Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве зьбіраюць подпісы, каб улады адрамантавалі дарогі


Выезд з прыпынку грамадзкага транспарту. Выбоіны на дарозе як элемэнт сэрвісу
Выезд з прыпынку грамадзкага транспарту. Выбоіны на дарозе як элемэнт сэрвісу

Актывіст Аляксей Паўлоўскі за ня поўную гадзіну сабраў больш за пяцьдзясят подпісаў.

Жыхары Магілёва патрабуюць ад аблвыканкаму і аблсавету адрамантаваць дарогі. Актывіст прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксей Паўлоўскі за ня поўную гадзіну сабраў больш за пяцьдзясят подпісаў пад «дарожным» зваротам да ўлады. Ён адзначае, што свае подпісы ставілі як аўтаўладальнікі, гэтак і пасажыры грамадзкага транспарту.

«Людзі абураныя станам дарог. Многія наракалі, што дарожнікі „вылізваюць“ цэнтар гораду, а пад’езды да „спальных“ раёнаў рамонтам не кранаюць альбо засыпаюць выбоіны сумесьсю, падобнай да асфальту, ці бітумам», — пераказвае настроі магілёўцаў ініцыятар збору подпісаў.

На прыпынак не хапіла асфальту
На прыпынак не хапіла асфальту

«У калектыўным звароце мы ня проста просім, а патрабуем адрамантаваць дарогі і ходнікі, — дадае Паўлоўскі. — Чыноўнікаў прэміруюць, робяць „людзьмі году“, але за што? На тэлефанаваньні адрамантаваць дарогі толькі адны абяцаньні, хаця, дарожныя службы прасілі дапамагчы ў выяўленьні кепскіх участкаў дарог у горадзе. Нават абяцаліся цягам трох дзён на гэтых участках сытуацыю выправіць. Ды дзе там! Сходы праводзяць, а дарогі як былі разьбітымі, гэтак і застаюцца. Будзем патрабаваць рамонту».

Адзін з актыўных удзельнікаў акцыі «За добрыя дарогі», якую магілёўскія аўтаўладальнікі ладзілі ў 2013 годзе, Міхаіл, у гутарцы з журналістам адзначыў, што сытуацыя ў горадзе з дарожным рамонтам застаецца праблемнай:

Лепей пешшу. Плаціць ня трэба
Лепей пешшу. Плаціць ня трэба

«Дарогі — бяда для аўтамабілістаў. Яны разьбітыя. За тры гады, якія мінулі ад нашай акцыі, мала што зьмянілася. Я дык наагул не плачу на знак пратэсту „дарожны“ падатак. Два разы штрафавалі, але гэта выгадней, чым плаціць мільёны і ня ведаць, на што яны пойдуць».

«Ды што далёка хадзіць, паглядзіце, канцавы прыпынак — усё разьбіта. Увесну прыехалі дарожнікі, сыпанулі нечага і заявілі, што адрамантавалі ўчастак, — абураліся кіроўцы маршрутных таксі ў адным з спальных раёнаў абласнога цэнтру.

Праезд у двор аднаго з спальных раёнаў
Праезд у двор аднаго з спальных раёнаў

Апраўдваюцца ўлады, што грошы пайшлі на рамонт моста праз Дняпро, але каб да гэтага рамонту моста дарогі былі добрымі — дык не! Цэнтральныя вуліцы Першамайскую, Піянэрскую ды праспэкт Міру заасфальтавалі, а на пэрыфэрыі ж начальства ня езьдзіць», — дадалі суразмоўцы.

«Я заплаціў шэсьць мільёнаў за тэхнічны агляд, „дарожны“ падатак. І ня я ж адзін — куды грошы пайшлі? У каго запытацца?» — выказаўся ўладальнік прыватнага аўто, падслухаўшы гутарку журналіста зь ягонымі калегамі-маршрутнікамі.

Той жа думкі трымаюцца і кіроўцы аўтобусаў:

«Здаецца, нядаўна клалі дарогу на выезьдзе з Магілёва на Менск, і ўжо там асфальт разьбіты месцамі. Што за сумесь яны падбіраюць, невядома. Немцы неяк асфальтавалі праспэкт Дзьмітрава. Больш за дзесяць гадоў дарогу не рамантавалі — во гэта якасьць, а ня тое, што ў нас...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG