МАГІЛЁЎШЧЫНА
На жніве гінуць людзі
На Магілёўшчыне жніво не абыйшлося без трагічных здарэньняў. Так, за апошні тыдзень у Горацкім раёне загінуў мэханізатар, а камбайнэру з Чавускага раёну ампутавалі нагу. Падрабязнасьці — у Андрэя Белагубава.
Трагедыя ў Чавускім раёне адбылася пры канцы мінулага тыдня. 48-гадовы мэханізатар сельгаспрадпрыемства “Галавенчыцы” сам спрабаваў адрамантаваць у полі камбайн. Здарэньне кіраўніцтва калгасу камэнтуе зь неахвотай:
“Мяне на полі не было. Мне патэлефанавалі й паведамілі. Ды ён цьвярозы быў. Гэта справа выпадку”, — паведаміў кіраўнік сельгаскаапэратыву “Галавенчыцы”.
Камбайн, які пакалечыў мэханізатара, быў куплены сёлета
З афіцыйных крыніцаў вядома, што ў машыне забілася прыёмная камэра і камбайнэр сам спрабаваў яе ачысьціць. Спынены на час рамонту камбайн нечакана сам запусьціўся, і ротар прыёмнай камэры пашкодзіў чалавеку нагу.
Камбайн гаспадарка купіла сёлета. Пасьля здарэньня яго аплямбавалі.
На Магілёўшчыне жніво не абыйшлося без трагічных здарэньняў.
“Будзе прызначана правядзеньне тэхнічнай экспэртызы аб спраўнасьці дадзенага камбайна. Там, па-мойму КЗС-12. Гэта камбайн, які толькі сёлета запушчаны ў вытворчасьць. Заключэньня санэкспэртызы ў нас пакуль няма, таму мы ня можам сьцьвярджаць, ці знаходзіўся ён у стане алькагольнага ап’яненьня”, — паведаміў супрацоўнік абласной інспэкцыі працы.
У час жніва дысцыплінарныя пакараньні атрымалі 18 нецьвярозых мэханізатараў
Нездарма і кіраўнік калгасу, і інспэктар у сваіх камэнтарах акцэнтуюць увагу на алькагольным складніку стану пацярпелага камбайнэра. З афіцыйных крыніцаў вядома, што за час жніва да адміністрацыйнай адказнасьці за кіраваньне сельскагаспадарчай тэхнікай было прыцягнута ўжо 18 чалавек.
Што робіцца дзеля прадухіленьня трагічных выпадкаў на жніве:
“Праводзяцца рэйдавыя праверкі — і апэратыўныя, і мэтавыя. Бываюць і злосныя парушальнікі, якія прыцягваюцца да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасьці”.
Эканаміст Андрэй Юркоў лічыць п’янства галоўнай прычынай траўматызму ў ходзе жніва:
“З п’янкай пачалі змагацца год-два апошніх. Зьявіліся тэсты хуткія на ўтрыманьне алькаголю. Але рэальна з гэтым змагацца вельмі цяжка, бо лета — гарачая пара, патрэбна значна болей людзей для таго, каб справіцца з усімі сельскагаспадарчымі працамі. Даводзіцца людзей прасіць. Дык чаму ім ня выпіць? Ты іх і так упрошваеш. Я сумняваюся ў хібах тэхнікі. Тут, хутчэй за ўсё, безадказнасьць нашых людзей — маецца на ўвазе выкананьне тэхнікі бясьпекі”.
Мэханізатар у горацкім калгасе імя Калініна загінуў, калі ўшчыльняў трактарам сянажную масу. Мэханізатар ня справіўся з кіраваньнем машынаю, тая перакулілася й задушыла яго. Гэтае здарэньне адказныя асобы наагул адмаўляюцца камэнтаваць. Абставіны высьвятляюць пракуратура й інспэкцыя аховы працы.
Зерне ўжо прарастае ў коласе
Дажджлівае лета кепска паўплывала на якасьць збожжа.
Паведаміў загадчык аддзелу Беларускага навукова-практычнага цэнтру земляробства Нацыянальнай акадэміі навук Канстанцін Шашко:
Праблемы цяпер вельмі вялікія.
“У нас цяпер увайшло ў звычай крычаць: “Ура-ура!”. Затое зусім мала гаворым пра небясьпеку. А сытуацыя на сёньня такая, што неабмалочанае зерне прарастае ў коласе. І супрацьпаставіць гэтаму можна толькі вельмі добрую арганізацыю працы на жніве і дапрацоўцы гэтага зерня. Таму праблемы цяпер вельмі вялікія”.
ГОМЕЛЬШЧЫНА
На Гомельшчыне некаторыя вярнуліся да дзедаўскіх спосабаў жніва і косяць збожжа уручную.
Гэта можна ўбачыць у вёсцы Стаўбун Веткаўскага раёну. Авёс, ячмень, жыта там косяць уручную, а пасьля ўкладваюць збажыну на асфальт. Праежджыя трактары ды грузавікі коламі абмалочваюць збожжа.
Вуліца Варашылава ў Стаўбуне заслана залацістым аўсом. Толькі што па ім прамчаўся грузавік. Бабуля Марыя, якая дапамагае дачцэ, падымае салому. На асфальце ляжыць абабітае зерне:
“О-о, як жа гэта не змалоціцца! Авёс, ячмень — гэта папросту. Во бобкі дзе! Зараз салому падбяром, а бобкі ў мяшок — і ўсё. Абмалацілі! Добра й танна. Камбайн не даюць — лепей, канечне, камбайнам. Апрача таго, няма грошай заплаціць за камбайн — ледзь не чатыры тысячы за сотку”.
“У нас няма грошай, каб заплаціць за калгасны камбайн”
Гаспадыня “залацістага дабра” спадарыня Валянціна не такая гаваркая, як маці. Яна шоргае па асфальце граблямі — зграбае авёс у кучкі. За ёй асфальт начыста вымятаюць мётламі:
“Ведаеце што, гэта самыя гаротныя людзі, самыя пакутнікі так робяць. Гэта нязручна, але ж грошай няма ў нас на той камбайн”.
Сьвежаскошаным аўсом заслана й вуліца Леніна. Спадар Уладзімер кажа, што пры такім спосабе абмалоту ўдаецца сабраць ня больш за 80 адсоткаў вырашчанага збожжа:
“Працэнтаў восемдзесят. Астатняе — курам, мышам”.
Вясковая кабета Ганна кажа, што саўгаснай тэхнікі мала хто чакае, бо людзям яе даюць не раней, чым зьбяруць ураджай са сваіх палеткаў:
“Сваё ўсё ўбяруць, а ўжо тады даюць людзям”.
Дамалот каровамі
Беларусам дапамагаюць расейцы-прыватнікі
Пакуль кіраўніцтва гаспадарак ігнаруе патрэбы простых вяскоўцаў, у Веткаўскі раён на дапамогу прыйшлі расейцы-прыватнікі, якія маюць уласныя камбайны:
Удаецца сабраць ня больш за 80 адсоткаў вырашчанага збожжа.
“З Расеі прыяжджаў, з суседняй Няглюбкі. Сваімі камбайнамі прыедуць і малоцяць. Нам выгадна — нявыгадна, а калі пасеяў, то трэба ж абмалаціць”.
У Неглюбцы, дзе бацька й сын Васіль і Аляксандар Батуры дапамагаюць вяскоўцам малаціць збажыну на прыватных дзялках, зараз на асфальце часьцей толькі сушаць і авёс, і жыта. На саўгас “Дружба” тут ужо ніхто спадзеву ня мае.
Камбайн Батураў
Гэтак сьцьвярджае і пэнсіянэр Віктар:
“Ні камбайн, ні трактар — нічога не дае. Вось трактар, напрыклад, каб скасіць. Толькі прыватнікі выручаюць. Ніякай дапамогі ад саўгасу няма — ні пэнсіянэрам, ні каму-кольвечы іншаму. Нават працуючым. На камбайне чалавек жне, а сваё скасіць ня можа — не дае дырэктар”.
ГАРАДЗЕНШЧЫНА
“Зерне прыбралі, але куды яго прадаць?”
Фэрмэры Гарадзеншчыны заяўляюць, што маюць цяпер істотную праблему з продажам новага ўраджаю. Прычыны высьвятляў Міхал Карневіч.
Фэрмэр Канстанцін Бах зь вёскі Астапаўшчына Бераставіцкага раёну ўраджай ужо прыбраў. Кажа, што сёлета ня горш, чым летась, аднак асаблівага настрою ў яго няма. Здаў піваварны ячмень на соладавы завод у Янава Берасьцейскай вобласьці, а грошай атрымаць ня можа.
Бах: “Пакуль нічога ня плацяць, з грашыма праблемы ў “Белсолада” зь Янава. Ды ва ўсіх сёлета праблемы з разьлікамі”.
Спадар Канстанцін кажа, што яшчэ ня здаў пшаніцу, але ведае, што і Лідзкае прадпрыемства “Лідахлебапрадукт” таксама дрэнна разьлічваецца з пастаўшчыкамі зерня.
“Няма разьлікаў. Яшчэ за мінулы год мне павінны больш як 10 мільёнаў рублёў”.
Спадар Канстанцін зь вёскі Малая Бераставіца мае ўласны зернеўборачны камбайн. Малаціць сваю збажыну скончыў яшчэ 7 жніўня. Пасьля некалькі дзён дапамагаў аднавяскоўцам, а вось у калгас яго не запрашаюць.
Са словаў майго суразмоўцы, ён здаў каля 200 тон збожжа на Айцоўскі сьпіртзавод у Слонімскім раёне. Аднак цяпер яго хвалюе, як атрымаць грошы. Кажа, што летась даводзілася выбіваць грошы за зерне з дапамогай Дзяржкантролю.
Спадар: “Так, разьлікаў няма. Я і рапс здаў, а нават паловы не аплацілі, а Айцова наагул нічога не пералічыла. Яны яшчэ за мінулы год мне павінны 10 мільёнаў 700 тысяч рублёў”.
Карэспандэнт: “І што вы зьбіраецеся рабіць у такой сытуацыі?”
Ураджай фэрмэраў сёлета ня ўключаны нават у дзяржзаказ
Спадар: “А што рабіць? Буду плакаць. Тэлефануеш да іх, тэлефануеш кожны дзень, то от 2 мільёны кінуць. А былі наагул мне вінаватыя 37 мільёнаў”.
Карэспандэнт: “А сёлета колькі яны вам вінныя?”
Спадар: “Ну вось лічыце: 200 тон зерня прадаў па 330 тысяч рублёў. Вось колькі яны вінаватыя”.
Куды хочаш, туды і дзявай зерне.
Фэрмэр з Жэмыслаўля Івейскага раёну Алег Перхальскі паведамляе, што прыбраў яшчэ ня ўсё зерне, бо мае стары камбайн. Ураджай сыпле ў свой склад, але дагэтуль ня ведае, калі і куды яго будзе збываць.
Перхальскі: “Раней здавалі, а сёлета Лідзкі хлебакамбінат адмовіўся ў нас браць. Нас наагул не ўключылі ні ў якія дзяржзаказы: хочаш — еж, а хочаш — выкідай. Мне хлебакамбінат вінен 9 мільёнаў, але ня плаціць. Нават СПК калі здаюць, то ад іх бяруць толькі дзяржзаказ і болей ні кіляграма. Карацей, куды хочаш, туды і дзявай зерне”.