Больш за шэсьцьдзесят магілёўцаў сваімі подпісамі падтрымалі патрабаваньне прафсаюзнага актывіста Аляксея Паўлоўскага, каб з дэлегатаў V Усебеларускага сходу спагналі сродкі, «патрачаныя на пляншэты, кармленьне ды забавы».
Выручаныя грошы Паўлоўскі прапануе накіраваць на будаўніцтва лябараторна-навучальнага корпусу Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту. У Магілёве гэты абʼект — даўгабуд. Узводзяць яго больш за дваццаць год.
Аляксей Паўлоўскі лічыць, што дэлегаты сходу ад Магілёва ня выканалі наказу магілёўцаў — абмеркаваць і прыняць экстранныя захады, каб дабудаваць корпус.
«Дэлегаты нават не ўздымалі на Сходзе пытаньня пра ўнівэрсытэцкі даўгабуд. У такім разе незразумелая мэта дадзенага сходу, бо грамадзяне меркавалі, што дэлегаты ад Магілёва будуць вырашаць важныя праблемы народу, а, як выявілася, інтарэсы народу ім „да ліхтара“, — кажа актывіст. — Папляскалі ў ладкі, два дні елі-пілі, забаўляліся за кошт бюджэту, ды яшчэ па пляншэту адхапілі, а пытаньне ня вырашылі».
За гадзіну Паўлоўскі на пешаходнай вуліцы Ленінскай сабраў пад сваім зваротам у Камітэт дзяржкантролю і Магілёўскі аблвыканкам 64 подпісы. Актывіст заяўляе, што людзі падпісваліся ахвотна, бо ведаюць пра праблему з даўгабудам.
У гутарках з журналістам мінакі адзначалі, што будоўлю трэба завяршаць.
«Мне, відаць, наўрад ці давядзецца пакарыстацца гэтым корпусам, але за краіну крыўдна, — пракамэнтаваў сваё рашэньне падпісацца адзін зь мінакоў. — У нас шмат чаго будуецца другаснага, не зусім патрэбнага, а вось унівэрсытэцкі корпус патрэбны гораду. Дзіўна, што ўлада гэтак ставіцца да даўгабуду ў цэнтры гораду».
Тыя, з кім удалося пагутарыць, ня лішне верылі, што з дэлегатаў Сходу здасца нешта спагнаць. Аднак, на думку некаторых, такое патрабаваньне прыцягне ўвагу да праблемы.
«Гучыць гэта правакацыйна, нават анэкдатычна, аднак рацыя ў гэтым ёсьць. Акрамя пустых абяцаньняў, нічога талковага на сходзе не агучылі. І сапраўды, навошта такое задарагое мерапрыемства патрэбна было?» — выказалася жанчына.
Акрамя пустых абяцаньняў, нічога талковага на сходзе не агучылі. Навошта такое задарагое мерапрыемства патрэбна было?
Аляксей Паўлоўскі ідзе ў дэпутаты, каб падчас перадвыбарчай кампаніі засяродзіць увагу на ўнівэрсытэцкай праблеме.
Напярэдадні сходу Паўлоўскі дасылаў у гарвыканкам калектыўны зварот, каб дэлегаты абмеркавалі сытуацыю з будоўляй лябараторна-навучальнага корпусу. Аднак, паводле актывіста, гарадзкая ўлада праігнаравала наказ 123 магілёўцаў.
З гарвыканкаму Паўлоўскаму адпісалі: на завяршэньне будаўніцтва абʼекта ў бюджэце гораду няма сродкаў, а ініцыяваць прапановы перад Міністэрствам адукацыі аб фінансаваньні будаўніцтва за кошт «саюзнай дзяржавы» не зьяўляецца кампэтэнцыяй гарвыканкаму. Падпісала ліст намесьніца старшыні гарвыканкаму Ала Галушка.
Раней Міністэрства адукацыі, таксама ў адказе на калектыўны зварот, паабяцала Аляксею Паўлоўскаму знайсьці фінансаваньне на будоўлю лябараторна-навучальнага корпусу Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту.
Кожны з 2500 дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу атрымаў у падарунак пляншэт Samsung Galaxy Tab коштам звыш чатырох мільёнаў недэмінаваных рублёў.