Грып у Беларусі: хроніка пятніцы

У Менску абвешчаная эпідэмія грыпу і ВРВІ. Генэральная пракуратура Беларусі возьмецца за хваробы. У Магілёве й Бабруйску дзеці ня будуць хадзіць у школу яшчэ тыдзень. У Менску вакацыі ў школах працягнутыя да 11 лістапада.





Усе паліклінікі будуць працаваць у выходныя


У суботу і нядзелю, 7 і 8 лістапада, усе ўчастковыя тэрапэўты і пэдыятры будуць весьці прыём па графіку будных дзён.


“Арпетол” будуць выпускаць кругластачна


6 лістапада на сумеснае ангельска-расейска-беларускае прадпрыемства “Лекфарм” прыбыла зь Нямеччыны чарговая партыя субстанцыі для вырабу антывіруснага прэпарату “Арпетол”.


У Польшчы пад 200 выпадкаў сьвінога грыпу, а панікі аніякай. Чаму?


Ева Вежнавец: “Тут было пад 200 выпадкаў захворваньня сьвіным грыпам, але ўсё прайшло нармалёва. Учора вось міністар аховы здароўя нават сказала, што ня можа даць нават рады наконт адмысловых прышчэпак — не перакананая ў іх безумоўнай карысьці. Дзеці ходзяць у школу, аптэкі пустыя ад наплыву народу і перапоўненыя рознымі лекамі. У тым ліку супрацьэпідэмнымі. Я, як і многія іншыя, нічога не купляла сабе нават пра запас… Шмат інфармацыі рознай у прэсе, прыводзяць меркаваньні ААН, урачоў, хворых, аптэкараў, розных экспэртаў… Палякі шмат дапамагаюць Украіне — днямі адправілі туды чатыры рэсьпіраторныя машыны. З-за гэтай празрыстасьці, з-за таго, што вераць ураду, ажыятажу, панікі няма”.

паніка сьціхае?


Ці паменеў ажыятаж у аптэках Менску? Якія мэдыкамэнты людзі набываюць у першую чаргу? Як засьцерагаюцца, каб не захварэць? І ці паведамляюць новую інфармацыю афіцыйныя крыніцы?


Беларусь адправіла Ўкраіне гуманітарную дапамогу


Партыя гуманітарнай дапамогі для пераадоленьня эпідэміі грыпу складаецца з расходных матэрыялаў і прэпаратаў, востра неабходных у кароткі пэрыяд піку захворвальнасьці.


Баранавіцкія марлевыя павязкі ў 5 разоў даражэйшыя за імпартныя


Кошт такой павязкі 1600 рублёў — амаль у 5 разоў даражэй за імпартныя, якія каштуюць у межах 350 рублёў — 400 рублёў. Але, як сказала фармацэўт адной з баранавіцкіх аптэк, людзі іх купляюць.


Міністэрства аховы здароўя: ад сьвінога грыпу ў Беларусі ніхто не памёр


Чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя ў інтэрвію дзяржаўным мэдыям паведамляюць, што колькасьць захворваньняў у краіне расьце. У прыватнасьці, у сераду, 4 лістапада, было заяўлена, што агульная колькасьць хворых на пнэўманію — 2154 чалавекі. 19 хворых памерлі і ў 7 зь іх выяўлены вірус сьвінога грыпу. Агулам на сьвіны грып захварэлі 85 чалавек. Гэта складае 8 % ад колькасьці выяўленых выпадкаў хваробы.


Вакацыі ў менскіх школах працягнутыя да 11 лістапада ўключна


Бо ў Менску за апошнія тры дні захварэла 48 тысяч чалавек. Аб гэтым падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце Белдзяржтэлерадыёкампаніі заявіў старшыня камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Дзьмітры Піневіч.


Канікулы падоўжылі яшчэ на тыдзень у Магілёве і Бабруйску


У Магілёве й Бабруйску дзеці ня будуць хадзіць у школу яшчэ тыдзень. Пра гэта паведамілі ў абласной управе адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму.



Крыжовы паход супраць заразы


У Менску ўводзяцца дадатковыя супрацьэпідэмічныя захады.

Намесьніца Галоўнага дзяржаўнага санітарнага лекара Менску Натальля Жукава падпісала адпаведную пастанову “ў мэтах абмежаваньня масавага распаўсюджваньня грыпу і іншых рэсьпіраторных інфэкцый, для прадухіленьня разьвіцьця лякальных эпідэмічных ускладненьняў”, піша БелаПАН.

Асноўныя палажэньні:

  • “Ва ўстановах адукацыі і мэдустановах неабходна забясьпечыць эфэктыўную працу вэнтыляцыйных сыстэмаў (...) правядзеньне вільготнага прыбіраньня памяшканьняў з выкарыстаньнем дезынфікуючых сродкаў”.
  • У школах і дзіцячых садках прадпісана праводзіць штодзённае мэдыцынскае назіраньне за дзецьмі і пэрсаналам.
  • Таксама прадпісана адхіляць ад працы асобаў, якія непасрэдна абслугоўваюць дзяцей, пры зьяўленьні прыкметаў рэсьпіраторных захворваньняў.
  • Санслужба рэкамэндуе абмежаваць правядзеньне масавых відовішчных, спартыўных і іншых мерапрыемстваў, наведваньне дзецьмі выстаў і музэяў.
  • Кіраўнікам менскіх прадпрыемстваў рэкамэндавана забясьпечыць пэрсанал сродкамі індывідуальнай абароны органаў дыханьня і сродкамі прафіляктыкі грыпу.
  • У стацыянары ў першую чаргу варта шпіталізаваць дзяцей да трох гадоў, цяжарных, асобаў з залішняй масай цела, якія пакутуюць на хранічныя захворваньні.
  • У лякарнях павінна быць забясьпечаная ізаляцыя хворых на грып у адведзеныя для гэтага палаты.
  • Наведваньне хворых сваякамі абмяжоўваецца.
  • У выпадку цяжкіх формаў грыпу і ВРВЗ рэкамэндуецца дастаўляць пацыентаў у Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі.
  • У паліклініках Менску варта “максымальна абмежаваць правядзеньне ў паліклініках прыёму здаровых асобаў і прафіляктычных мэдыцынскіх аглядаў”.


Менск: абвешчаная эпідэмія грыпу і ВРВІ


Падпісана пастанова аб абвяшчэньні ў Менску эпідэміі грыпу і ВРВІ.

“У сувязі зь перавышэньнем парогу захворваньня ў Менску ад 6-га лістапада абвешчаная эпідэмія грыпу і вострых рэсьпіраторных вірусных інфэкцый”, — паведамілі Інтэрфаксу ў Менскім гарадзкім цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі.


Пракуратура возьмецца за хваробы


Генэральная пракуратура Беларусі гатовая прааналізаваць сытуацыю ў зьвязку з ростам захворваньняў на вострыя рэсьпіраторныя вірусныя інфэкцыі і грып.

Гэта ня выключыў генпракурор Рыгор Васілевіч.

Ён заявіў журналістам, што пакуль наконт гэтага ніякіх скаргаў не паступала.

“Тут павінны працаваць у першую чаргу органы аховы здароўя і Камітэту дзяржкантролю”, — цытуе Васілевіча БелаПАН.



Хворых на сьвіны грып у Беларусі 700 чалавек?


Паводле дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, сярэдні паказьнік сьмяротнасьці ад сьвінога грыпу ў сьвеце – менш 1%. Паводле стану на сераду ў Беларусі памерлі 7 чалавек. Ці азначае гэта, што ў Беларусі захварэла 700 чалавек?


"Белфармацыя” замаўляла 50 пакункаў рэлензы на ўсю краіну"


Міністэрства аховы здароўя Беларусі рэкамэндуе беларусам выкарыстоўваць для барацьбы са сьвіным грыпам не замежныя і дарагія лекі, кшталту таміфлю, а айчынны прэпарат рэмантадзін. Пра гэта заявіў міністар Васіль Жарко. Якія процівірусныя прэпараты ёсьць у аптэках і як да іх ставяцца фармаколягі?