Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Новалукомля дамагліся зьніжэньня коштаў на рыбалку, але плаціць усё роўна адмаўляюцца


Грамадзкі пратэст супраць платнай рыбалкі прынёс плён: арандатар Лукомскага возера Нуржан Кульжанаў зьнізіў кошт пуцёвак для рыбакоў. Праўда, грамадзкасьць пра гэта яшчэ ня ведае, а таму працягвае абурацца. І ня толькі ўвядзеньнем платы.

Немясцовы аматар рыбалкі ўвогуле зь першага разу ня трапіць у кантору ТАА «ТэрраФіш», дзе належыць плаціць за выхад на лёд з вудаю. Прыкладам, едучы з боку Віцебску, арыентавацца трэба не на коміны Лукомскай ДРЭС, якія здалёк відаць з правага боку дарогі, а на паварот улева — да прадпрыемства «Новалукомскі рыбгас». Тут, у абшаляванай сайдынгам будыніне за плотам, і прадаюць пуцёўкі рыбакам.

Дакладней, пакуль продаж пуцёвак спынены, тлумачыць мэнэджэр Сьвятлана:

«Дырэктара Нуржана Кульжанава вы ня знойдзеце — ён у ад’езьдзе. А пуцёўкі мы пакуль не прадаём — пасьля мітынгаў у Новалукомлі напрыканцы студзеня спынілі продаж. Вырашалі-вырашалі, і ўжо зьнізілі кошты: больш ня будзе пуцёвак па 50 тысяч за адзін выхад на лёд і гадавых пуцёвак за мільён. Цяпер вызначаныя катэгорыі льготнікаў. Першая — гэта насельнікі бліжэйшых да возера вёсак. Яны абавязаныя плаціць за рыбалку зусім сымбалічныя грошы — 21 тысячу рублёў у год. Жыхары бліжэйшых населеных пунктаў — Новалукомля, Чашнікаў, Чашніцкага раёну мусяць плаціць 40 тысяч на месяц, а кошт пуцёўкі на адны суткі „для чужых“, прыежджых — па-ранейшаму 50 тысяч на суткі».

Тут прадаюць пуцёўкі на рыбалку
Тут прадаюць пуцёўкі на рыбалку

Прэйскурант, які выклікаў грамадзкае абурэньне
Прэйскурант, які выклікаў грамадзкае абурэньне

Мэнэджэр Сьвятлана ахвотна паказвае дакумэнты, але прыметнік «чужы» гучыць у яе аповедах надта часта. А яшчэ слова «чорны» — гэтак мясцовыя «ахрысьцілі» арандатара возера Нуржана Кульжанава. Ёсьць і яшчэ адна мянушка — «казах», хоць прыехаў ён зусім не з Казахстану, а з Астрахані.

Мэнэджэр Сьвятлана паказвае дакумэнты
Мэнэджэр Сьвятлана паказвае дакумэнты

«Калі Нуржан прыехаў, то быў проста ў захапленьні ад беларусаў. Маўляў, яны такія прыветныя, такія добрыя! Казаў, што гатовы застацца ў Новалукомлі назаўжды... А яму здохлага сабаку павесілі на дзьверы, калі пачалася заваруха з платнай рыбалкай! І тэлефанавалі з пагрозамі, запалохвалі ўсяляк. Іншы б ужо плюнуў, а ён нават у міліцыю зьвяртацца ня стаў, толькі сказаў, што трэба пацярпець, і ўсё само сабой уляжацца», — працягвае Сьвятлана.

Новыя цэны, пра якія ў Новалукомлі яшчэ ня ведаюць
Новыя цэны, пра якія ў Новалукомлі яшчэ ня ведаюць

Аднак тое, што пачалося тры тыдні таму, не ўлеглася і дагэтуль. З 5 студзеня рыбалка на Лукомскім возеры стала платнай. А паколькі людзям пра гэта загадзя чамусь не паведамілі, то 26 студзеня, сутыкнуўшыся з праверкай кантралёраў, абураныя рыбакі прыйшлі мітынгаваць да гарвыканкаму. Прыйшлі, упэўненыя, што перамогуць: падобная сытуацыя ў Новалукомлі ўжо была гадоў 10 таму. Тады Лукомскае возера аддалі ў арэнду Чашніцкай ПМК, і арандатары таксама спрабавалі ўвесьці плату за лоўлю рыбы. Тады цэлая дэлегацыя на чале з прадстаўнікамі СПБ з Лукомскай ДРЭС паехала ў Савет міністраў і змагла давесьці, што робіцца несправядлівасьць. Праз пару тыдняў плату за рыбалку адмянілі.

Гэтым разам поўнай перамогі не атрымалася. Толькі ў панядзелак, 15 лютага, адбылася нарада ў гарвыканкаме, і ў мясцовай газэце «Чырвоны прамень» напісалі, што «робіцца ўсё магчымае», каб зьнізіць кошт платнай рыбалкі для мясцовых.

Газэта спрабуе супакоіць мясцовых жыхароў. Другі зьлева на здымку — Нуржан Кульжанаў
Газэта спрабуе супакоіць мясцовых жыхароў. Другі зьлева на здымку — Нуржан Кульжанаў

«Нашым людзям усё адно не дагодзіш!» — перакананая Сьвятлана, мэнэджэр ТАА «ТэрраФіш». Па-першае, мае месца нацыянальнае супрацьстаяньне: Нуржана Кульжанава беларусы не прынялі. І на платную рыбалку не пагодзяцца, бо гэта «іхнае» возера, а ён — «чужы». Па-другое, асабліва ўпарта супраць платнай рыбалкі змагаюцца мясцовыя браканьеры. Бо цяпер прадстаўнікі прадпрыемства «ТэрраФіш» маюць права правяраць наяўнасьць пуцёўкі ў рыбакоў, і рабіць гэта будуць разам з інспэкцыяй па ахове жывёльнага сьвету, ці нават зь міліцыяй. А гэта значыць, з узброенымі супрацоўнікамі, ад якіх так проста не ўцячэш...

Так ці інакш, але больш як за месяц пасьля ўвядзеньня платнай рыбалкі было прададзена... усяго 16 пуцёвак. А ў выходныя на лёд Лукомскага возера выходзяць да 800 рыбаловаў. Дый у будні на лёдзе здалёк праглядаюцца каляровыя кропачкі — рыбакі. Дзясяткі кропачак, а на даляглядзе — коміны Лукомскай ДРЭС.

Лукомскае возера
Лукомскае возера

Гэтае возера — тэхнічны вадаём ДРЭС, тлумачыць былы работнік станцыі, актывіст Свабоднага прафсаюзу Беларускага, а цяпер пэнсіянэр Аляксей Габрыель:

«У нас працуе восем блёкаў, і кандэнсат спускаюць у возера, ён цёплы — +25 градусаў. Вада ў гэтым месцы не замярзае, дужа актыўна растуць водарасьці. Таму адмыслова запускаюць малькоў таўсталобіка, каб ён еў расьліннасьць. Таўсталобік гадуецца ў Лукомскім возеры вялікі, пад 30 кіляграмаў... Што ж атрымліваецца? Арандатар возера зарыбленьне не праводзіў, гэта пацьвердзілі работнікі „ТэрраФіш“ — што яно заплянаванае толькі на вясну. А мясцовыя ўлады спрабуюць пераканаць, што ён ужо і рыбу разьвёў, і добраўпарадкаваньне на беразе праводзіць. Паехалі, я пакажу тое добраўпарадкаваньне!»

Чорныя кропачкі — рыбакі на лёдзе
Чорныя кропачкі — рыбакі на лёдзе

Першае, што паказвае Аляксей Габрыель, — гэта пагнуты жалезны слуп. На ім абвестка пра платную рыбалку. Кошты яшчэ тыя самыя, што сталі прычынай грамадзкіх пратэстаў. Таму скалечаны слуп выглядае ці то як імправізаваны шлягбаўм, што перакрывае дарогу, ці то як прыкмета пратэсту — калі мясцовыя адпомсьціліся арандатару вось такім чынам...

Знак помсты або шлягбаўм?
Знак помсты або шлягбаўм?

Калі прайсьці на самы бераг, то бачыш навюткія кантэйнэры для сьмецьця. І драўляныя столік з лаўкамі пад сукаватымі апорамі для даху, зь якіх спадар Габрыель весела рагоча:

Аляксей Габрыель
Аляксей Габрыель

«Гэта называецца „домік рыбака“! А больш нагадвае кармушку для казуль, толькі засталося венічкаў навязаць ды падвесіць! Казулі тут, дарэчы, водзяцца, — вунь там і сьлядочкі відаць. Ох, яны будуць удзячныя... Але ж людзям хіба гэткае трэба? Што тут рабіць узімку, пад гэтым навесам? Толькі, зьехаўшы з дарогі, гарэлкі выпіць у хмызах... А нармальным людзям было б добра пагрэцца пасьля рыбалкі, гарбаты папіць, пасядзець у цяпле. Так што гэтая „інфраструктура“ — адна фікцыя. І зьявілася яна ўжо пасьля таго, як народ абурыўся і трэба было „чымсьці крыць“. Вось і пачалі людзям „замазваць вочы“ нібыта добраўпарадкаваньнем берага. Ды хоць бы прыбралі за сабой тыя будаўнікі, а то абрэзкі так і валяюцца! І кантэйнэраў тыдзень таму тут не было, ужо цяпер прыцягнулі...»

Домік рыбака ці кармушка для казуль?
Домік рыбака ці кармушка для казуль?

Сьвежы паказьнік добраўпарадкаваньня
Сьвежы паказьнік добраўпарадкаваньня

Аляксей Габрыель абураецца: паветкі паветкамі, кантэйнэры кантэйнэрамі. Аднак чаму людзям ня кажуць пра далёкія пляны арандатара: пра тое, што ён хоча збудаваць на лукомскім возеры цэлы комплекс для турыстаў з Расеі? Ці будзе тады магчымасьць трапіць на бераг хоць каму зь мясцовых?

У гэтым ужо ёсьць сумневы: па берагах Лукомскага возера актыўна вядзецца прыватнае будаўніцтва. Выхады да вады «прыватызуюцца». Больш за тое: прыватныя ўладальнікі рыюць каналы і пратокі, каб зручней пад’яжджаць да сваіх «угодзьдзяў» на катэрах ды іншых плавальных сродках.

«Прыватная затока»
«Прыватная затока»

Адзін зь мясцовых аматараў рыбалкі, Павал Піліпавіч Жукаў, скардзіцца:

«Тут спачатку машыны рассоўвалі грунт, вывозілі яго, а потым прывезьлі 150 МАЗаў жвіру! Тут жа раней так не было. А ўлетку шмат дзетак тут адпачывае. Ну як каторы ўваліцца ў такую канаву? Гэта з Барысава нейкі прадпрымальнік будуецца, зваць яго Віктар Аляксандравіч. Прозьвішча ня ведаю. І як нам быць: каб выйсьці на бераг, трэба цяпер палову вёскі абыходзіць? Да вады не прайсьці! Дык вось я злавіў сёньня дзясятак дробных рыбін, і што — за гэта трэба 50 тысяч плаціць?»

Рыбак Павал Жукаў
Рыбак Павал Жукаў

Спадар Жукаў яшчэ ня ведае, што ён як жыхар прыбярэжнай вёскі мае самыя льготныя ўмовы на рыбалку. Ды што там шараговы пэнсіянэр! Нават начальнік экалягічнага аддзела філіялу Лукомскай ДРЭС Уладзімер Перавязчыкаў ня ў курсе, што ўмовы платнай рыбалкі ўжо зьмяніліся. Яго абурае такі аспэкт гэтай праблемы:

Уладзімер Перавязчыкаў
Уладзімер Перавязчыкаў

«ДРЭС выконвае свае абавязкі па КПД — комплексным прыродаахоўным дазволе, выконвае зарыбленьне Лукомскага возера — і сёлета, як ва ўсе ранейшыя гады. Праводзіць дасьледаваньні, як станцыя ўплывае на прыроднае асяродзьдзе. А гэты арандатар, атрымаўшы дазвол Чашніцкага райвыканкаму і Віцебскага аблвыканкаму, ён жа спачатку павінен хоць нешта ўкласьці ў гэтае возера! Арганізаваць месцы пад’езду, добраўпарадкаваць бераг. Дык не ж! Ён атрымаў дазвол на арэнду — і, нічогачкі ня ўклаўшы, ужо гатовы спаганяць грошы! На падставе чаго? На падставе таго, што ў Лукомскім возеры іншыя людзі да яго гадавалі рыбу?

Уладзімера Перавязчыкава давялося сустрэць якраз у тым месцы, куды жыхары Новалукомля выходзілі на стыхійныя мітынгі пратэсту — насупраць гарвыканкаму.

Новалукомскі гарвыканкам і мясцовыя жыхары
Новалукомскі гарвыканкам і мясцовыя жыхары

Сёньня нічога не зьмянілася: варта запытацца пра арэнду возера, як пачуеш нязгоду.

«Гэты арандатар прыехаў з Астрахані. Кажуць, ён там ужо таксама азёры арандаваў і спляжыў усё. Рыбу вылавіў, прадаў і ўцёк! А цяпер за наша возера ўзяўся. Гнаць яго трэба!» — кажа хлопец гадоў 25.

«Грошы за рыбалку пойдуць у абласны бюджэт, які дазволіў арэнду. А нам — што? Зайдзіце ў любы двор, там асфальт разьбіты. І вось бачыце — сетка. А ўнутры — фантан недароблены. Атрымліваецца, што нашаму гораду грошы не патрэбныя, мы мусім аддаваць грошы чужому дзядзьку», — абураецца спадар сярэдняга веку. І дадае: «Ні капейкі плаціць ня буду, хоць страляй мяне!»

Недароблены фантан насупраць гарвыканкаму
Недароблены фантан насупраць гарвыканкаму

«І я плаціць ня буду! Што гэта такое? На пэнсіі ці пасьля працы я не магу з вудай на беразе бясплатна пасядзець? Што людзям тут яшчэ рабіць? Па тэлевізары гавораць „здаровы лад жыцьця“, не курыце, ня піце. А што застаецца рабіць? На рыбалку ня пусьцяць, дык будуць усе маладыя піць гарэлку!» — падсумоўвае пэнсіянэр.

«Вылавяць ды павязуць усю нашу рыбу ў Расею. Мы яе тут і ня ўбачым! А з Расеі прыедуць сюды турысты, гэты чужак будзе толькі грошы грэбці», — дадае маладая маці зь дзіцячым вазком.

«А ты з вазком ды дзіцем туды ўвогуле цяпер ня трапіш! Бо збудуюць прапускныя пункты, і плаціць будзеш 50 тысяч ня толькі за тое, каб рыбу лавіць, а каб увогуле на бераг выйсьці», — падхоплівае бабуля-пэнсіянэрка.

Штодня гараджане праходзяць міма дошкі аб’яў, на якой — адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі. Ён вісіць тут ужо тры тыдні, але ніхто не чапае, кажа аўтар, актывіст СПБ Аляксей Габрыель:

Ліст да Лукашэнкі на дошцы аб’яў
Ліст да Лукашэнкі на дошцы аб’яў

«Калі я браў удзел у выбарах, дык агітацыйныя ўлёткі зьдзіралі — толькі лахманы заставаліся! А гэты ліст — вісіць сабе. І ніякай рэакцыі. Я ж і пішу: „Дзе мясцовыя ўлады? Дзе нашы дэпутаты?“ Чаму не правялі грамадзкія слуханьні, як нашы жыхары ставяцца да арэнды вадаёма і да самога арандатара?» Вось цяпер маем у Новалукомлі прыклад нацыянальнай варажнечы. А ўлады маўчаць, нібыта нічога няма. А каб людзей пазнаёмілі загадзя з Нуржанам Кульжанавым, дык яны мелі б магчымасьць распытаць, што ён за чалавек, чым дагэтуль займаўся, навошта сюды прыехаў. І не было б таго непрыманьня, якое давяло да забітых сабак на ягонай браме. Можа, ён нават і спадабаўся б, раз так любіць беларусаў, як распавядаюць ягоныя супрацоўнікі...

Аляксей Габрыель і ягоны ліст да Аляксандра Лукашэнкі
Аляксей Габрыель і ягоны ліст да Аляксандра Лукашэнкі

Чаму людзей не інфармуюць, якія пляны ў арандатара? Што ён зьбіраецца адчыніць у Новалукомлі перапрацоўчую вытворчасьць, што будзе прадукцыю, як і сьвежую рыбу, прадаваць найперш жыхарам рэгіёну? Пра гэта распавядаюць на прадпрыемстве «ТэрраФіш», але ж людзі пра гэта ня ведаюць. Адсюль і ідуць розныя чуткі — прыкладам, што на бераг зь дзецьмі бясплатна гуляць ня выйдзеш. Такога ж няма, толькі пра рыбалку гаворка! А людзі ня ведаюць нават, што з 15 лютага зьмяніліся кошты на яе, што мы цяпер ільготнікі. Чаму ўлады маўчаць, мясцовая газэта маўчыць? А таму, што нас за людзей ня лічаць. Дый ад мясцовых уладаў мала што залежыць — толькі ад таго, што вырашаць на самым версе».

Таму і нараджаюцца стыхійныя пратэсты, што людзей ніхто не паважае, лічыць спадар Габрыель. І калі за несанкцыянаваны мітынг могуць прысудзіць суткі, то нязгодныя ідуць на іншыя захады: хтосьці абвяшчае асабістую «вайну» арандатару зь небеларускім прозьвішчам, хтосьці адкрыта кажа, што не заплаціць за арэнду ні капейкі, лепш будзе «браканьерам», але ня дасьць нажыцца дзяржаве на сабе і «сваім возеры». А прадстаўнікі дзяржаўных уладаў увогуле паводзяць сябе так, нібыта ў Новалукомлі нічога не адбываецца — дый іх саміх там нібыта няма.

Дарога «на рыбу»
Дарога «на рыбу»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG