Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест заробкаў чыноўнікі прапануюць пагаварыць з працаўнікамі


Архіўнае фота
Архіўнае фота

На Магілёўшчыне больш за дваццаць сельгаспрадпрыемстваў ня выплацілі сваім працаўнікам заробкі. Пры гэта заявіў старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Даманеўскі. Кіраўнік абласной вэртыкалі прапанаваў кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, дзе заробкі замалыя, сустракацца зь людзьмі і тлумачыць ім, у чым прычына такой сытуацыі.

«Пачынайце зь людзьмі дамаўляцца, каб яны разумелі. На сёньняшні дзень у нас ня выплачаны заробак у 25 сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Калі ў каго замалы заробак: пачынайце сустракацца зь людзьмі і тлумачыць ім, чаму ён такі», — казаў падначаленым Уладзімер Даманеўскі.

Прычын нявыплаты заробкаў кіраўнік абласной вэртыкалі не назваў.

Для спэцыяліста ў сельскай гаспадарцы, эканаміста Андрэя Юркова прычыны відавочныя. На ягоную думку, сельгаспрадпрыемствы сталі закладнікамі той палітыкі, якую праводзяць «вярхі»:

«Мы столькі гадоў выконваем загады „партыі“, усе рашэньні, што „вэртыкаль“ спускае зьверху. Калі столькі сеем збожжа, калі кармы дарагія — адпаведна, вельмі дарагое малако. Выдаткі на яго не пакрываюць кошту рэалізацыі. Таму і заробкі такія малыя. А працаўнікі ў калгасах возьмуць пляшку гарэлкі і скажуць: ну што паробіш! У асноўнай масе пакуль толькі такая будзе рэакцыя людзей на нявыплату заробкаў. На гарэлку грошы знойдуць».

Андрэй Юркоў лічыць, што агучваньне факту нявыплаты заробкаў у 25 сельгаспрадпрыемствах — гэта толькі вяршыня айсбэргу, калі казаць пра праблемы ў сельскай гаспадарцы:

Як толькі падпоркі ў выглядзе танных крэдытаў зьніклі, то ўсё пачало валіцца

«Тое, што не выплачваюць заробкі, — гэта значыць, што ў гаспадарках зусім не засталося рэзэрваў. Банкі і крэдытаў даць ня могуць, і пазычаць няма ў каго. Скончыліся грошы, якія ўкладаліся ў „калгасы“ бессэнсоўна з гледзішча эканомікі, то бок марнаваліся. І як толькі падпоркі ў выглядзе танных крэдытаў зьніклі, то ўсё пачало валіцца.

Вы ж паглядзіце, што рабілася ў апошнія гады, пакуль дармаўшчына гэтая была. Давалі пад нізкі адсотак тэхніку, старую выкідалі, новую пастаўлялі, не падлічваючы, ці мэтазгодна гэтак рабіць. І выйшла: у шмат якіх гаспадарках выручка не пакрывае выдаткаў на выраб прадукцыі».

Чым далей ад выбараў, тым больш зьвестак пра рэальны стан эканомікі ў рэгіёнах. Падчас выбарчай кампаніі пра нэгатыўныя бакі працы прадпрыемстваў згадвалі зрэдку. Вышуквалі станоўчыя прыклады. Цяпер жа афіцыйныя крыніцы паволі прызнаюць крызіс.

Раней паведамлялася, што на Магілёўшчыне 60 стратных прамысловых прадпрыемстваў. Яны далі эканамічны мінус ад пачатку году ў тры трыльёны рублёў.

«Да канца году мы мусім разабрацца, хто з кіраўнікоў сёньня ня ў стане прыстасавацца да працы ў сучасных умовах», — казаў сваім падначаленым на адной з нарадаў Уладзімер Даманеўскі.

Яго намесьнік Віктар Некрашэвіч канкрэтызаваў, як аблвыканкам бачыць разьвязаньне праблемаў у эканоміцы. Ён згадаў пра ратацыю кадраў і заклікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў працаваць больш эфэктыўна:

«Месяц на ўсё. Дзе ў нас мадэрнізацыя адбылася, але прадпрыемствы, наадварот, пайшлі ў адваротны бок», — выказаўся Віктар Некрашэвіч.

На адной зь першых нарадаў у Магілёўскім гарвыканкаме пасьля прэзыдэнцкіх выбараў чыноўнікі згадалі прызабытую за тры месяцы «няпоўную занятасьць» на шэрагу мясцовых прадпрыемстваў.

Гаварылі на той нарадзе пра няпоўную загрузку, зьніжэньне экспарту, дэбіторскую і крэдыторскую запазычанасьць магілёўскіх прадпрыемстваў. Гарадзкі бюджэт недаатрымаў за 9 месяцаў году 149 мільярдаў рублёў. Такой сытуацыі не назіралася ад 2009 году. Чыноўнікі бачаць прычыну праблемаў у сытуацыі на расейскім рынку, куды магілёўскія прадпрыемствы пастаўляюць асноўную масу сваёй прадукцыі. Спробы дывэрсыфікацыі рынкаў збыту не далі эфэкту. Экспартныя пастаўкі з магілёўскіх прадпрыемстваў у іншыя краіны мізэрныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG