Прафсаюзны актывіст Аляксей Паўлоўскі заяўляе, што ў падтрымку вылучэнца на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў, галоўнага інжынэра акцыянэрнага таварыства «Хімвалакно» Пятра Салаўёва зьбіраюць подпісы ў працоўны час на працоўных месцах. Прафсаюзьнік кажа, што на незаконныя дзеяньні сяброў ініцыятыўнай групы Салаўёва яму паскардзіліся працаўнікі прадпрыемства.
Сам Пётар Салаўёў адмаўляе абвінавачваньні Паўлоўскага.
Паўлоўскі зьбірае подпісы за канкурэнтку галоўнага інжынэра «Хімвалакна», вылучэнку ад кампаніі «Гавары праўду» Аксану Закрэўскую. Сябра яе ініцыятыўнай групы кажа, што падчас абыходу кватэраў яму і расказалі, як працаўнікоў падпісваюць за начальства. Паўлоўскаму, як ён кажа, назвалі імёны зьбіральнікаў подпісаў, якія парушылі выбарчую працэдуру.
«Яны зьбіралі подпісы ў працоўны час на працоўных месцах і выхваляліся, што за 150 подпісаў ім дадуць па два дні адгулу і прэмію. У гэтым я ўгледжваю парушэньне выбарчага заканадаўства», — кажа Паўлоўскі.
«Многія працаўнікі прадпрыемства, зь якімі я меў стасункі, калі зьбіраў подпісы, добра выказваліся пра Салаўёва, але ўсё роўна сябры ягонай групы парушаюць закон. Зразумела, што ён, па ўсім відаць, ужо прызначаны дэпутат, але навошта тады ісьці на парушэньні? У ягонай ініцыятыўнай групы ёсьць магчымасьць праводзіць пікеты, хадзіць па кватэрах».
Аляксей Паўлоўскі не выключае, што будзе скардзіцца на канкурэнта Закрэўскай, але дадае, што напэўна на ягоны зварот прыйдзе адпіска: факт не пацьвердзіўся.
Пётар Салаўёў у тэлефоннай гутарцы з журналістам заявіў, што зьвесткі Паўлоўскага — выдумка.
«Ніхто зь сяброў маёй ініцыятыўнай групы ў працоўны час па цэхах ня ходзіць. Я сам праводзіў арганізацыйную сустрэчу з ініцыятыўнай групай. Ніякіх прэміяў і адгулаў ніхто не абяцаў. Ініцыятыўная група зьбірае подпісы ў непрацоўны час на тэрыторыі выбарчай акругі, ходзячы па кватэрах», — сказаў вылучэнец на дэпутацтва.
Аксана Закрэўская не выключае, што наведае кватэры, дзе Паўлоўскаму паведамілі пра факт парушэньня выбарчага заканадаўства сябрамі ініцыятыўнай групы канкурэнта. Яна, аднак, сумняваецца, што працаўнікі «Хімвалакна» пагодзяцца пацьвердзіць дакумэнтальна тое, што сказалі Паўлоўскаму.
Тое, што за Салаўёва зьбіраюць подпісы, ходзячы па кватэрах, Аксана Закрэўская пацьвярджае. Днямі, кажа яна, зьбіральнікі подпісаў за канкурэнта наведвалі дом, у якім яна жыве.