Фэрмэраў у Беларусі становіцца менш

Дваццаць гадоў таму ў Беларусі былі зарэгістраваны першыя фэрмэрскія гаспадаркі. Усяго за мінулы час іх было створана больш як шэсьць тысяч, але на цяперашні час ацалелі толькі дзьве тысячы.

Пра тое, у якіх умовах даводзіцца працаваць беларускім фэрмэрам сёньня, даведваліся рэгіянальныя карэспандэнты “Свабоды”.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


У юбілейны год фэрмэры атрымалі найменшыя крэдыты

Сёньня ў Гомелі старшыня рэгіянальнай асацыяцыі фэрмэраў Міхаіл Байда ладзіў прэсавую канфэрэнцыю з нагоды 20-х угодкаў пачатку фэрмэрскага руху.

Зараз у рэгіёне налічваецца 261 фэрмэрская гаспадарка — на 169 меней, чым было ў 96-м годзе. Паводле спадара Байды, фэрмэрства ў краіне, па сутнасьці, не падтрымліваецца:

Міхаіл Байда
“І што асабліва выклікае заклапочанасьць: не працуе, як належыць, артыкул 3 закону пра дзяржаўную падтрымку сялянскіх (фэрмэрскіх) гаспадарак і 25-ы артыкул, паводле якога фэрмэры маюць права атрымліваць ільготныя крэдыты. Чацьвёрты год, як дзейнічае новы закон, а мы праз банк, як належыць паводле закону, крэдытаў не атрымлівалі ні разу”.

Фэрмэры валодаюць толькі адным працэнтам сельгасугодзьдзяў

Суразмоўца ўдакладніў, што сёлета з заплянаваных 122 мільёнаў рублёў Мінфін адшкадаваў на фэрмэраў рэгіёна толькі 7 мільёнаў.

Фэрмэрка Валянціна Крупенка са Сьветлагорскага раёну кажа, што ў мясцовых уладаў нават сьпісаную тэхніку цяжка атрымаць:

“Мы нагледзелі камбайн, паехалі ў адзін калгас, другі, але там — адны калёсы. У спэцаўтапрадпрыемстве нафтавікоў у нас ёсьць камбайн — яму 10 гадоў, ён на хаду. Я падала заяву ў аб’яднаньне “Беларуснафта”, у канцэрн іхні ў Менск. Напісала, што ёсьць закон — прадайце мне, калі ласка, па рэшткавым кошце. Яны зачынілі камбайн у бокс — не парэзалі на мэталалом, а толькі зачынілі. Але не прадаюць, хаця ён на полі не працуе”.

Цяпер фэрмэры на Гомельшчыне валодаюць толькі адным працэнтам зямлі, якая ёсьць у рэгіёне. Тым ня менш фэрмэры вырошчваюць каля 10 працэнтаў прадукцыі расьлінаводства, у тым ліку 9% — бульбы, 15% — гародніны.





МАГІЛЁЎ


У фэрмэраў сёлета нізкія прыбыткі

На нізкія закупныя цэны й няплатаздольнасьць спажыўцоў скардзяцца фэрмэры Магілёўшчыны.

У фэрмэра са Шклоўшчыны Ўладзімера шматпрофільная гаспадарка. Фэрмэрствам ён займаецца ад 1993 году. Крызіс моцна ўдарыў па даходах яго гаспадаркі:

“У прынцыпе з 1993 году ў мяне не было такога цяжкога становішча. Неразьлікі ідуць, то бок бюджэт голы. Шмат якія бюджэтныя арганізацыі завінаваціліся. Зерне шмат каму патрэбна, але грошай на сёньняшні дзень ні ў кога няма. Нават у комплексаў буйных. Сёлета неяк лягчэй было — былі запасы. Многія былі вінаватыя. Паступова праз суд вярталі, разьлічваліся. А наступны год — я ня ведаю, запасаў няма”.

“Нават у Расеі бульба сёлета таньней”

Арганізацыі купляюць сёлета фуражную пшаніцу па леташніх цэнах — гэта 284 тысячы рублёў за тону. Каб яе прадаць, многія заніжаюць
Бульбу ў Расею, як раней, ня возяць, бо нявыгадна. Там цэны ніжэйшыя за беларускія.
кошты. Асабіста спадар Уладзімер прадае на дзесяць працэнтаў таньней на птушкафабрыку. Бульбу ў Расею, як раней, ня возяць, бо нявыгадна, кажа ён. Там цэны ніжэйшыя за беларускія.

Гаспадарка фэрмэра з Бабруйскага раёну Ўладзімера Сямашкі з-за невысокіх закупных цэнаў таксама нясе адчувальныя страты.

“Мы цэлы год вырошчвалі зерне, бульбу, а цэны засталіся леташнія. І даляр на дваццаць працэнтаў вырас. Паліва, хімікаты, угнаеньні — усё падаражэла. За зерне нам плацілі па цэнах 2008 году. Гэта працэнтаў на сорак пяць меншы даход мы атрымалі, чым чакалі”.

Фэрмэра крыўдзяць за палітычныя погляды

Дваццацігодзьдзе беларускага фэрмэрства Ўладзімер Сямашка адзначае на бульбяным полі.

“Я яшчэ капаю бульбу. Дзякуй такой уладзе. Яна заключыла са мной дзяржаўны кантракт на здачу зерня, а саляркі мяне пазбавілі”.

Паводле фэрмэра, дапамагчы з бульбай яму абяцаў адзін зь перадавых калгасаў раёну, аднак перад самай уборкай адмовіўся.

“Мы дамовіліся, што яны выкапаюць сваю бульбу й мне дапамогуць. Яны выкапалі й катэгарычна адмовіліся мне дапамагаць. Гэта ўсё было не дарма. Яны мне два гады дапамагалі. Я зь імі разьлічваўся цалкам. Відаць, вонкавыя сілы паўплывалі й нехта ім патэлефанаваў, каб мне не дапамагалі. Я так мяркую”.

Уладзімер Сямашка — удзельнік апошняй выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. У сваёй праграме кандыдат рэзка крытыкаваў палітыку дзяржавы ў сельскай гаспадарцы.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


З фэрмэрамі не разьлічваюцца дзяржаўныя прадпрыемствы

За мінулыя 20 гадоў фэрмэрства ня стала на Гарадзеншчыне масавай зьявай. Па-ранейшаму аснову сельскай гаспадаркі складаюць
За 15 гадоў фэрмэрства вялікіх зрухаў да лепшага не было.
буйнатаварныя гаспадаркі.

Фэрмэр са Слонімскага раёну спадар Васіль ужо 15 гадоў працуе на сябе. Ён мае 50 гектараў зямлі і пераважна вырошчвае збожжа.

На жыцьцё ня скардзіцца, але ў той самы час адзначае, што за 15 гадоў фэрмэрства вялікіх зрухаў да лепшага не было:

“Вось зараз здаў на камбікормавы завод 70 тон ячменю і не атрымаў ні капейкі грошай. Там кажуць — у нас няма грошай. А ў мяне яшчэ каля 30 тон пшаніцы гатунку “трытыкале” ляжыць...”

Фэрмэр з Воранаўскага раёну спадар Вацлаў таксама вырошчвае зерневыя, мае звыш 50 гектараў зямлі. Кажа, што спадзявацца заўсёды варта толькі на сябе:

“Самая асноўная праблема — гэта навучыцца прадаваць сваю прадукцыю. Я калі браў зямлю, мне здавалася так, што рабіць на зямлі ўмею, цяжкасьцяў працы не баюся і ўсё ў мяне атрымаецца. А прадаць? Аказалася, што 90% усяго — гэта прадаць вырашчаную прадукцыю. А на зямлі атрымаць вырашчаны ўраджай — гэта хутка”.

У крызіс фэрмэры не вырошчваць гародніну

Яшчэ на адной агульнай праблеме для фэрмэраў, асабліва ў крызісны час, акцэнтуе ўвагу спадар Вацлаў:

“У мінулыя гады я займаўся яшчэ вырошчваньнем морквы, капусты, але гэта вельмі нявыгадная справа. Занятак вельмі працаёмкі, а прыбытак — зусім малы”.

Пытаюся ў спадара Васіля — чаму за 20 гадоў, на ягоную думку, фэрмэрства ня стала масавай зьявай на Гарадзеншчыне і наагул у Беларусі? Ён адказвае:

“Таму што ўмовы такія — даюць самую горшую зямлю. Вось мне што давалі — пра гэта нават не расказаць. З усяго, што далі, прыдатнай зямлі было толькі 4 гектары, астатняе — усё ў кустоўі. Я ўсе гэтыя карчы выдраў, паліў, вывозіў недзе 600 прычэпаў — вось так было. Я ім тады казаў, што праз 10—15 гадоў будзеце даваць нармальную зямлю, але ўжо ня будзе каму яе браць”.

Абодва мае суразмоўцы разумеюць перавагу буйнатаварнай вытворчасьці над дробнай фэрмэрскай, але крытычна ставяцца да існуючых СПК. Вось, што кажа спадар Вацлаў:
У фэрмэрскай гаспадарцы трэба ўкладваць душу ў зямлю, трэба працаваць так, каб гэтая зямля табе аддзячыла.


“У калгасе адпрацаваў свае гадзіны добра ці дрэнна і пайшоў дадому. А ў фэрмэрскай гаспадарцы трэба ўкладваць душу ў зямлю, трэба працаваць так, каб гэтая зямля табе аддзячыла”.

ВІЦЕБШЧЫНА


Яшчэ 12 гаспадароў кідаюць фэрмэрства на Аршаншчыне

Колькасьць фэрмэраў на Віцебшчыне даўно ўжо не павялічваецца.

Да прыкладу, у такім пераважна сельскагаспадарчым рэгіёне, як Шаркоўшчынскі, год таму было зарэгістравана 34 фэрмэрскія гаспадаркі. Сёньня іх як мінімум на дзясятак меней, кажа Ада Райчонак зь вёскі Германавічы:

“Фэрмэрства ў Беларусі не ў пашане”

“Ужо пакідалі ўсе! Учора была на кірмашы, бачыла знаёмага, які сьвіней хацеў гадаваць. Дык казаў, што кінуў усё тое фэрмэрства і гандлюе на кірмашы прадуктамі. Фэрмэрства ж у нас не ў пашане! На паліва кошты растуць, на запчасткі цэны растуць, а на сельгаспрадукцыю цэны не растуць… Што зарабіў, тое зноў у зямлю й закапаў! У нас во дагэтуль ляжыць зерне — нікуды ня можам здаць. А за тое, што даўней здалі, грошы атрымаць ніяк ня можам. Я й кажу: каб ня пэнсія, то ня выжылі б нізавошта!”

Спадарыня Ада цяпер пэнсіянэрка. А фэрмэрскую гаспадарку яны з мужам завялі больш за 15 год таму — былі ці ня першымі фэрмэрамі ў раёне.

Скаргі на нявыплаты з боку дзяржаўных прадпрыемстваў, на высокія падаткі, на дарагія паліва і тэхніку тыповыя — іх можна пачуць, бадай, у кожнай фэрмэрскай гаспадарцы. Таму людзі адмаўляюцца ад фэрмэрства.

Сярэдні тэрмін існаваньня фэрмэрскай гаспадаркі — тры гады

У Аршанскім раёне сярэдні тэрмін існаваньня фэрмэрскай гаспадаркі складае тры гады — пакуль ёсьць ільготы і няма падаткаабкладаньня. Потым многія ці мяняюць свой статус на прадпрымальніцкі, ці ўвогуле ліквідуюцца.

Але ёсьць яшчэ й трэці шлях: пераход на так званае “дзікае фэрмэрства”, як называе гэтую зьяву жыхарка вёскі Ларынаўкі спадарыня Ганна:

“Яны калупаюцца, але не рэгіструюцца ў якасьці фэрмэраў, а па статусе “сялянская гаспадарка” ідуць. І дужа не афішуюць, што робяць, прытойваюцца. У нас у Ларынаўцы так гадуюць сьвіней — і прадаюць, і збыт знаходзяць. А ў Пішчалаве ёсьць такі “дзікі фэрмэр”, дык у яго больш за 20 кароў, прычым такіх, дужа малочных. І цялушак ён прадае. У яго ўсё добра, ён цьвіце й пахне, як кажуць. Але мне заявіў: “Я баюся рэгістравацца ў якасьці фэрмэра”.

Цяпер на Аршаншчыне зарэгістравана 27 фэрмэрскіх гаспадарак. Але 12 фэрмэраў ужо паклалі заявы на выхад з гэтага свайго статусу.