Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Малыя Канюшаны-Янцавічы-Яўсеевічы: “Малая Радзіма — Вялікі Боль”


Новая перадача сэрыі Падарожжы “Свабоды”. Эфір 5 лістапада

...У лясную вёску Бахматы, што на Лідчыне, не заяжджаў. Даведаўся, што там практычна нікога не засталося. І 5 год таму знайшоў там усяго які дзясятак бабулек за 70, што ўзімку цягнуліся 3 км па сумётах да шашы, дзе спынялася аўталаўка з хлебам. Крочу далей па лясной, з калдобінамі, дарожцы, аж пакуль за раптоўна ўзьніклым агромністым кар'ерам не вырастаюць прыткнутыя адна да адной хаты Малых Канюшанаў. Пажылы мужык, што стрэўся, коратка кінуў:

Спадар: “Тры мужчыны на ўсю вёску, старыя ўжо зусім, і 20 бабаў — па адной у кожнай хаце. За 10 год нікога ня будзе…”

Першыя дамы закалочаныя альбо на замках. Але вось па падворку праклыпала сагнутая бабулька. Супакойваю цётку Соф'ю Гурэнду — яна адна, і ёй 82. У хаце са сьлязьмі па зморшчынах расказвае пра галоўную хатнюю бядоту:

Гурэнда:
“Грошы ўзяў, а печ зрабіў на зьдзек — дзе ж яна абагрэе?! (Плача.) Во брыкету вядро, бярэмя дроваў спалю і маленькія саганчыкі не звару. І дзе ж яна ўцепліць, калі цэлы мэтар ад агню да сагана?! 200 тысяч заплаціла, 400 пэнсіі маю, як падбавілі. Каровы даіла, сьвіньні карміла. Аўталаўка прыяжджае, але да яе мала іду, бо захварэла. Мужык быў удзельнік вайны, мне была палова ільготаў, але цяпер зрэзалі, міленькі, ільготы, і ніхто мяне не глядзіць. Парасяткаў двох, але не ядуць — зарэжам. Хужай, ня дай божа, з такім жыцьцём. Хай жа Лукашэнка б гэты глядзеў — мужык у вайну ногі страціў! Раней і саломы прывязуць, а цяпер дроў у кар'еры вазьму на плечы, цягну і сама сяку. (Гаўкае сабака.) Раней поўна вёска — 200, можа, было. А засталося — во сусед засуджаны быў на 27 год, такі подлы — сабака яго 9 курэй зьеў. Кажу, Міша, збудзьце яе, платы ж паразвальваліся. Прадсядацель жа не прыедзе — як хочаш, так і жыві…” (Плача.)

Маладжавая 45-гадовая спадарыня Крайнік 11 год як прыехала з мужам з Расеі — даглядаць яго нямоглую маці. Пакуль была школа, Зоя працавала там кухаркаю. Цяпер 3 гады як беспасьпяхова зарэгістраваная на біржы працы ў Лідзе. Дарэчы, на перарэгістрацыю не заўжды пасьпявае — аўтобусы не даходзяць.

Зоя:
“Чалавек каля 20. У 10 разоў людзей меней стала — канечне, выміраючая вёска. Людзі дурэюць. Раней было больш сяброўства, а цяпер во пілі, дэбашырылі — усё о’key. А ідзеш, заўважаеш усё — праходзіш, каб не наплявалі ў душу. А я раней ціснула гэта ўсё — правільная занадта. Тут на нас міліцыю выклікалі, што маці зьбівалі — яна пасьля інсульту так можа і сказаць, бо псыхічна хворая. Прыяжджала начальства — паглядзелі, мы нармальныя. Я мужу кажу: “Міша, давай зьяжджаць адсюль”. А ён — “Зоя, за душой ні капейкі”. Працаваў лесьніком — мала, сышоў. У лес ходзім грыбы зьбіраць, за тое і жывем. 400—300 меў, а мы за сэзон па 2 мільёны на ягадзе зарабілі. А гэта ўсё піліць мяне, 160 тысяч пэнсіі прапала — прыходзяць выпівохі, а яна адмовіць ня можа...”

Бабця: “Лянуюцца, ня хочуць рабіць!”

Зоя: “Рабіць можна было б! Зьехалі б, а яна — “ я ўсё заганю!” Проста шкада — прападзе. А фэрму закрылі, паблізу нідзе няма...”

Найбольш аўтарытэтная сярод вясковых цётка Ніна Рыхліцкая даяркай адпрацавала ў калгасе, калі тут быў, 43 гады. Зьнешне яшчэ трымаецца ды духарыцца.

Рыхліцкая:
“На працу на ровары езьдзіла, то яшчэ 10 год прарабіла на пэнсіі. Год 10 — і фэрму закрылі, школу з-за недахопу дзяцей. Мала плацілі, адны мае дзеці засталіся ў вёсках. Вёска цёмная, замкнёная, як у куце. І горад далёка, вакол лясы — невыгодна нешта будаваць. Так і засталіся — уміраюць людзі. Мы тут апошнія тры жанчыны з 42 году, астатнім за 70. У гаспадарцы сьвіньні, куры. А кароў кожны дзень па тры разы ў хляве не закрыеш — няма сіл. Ніводнай каровы няма ў вёсцы — толькі ў фэрмэра. А мы ў яго працуем — два тыдні капалі бульбу ў яго. Па 20 тысяч плаціць у суткі — 2 праходы па 70 мэтраў, нас устройвае. Буракі выбіралі — ён нас запрашае…”

Адзіны фэрмэр, як нядаўна прыехаў, — Эдуард Ёсіфавіч Міцкевіч. Завуць тут яго няйнакш як па бацьку — Ёсіфавіч. Хата ягоная побач. На даху адзіная ў Малых Канюшанах спадарожнікавая антэна, трактар ды камбайн на двары. Гаспадара не засталі — днямі лётае па справах. Але цётка Ніна на пахвалы яму не скупілася:

Рыхліцкая: “А ён загарэ, выгане бульбу, абробіць ад пустазельля. Пакуль фэрмэр будзе, Малыя Канюшаны будуць, бо ад калгаса, Лукашэнкі нічога ня маем. Трактароў няма, дык да яго. Ён мне сын, а ўсё роўна яго Ёсіфавіч заву. Ён як бацька наш — за Лукашэнку…”

* * *

У супрацьлеглы бок ад Ліды “рафік” давёз толькі да Крупава — самай буйной вёскі перад “кінутымі” Яўсеевічамі. Да апошніх пехатой 8 км. Акурат на паўдарозе — засьценак Янцавічы. Казалі, раней было 16 хатаў, цяпер не набярэцца й столькі жыхароў. У 77-гадовай цёткі Гэлены Бірук радасьць — пагасьцяваць ды дапамагчы дабралася з гораду дачка Ірына. Звычайна ж у жыцьці, кажа, не да весялосьці…

Бірук: “Крамы няма, пэнсіі не хапае, хоць даяркай працавала. А колькі даюць, не скажу — яшчэ адбераце (сьмяецца). А соткі дадуць — за іх трэба болей плаціць, чым накапаем бульбы. А няма нікога — хіба прыватнік дорага пагарэ. Конь адзін на фэрме — хіба ўсіх абслугуе? Садзіць хочам, але няма чым. Для кароваў няма палеткаў — не выдзяляюць. А я ўжо не хачу яе. Кінула 2 гады таму. Як перш, дадуць трактар, барознаў нарэжуць. А зьнікла ўсё 6 год, як і калгас. Ай, цяпер не цікавімся нічым, акрамя пэнсіі. Цяпер дактароў няма, укол няма каму даць. Захварэў — у Дзітву ня йдзе нічога, палячыцца няма дзе. А “хуткая” далёка — дзе наезьдзіць? А цёткі ходзяць з каламі, баяцца, каб хто не задушыў ноччу. Янцавічы год пяць пратрымаюцца, больш ня будзе…”

Убачыўшы Яўсеевічы, паскорыў крокі — вятрыла. Вёска пры камуністых уваходзіла ў саўгас Леніна, цяпер падсобная гаспадарка птушкафабрыкі, для якой яна, як тут сьцьвярджаюць, “адрэзаная луста”. Да памянёнай Дзітвы, дзе ФАП ды сельсавет, дзясятак кілямэтраў. Ля зачыненай 6 год школы “рафік” ды малады хлапец, што чыніць плот насупраць. Знаёмлюся з 25-гадовым Сашам Ганевічам, сынам экс-дырэктара ды двойчы дэпутата пасялковага савету. Саша тут прапісаны, але рэдка бывае на малой радзіме — дальнабойшчык, робіць у Калінінградзе. Тлумачыць свой выбар:

Саша: “Устройвае — бацькі тут. Мае аднагодкі ў горадзе ажаніліся. А якая тут пэрспэктыва? Адна фэрма засталася, працы няма. Дый у горадзе, каб знайсьці годны заробак, трэба сувязі — ідзем, дзе ёсьць магчымасьць зарабіць…”

5 год таму ўбачыў на ўскраіне два незашклёныя катэджы ды падмурак трэцяга — яшчэ з савецкіх часоў. Зараз былі дабудаваныя, але толькі ля аднаго ўбачыў дабіты “жыгулёнак” ды дзьвюх дзяўчатак-цыганятак. Старэйшая Каця баязьліва прамовіла:

Каця: “Бацька пасьвіць каровы, маці даярка. Сьцены, падлогі зрабілі, а машына зламалася. Ідзіце да фэрмы, там яны і загадчыца…”

На фэрме сустрэў даглядчыкаў Аляксандра Тумашэвіча ды Сяргея Тычыну, якія пераехалі ў вёску месяц таму. 200 кароў ды столькі ж цёлак на адкорме былі ў стойлах — размоклы пасьля дажджу гной не даваў ім магчымасьці выйсьці на вуліцу. Суразмоўцы рэкамэндуюцца:

Спадары: “Цыганы па нацыянальнасьці. Нам параілі сюды прыехаць — паабяцалі па 700 тысяч, а праўда ці не… Падмануць — патлумачым іншым, каб сюды не ішлі — катэдж далі на час працы…”

А вось на ровары пад'ехала загадчыца — спадарыня Алена Гілевіч. Бухгальтарка па прафэсіі. 5 год таму я сустрэў яе на 11-м годзе беспрацоўя. Цяпер, кажа, “паднялася” і нават прыватызавала хату. Адсюль, нібы, нейкая стабільнасьць, бо астатнія…

Гілевіч: “Хто ўцякае, хто прыяжджае…”

Карэспандэнт: “А хлопцам заплаціце па 700 тысяч?”

Гілевіч: “Як ня будуць піць, а добра рабіць — заплацім. А п'янтосы мне непатрэбныя — яны на выпрабаваньні ў мяне на 2 месяцы. А што цыганоў узяла — баяцца, у лес не хадзіць. Тут без цыганоў п'юць, хто злоўжывае. Бярэм, бо няма каму працаваць. Каб хоць ня кралі. У нас крыза не адчуваецца — заробак чым большы, тым даўжэй п'е. Тады адна ўходжваюся аж да 11 вечара. А ў мяне меншы, чым у даярак — 500, а ў іх да 800 тысяч дасягае…”

У бакавой вуліцы заўважаю, як на прысядзібным участку абганяюць соткі. Аказваецца, у найстарэйшай у вёсцы, 87-гадовай Гелены Кудаш. Пагутарыць даводжу яе да лаўкі за руку — спадарыня амаль сьляпая.

Кудаш:
“Цяжка, бо пэнсія 280. Бульбы купіла 100 кіль, заплаціла 70 тысяч — мала ж будзе! Я рабіла на палетках, на фэрме. Ноччу і ўручную гной растрасалі — так нас абдурылі! Я во вас у вочы ня бачу. Толькі групу далі, аўтобус забралі, а за маршрутку трэба плаціць. Раней 80 дамоў было, 60 толькі маладых дзяўчат. А потым паўцякалі — не плацілі нічога. І сталі паміраць. Хачу ў Дом састарэлых пайсьці — я адна, дровы на зіму трэба. А на вачах сятчатка адслойваецца — ня лечыцца…”

Па вяртаньні бачу ля знаёмага ўжо Сашы Ганевіча бацьку — спадара Івана, настаўніка, што прыехаў з заняткаў у Крупаўскай школе. Мажны, каржакаваты, ён хіба адзіны і мог тут стаць дэпутатам. Да таго ж, як і раней, імкнецца быць “у курсе ўсіх падзей”:

Ганевіч: “І “Зьвязду” выпісваю, “Лідзкую газэту”, Настаўніцкую”, слухаю Радыё Свабода…”

Экс-дырэктар не бяз гонару паведамляе, што ўжо другі год ізноў сапраўдны дырэктар летняга спартова-аздараўленчага лягера, які ўзьнік і базуецца ў будынку былой школы. Балазе побач саджалка, лясы. Для яго гэта — “праменьчык сьвятла ў цемры”.

Ганевіч:
“У лягеры 40 чалавек 18 дзён. У нас новыя ложкі, тумбачкі, канапы, душавыя, гарачая вада падведзеная. Для вёскі восем працоўных месцаў. Фінансуе ўпраўленьне адукацыі, райвыканкам. Пабудавана танцпляцоўка, сталовая. Больш у краме тавараў стала…”

І ўсё ж аптымізм у дырэктара прападае, калі аналізуе, што за 5 год адбылося ў Яўсеевічах:

Ганевіч: “Народ адыходзіць у нябыт — 5 год каля сотні, зараз чалавек 80. Пачысьціць могілкі Яўсеевічам абяцаюць аж год 10—15. Хацелася б, каб грунтовыя дарогі раўнялі хоць раз на месяц…”

Карэспандэнт: “Што б вы не дэпутацкай, а выканаўчай уладай зьмянілі, калі б яна ў вас была?”

Ганевіч: “Заробак падвысіў, зямлю б даў. Але людзі адвучыліся працаваць. Фэрмэру ж тэхніка патрэбна, а яна вельмі дорага каштуе. Усё залежыць ад уладаў, мясцовых саветаў. Паглядзіце — кароў мусяць гнаць за 3—5 км. Якія ж страты малака! У Яўсеевічах была свая майстэрня, можна было б пакінуць некалькі чалавек, тыя трактар маглі б адрамантаваць. А высеклі пад корань — у Дзітве аграгарадок, цэнтральная ж сядзіба за 9 км. Прыехаў з тае Дзітвы трактар, нешта зламалася — гані ізноў туды, прывары і адтуль — дзень прапаў! Я б прапанаваў на ўвесь сельсавет закупіць трактар з прычэпам, каб людзі ў любы час маглі заказаць пагараць ці брыкет прывезьці за сымбалічную плату. І плуг, і барану, культыватары на пару дзён — а то і па 4, і па 6 тысяч за сотку. Паспрабуйце за гэтую пэнсію! Патэнцыйна не безнадзейная сытуацыя. І я б зямлі ўзяў. І Яўсеевічы не 10 год яшчэ б існавалі…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG