Падчас выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі адміністрацыі прадпрыемстваў стараліся не звальняць людзей і не скарачаць працоўны тыдзень. Тым часам беспрацоўе ня зьменшылася, прадпрыемствы ня сталі працаваць лепей. Якая сытуацыя цяпер на рынку працы, ці лёгка знайсьці сабе занятак і ці знайшлі яго «палітычныя» беспрацоўныя (актывісты незалежных прафсаюзаў, зь якімі не працягнулі працоўныя кантракты). Агляд на прыкладзе Магілёва і Бабруйску.
У службе занятасьці кажуць: сытуацыя з наплывам ахвотных зарэгістравацца беспрацоўнымі і тымі, хто ў пошуку працы, стабілізавалася, але ўзровень беспрацоўя ў параўнаньні зь мінулым годам вырас. На адну вакансію прэтэндуюць 2 беспрацоўных.
«Калі летась да нас зьвярнуліся 6,5 тысячы чалавек, то сёлета ўжо болей за 8,5 тысячы, — зазначае супрацоўніца службы занятасьці. — Таксама павялічыўся пэрыяд пошуку працы. Калі раней для працаўладкаваньня трэба было месяц ці паўтара, то цяпер пэрыяд падоўжыўся да 3–4 месяцаў».
«Партрэт беспрацоўнага таксама зьмяніўся. Калі раней гэта былі жанчыны зь сярэднім узростам 45–50 год, — працягвае суразмоўніца, — то цяпер гэта мужчына 35–42 гадоў зь сярэдняй і сярэдняй спэцыяльнай адукацыяй».
Паводле супрацоўніцы службы занятасьці, працягваецца вяртаньне беларусаў, якія былі на заробках у Расеі. Прыток людзей у Беларусь ёсьць, то бок людзі вяртаюцца, зазначае яна.
«Закон аб дармаедах, вядома ж, адыграў сваю ролю. Але пад яго ўплывам найбольш людзей прыйшло да нас да 1 ліпеня. Потым крыху наплыў гэты спаў, але людзі ўсё роўна рэгіструюцца. Ня кожны чытаў гэты закон, а пагатоў ня кожны яго слушна трактуе, але лічыць: калі такі закон ёсьць, то лепей я прыйду ў службу занятасьці і зарэгіструюся беспрацоўным», — кажа супрацоўніца службы занятасьці.
Шукаць беспрацоўных на вуліцах Магілёва доўга не давялося. Першыя ж мінакі прызналіся журналісту, што занятыя пошукам працы. Ува ўсіх ёсьць досьвед працы ў Расеі. На пытаньне, ці лёгка працу знайсьці ў Магілёве, усе заявілі: цяжка.
«Я іду зь біржы, — кажа мужчына, да пэнсіі якому крыху больш за пяць год. — Па маёй прафэсіі там для мяне вакансіяў няма. Раней жа маляр, тынкоўшчык — былі запатрабаваныя прафэсіі, цяпер — не. Дворнікам ісьці не хачу, дый для дворнікаў нічога няма».
Наступны суразмоўца, малады мужчына, таксама кажа: на біржы няма чаго рабіць. Вакансіяў няма:
«У мяне будаўнічая прафэсія. Я ў Расеі працаваў, але хацеў бы тут цяпер. А тут працы ня знойдзеш. Давядзецца зноў туды ехаць, хоць заробкі там сталі меншымі».
«Нялёгка тут знайсьці сабе працу, — далучаецца да гутаркі яшчэ адзін мінак. — Заробак тут не адпавядае таму, што чалавек хацеў бы зарабіць. За 2,5 мільёна ніхто ж ня пойдзе працаваць. Гэта ж капейкі. Я сам беспрацоўны. Даводзіцца хадзіць шукаць. Я электрык паводле адукацыі і адпрацаваў ім 15 гадоў».
Сярод апытаных трапіўся і мужчына, які знайшоў сабе працу. «Кладаўшчыком уладкаваўся, — кажа ён. — Тры месяцы працу шукаў. У Магілёве цяжка знайсьці. Шмат знаёмцаў беспрацоўных. У Расею езьдзяць. Але ўсе хочуць працаваць і зарабляць на радзіме. А калі тут няма, дык паедуць зноў туды».
Ня многія са звольненых з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў актывістаў Свабоднага прафсаюзу Беларускага знайшлі сабе працу. Толькі за апошні год дзясятак прафсаюзьнікаў апынуліся за прахадной. Адміністрацыя не пажадала працягваць зь імі працоўныя адносіны. Два месяцы шукае працу Аксана Кернажыцкая.
«Я зьвязаная была з машынабудаўніцтвам, а прамысловасьць у нас у стане, блізкім да нуля, таму па маёй спэцыяльнасьці мне знайсьці ў Бабруйску працу адназначна няма як. А што тычыцца другіх спэцыяльнасьцяў, то паўсюль патрэбны досьвед. А мой досьвед — гэта 19 гадоў на прадпрыемстве. Нават цяпер прыбіральшчыца — і тое дэфіцытная пасада», — кажа пра пэрспэктывы працаўладкаваньня актывістка Свабоднага прафсаюзу Беларускага.
Суразмоўніца зазначае, што цяпер скарачаюць супрацоўнікаў адміністрацыі прадпрыемстваў, у тым ліку і заводу, на якім яна працавала:
«Цяпер не працягваюць кантракты з тымі, хто ў аддзелах сядзіць. Аптымізацыя пайшла, такім чынам, поўным ходам. Скарачэньне адбываецца ня толькі, так бы мовіць, рэпрэсіўнага характару, а там, дзе трэба шэрагі падчысьціць. Гэта ўсё зьвязана з заняпадам у прамысловасьці», — выказвае меркаваньне Аксана Кернажыцкая.
У перадвыбарчую прэзыдэнцкую кампанію сытуацыя ў эканоміцы рэгіёну зрэдку згадвалася ў афіцыйных крыніцах. Па заканчэньні выбараў пра праблемы ў прамысловасьці пачалі казаць часьцей. На адной зь першых нарадаў у гарвыканкаме згадалі прызабытую за тры месяцы «няпоўную занятасьць» на шэрагу мясцовых прадпрыемстваў:
«На сёньняшні дзень шэсьць прадпрыемстваў прамысловасьці, якія ўва ўсіх на слыху, працуюць ва ўмовах няпоўнай занятасьці. Сярод іх „Вясьнянка“, „Трансмаш“, Таварыства глухіх і сьляпых і завод „Строммашына“», — казаў на нарадзе старшыня гарадзкой вэртыкалі Ўладзімер Цумараў.
Гаварылі на нарадзе пра няпоўную загрузку, зьніжэньне экспарту, дэбіторскую і крэдыторскую запазычанасьць магілёўскіх прадпрыемстваў. Гарадзкі бюджэт недаатрымаў за 9 месяцаў году 149 мільярдаў рублёў. Такой сытуацыі не назіралася ад 2009 году. Чыноўнікі бачаць прычыну праблемаў у сытуацыі на расейскім рынку, куды магілёўскія прадпрыемствы пастаўляюць асноўную масу сваёй прадукцыі. Спробы дывэрсыфікацыі рынкаў збыту не далі эфэкту. Экспартныя пастаўкі з магілёўскіх прадпрыемстваў у іншыя краіны мізэрныя.