.

10.55
Супрацьпраўных дзеяньняў з боку асоб зь ліку дэманстрантаў, якія былі паблізу, сьведка Юрый Кіслоў ня бачыў. Супрацьпраўных заклікаў сьведка таксама ня чуў, у тым ліку да захопу Дома ўраду. У руках мітынгоўцаў сьведка ня бачыў ніякіх мэталічных прутоў ці палак. Агрэсіі падчас шэсьця і мітынгу таксама не назіраў.

10.45
Наступны сьведка -- Кіслоў Юрый, таксама з ГУУС Менску. Кіслоў кажа, што таксама 19-га сьнежня быў у складзе групы агітацыі і прапаганды і працаваў на спэцыялізаванай машыне з гукааўзмацняльнай апаратурай. Стаяў на скрыжаваньні вуліцы Купалы і праспэкта Незалежнасьці. Усіх падзей на Кастрычніцкай плошчы сьведка ня бачыў, пазьней яму загадалі ехаць да плошчы Незалежнасьці, ён ехаў за хвастом калёны дэманстрантаў і чытаў тэкст аб тым, што мітынг забаронены. Агучыў яго 2-3 разы. Прычыны, чаму яму загадалі спыніць папярэджваньне мітынгоўцаў пра тое, што да іх можа быць прымененая сіла, сьведка ня ведае.

10.35
Сьведка Юры Каралькоў, старшы інспэктар ГУУС Менску. Паводле ўказаньня кіраўніцтва сьведка прыбыў на плошчу Незалежнасьці і праз гукаўзмацняльнік агучваў, што мітынг забаронены, просьба разысьціся, іначай будзе ўжытая фізычная сіла. Каралькоў кажа, што прачытаў тэкст 10 разоў, пасьля чаго яму загадалі пакінуць плошчу Незалежнасьці. Калі ён чытаў папярэджаньне, то людзі толькі падыходзілі, калі ад'яжджаў, то нічога ня бачыў, бо лабавое шкло было завешана бела-чырвона-белым сьцягам. Сьведка кажа, што гэтая абвестка агучвалася "максымум" 5 хвілін. Усяго было 2 такія машыны.

10.25
У справе экспэртызы траўмы Кашталанава ёсьць толькі копія выпіскі прыёмнага пакою шпіталя, паведаміла экспэрт. Яна сьцьвярджае, што былі запыты на іншыя дакумэнты і быў выкліканы сам Кашталанаў. Але ані дакумэнтаў не прыслалі, ані Кашталанаў не прыйшоў на экспэртызу. "Мы маем права вывучаць цяжкасьць пашкоджаньняў па мэдычных дакумэнтах. Там была мінімальная інфармацыя. Была зафіксаваная гематома правага бядра", -- патлумачыла экспэрт Вікторыя Маркуш. Хто завяраў копію выпіскі, суд таксама ня вызначыў, там толькі стаіць штамп шпіталя.

10.20
Сёньня першай дапытваецца Маркуш Вікторыя, судова-мэдычны экспэрт. Яе выклікалі на хадайніцтва адваката Галіева. Экспэрта апытваюць наконт экспэртызы пацярпелага Кашталанава, намесьніка камандзіра палка спэцназу.

10.10
Адвакат Саньнікава Варвашэвіч настойвае на выкліку ў якасьці сьведкаў Ірыны Халіп і Зьмітра Бандарэнкі. Чым матываваная адмова? -- пытаецца ён у судзьдзі. У выпадку адмовы выклікаць іх у суд адвакат просіць агучыць ранейшыя паказаньні Бандарэнкі ў судзе. Усе бакі працэсу падтрымалі хадайніцтва адваката Варвашэвіча. Судзьдзя сказала, што адмовіла "на цяперашняй стадыі працэсу", бо і так заяўлена 40 сьведкаў, якія яшчэ не дапытаныя.

10.05
Працэс адноўлены. Сёньня будуць заслуханыя паказаньні сьведкаў. Абарона заявіла хадайніцтва аб выкліку Карзюка, Бандарэнкі і Халіп у якасьці сьведкаў. Судзьдзя адмовіла. Сярод заяўленых на сёньня сьведкаў -- праваабаронцы Алена Танкачова і Алег Волчак.

09.45
У залю суду не пусьцілі маму Фёдара Мірзаянава Людмілу Мірзаянаву і дзядзю Сяргея Аніську. Нагадаем, падчас апошняга паседжаньня Людмілу Мірзаянаву і Сяргея Аніську судзьдзя выдаліла з залі, бо яны гучна абурыліся фальшывымі, на іх думку, сьведчаньнямі спэцназаўцаў.

Суды за Плошчу

Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым і Яроменкам. Дзень першы
Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым і Яроменкам. Дзень другі
Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Трэці дзень
Cуд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Чацьвёрты дзень
Cуд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Пяты дзень
Cуд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Шосты дзень

Уладзімер Яроменак

Уладзімер Яроменак
Нарадзіўся ў Мёрах. Паступіў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. На момант арышту быў студэнтам 2 курсу.

Сябра «Маладога Фронту». Удзельнік Плошчы-2010. Затрыманы супрацоўнікамі спэцслужбаў 20 сьнежня 2010 г. пасьля пікету салідарнасьці з палітзьняволенымі насупраць Дома ўраду.

За гэта быў асуджаны на 15 сутак арышту, які ён адбыў у Жодзінскім СІЗА. Па выхадзе адтуль быў выкліканы ў якасьці сьведкі на допыт у КДБ, які скончыўся 7-сутачным арыштам на Акрэсьціна.

28 студзеня арыштаваны ў трэці раз, цяпер ужо як падазраваны па справе аб масавых беспарадках. Знаходзіцца пад вартай у турме КДБ. Абвінавачваецца па крымінальным артыкуле «Масавыя беспарадкі».

Ільля Васілевіч

Ільля Васілевіч
Нарадзіўся ў 1991 годзе Баранавічах.

Паступіў у Менскі палітэхнічны каледж. Выдатна вучыўся, быў старастам групы.

Ільля адседзеў 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня і быў адпушчаны дадому. Яму паведамілі, што адміністрацыя Менскага палітэхнічнага каледжа выключае яго з навучальнай установы.

5 студзеня малады чалавек быў запрошаны ў адміністрацыю каледжа для падпісаньня адпаведных папер, але ў навучальнай установе Ільлю чакалі супрацоўнікі КДБ, якія затрымалі маладога чалавека для правядзеньня сьледчых дзеяньняў па крымінальнай справе.

Алег Гнедчык

Алег Гнедчык
Нарадзіўся ў 1986 годзе. Сябра «Маладога фронту».

У 2003—2005 гг. затрымліваўся праваахоўнымі органамі і караўся адміністратыўнымі арыштамі. У ліпені 2003 г. яшчэ непаўнагадовым быў затрыманы за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў «МФ» у Менску.

У 2006 г. быў асуджаны на 12 сутак арышту за ўдзел у намётавым мястэчку.
Затрыманы 6 студзеня. Да 9 студзеня знаходзіўся пад вартай і быў адпушчаны. 25 сакавіка вылучанае абвінавачваньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Утрымліваецца ў турме на вуліцы Валадарскага.

Фёдар Мірзаянаў

Фёдар Мірзаянаў
Нарадзіўся у 1990 годзе ў Баранавічах. У 2008 г. паступіў на факультэт мэнэджмэнту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «эканамічная кібэрнэтыка».

Падчас выбарчай кампаніі быў у камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука.

Пасьля падзеяў 19 сьнежня адбыў 15 сутак адміністратыўнага арышту ў сьледчым ізалятары Жодзіна.

Пасьля арышту 25 студзеня 2011 г. яму было высунутае абвінавачваньне ва ўдзеле ў масавых быспадарках. Утрымліваецца ў ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG