Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нясьцерпна зацягнуты спэктакль даўжынёй 23 гады...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Пытаньне, якое апошнім часам усё часьцей гучыць у пошце Свабоды: ці хутка ў Беларусі распачнуцца зьмены? Прычым у тым, што зьмены насьпелі і што ранейшая мадэль эканомікі і дзяржаўнага ўладкаваньня сябе вычарпала, ужо, выглядае, мала хто сумняецца.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Дзьмiтры Аўчыньнікаў з расейскага Новасыбiрску піша:

«Мне, часова знаходзячыся за мяжой, вельмі прыкра назіраць за тым, што адбываецца ў Беларусі. І падобна на тое, што бліжэйшым часам зьменаў да лепшага чакаць не выпадае.

Напярэдадні апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у экспэртным асяродзьдзі было досыць шмат размоваў пра непазьбежнасьць, нават наканаванасьць структурных рэформаў у эканоміцы. Маўляў, іншага выйсьця ва ўладаў проста няма. Прызнаюся, я таксама збольшага быў схільны да гэтага пункту гледжаньня, бо, здаецца, ужо нават бабкі на лаўцы разумеюць ня горш за эканамістаў-адмыслоўцаў неабходнасьць рэфармаваньня струхлелай беларускай гаспадарчай мадэлі.

Але на дадзены момант можна канстатаваць, што ўсе гэтыя спадзевы аказаліся марнымі. Незьмяняльны прэзыдэнт вырашыў проста пераседзець цяжкія часы, не кранаючы асноваў збудаванай ім сыстэмы.

Ён аддае перавагу кансэрвацыі сыстэмы, ужывае тактыку затыканьня дзірак. Але падобная палітыка чым далей, тым меней эфэктыўная. Бо рэсурсы для падтрыманьня штаноў няўхільна скарачаюцца — цэны на нафту па-ранейшаму нізкія, экспарт падае, а расьпіяраная эўразійская інтэграцыя аказалася мыльнай бурбалкай. Расея ужо ня ў стане ў ранейшых памерах субсыдыяваць Беларусь, і цяпер зь ёй даводзіцца таргавацца літаральна за кожную капейку, а нармалізацыя адносінаў з Захадам пакуль не дае адчувальных грашовых дывідэндаў. Вось і даводзіцца Лукашэнку езьдзіць па сьвеце, пераважна трэцім, каб хоць нешта ўрваць з тамтэйшага стала.

Што называецца, за дзяржаву крыўдна, — піша ў сваім лісьце на Свабоду Дзьмітры Аўчыньнікаў з Новасыбірску.— Лукашэнка заўжды быў папулістам, які апэляваў да простага народу, і звычайна імкнуўся даваць лёгкія адказы на складаныя жыцьцёвыя пытаньні. Але цяпер погляды тых самых шараговых беларусаў істотна мяняюцца. У прыватнасьці, у маёй роднай вёсцы Целяханы Брэсцкай вобласьці жыве досыць шмат маіх сваякоў ды знаёмых, якія збольшага нэгатыўна характарызуюць існы стан спраў. Напэўна, Лукашэнка і сам адчувае, што страчвае сваё традыцыйнае апірышча, таму і наладжвае публічнае шоў з адкруткай тарыфаў ды зноў абяцае заробак 500 даляраў.

Але ўсё гэта фікцыя. Проста беларускі лідэр вымушаны, як кажуць французы, faire bonne mine au mauvais jeu (рабіць добрую міну пры кепскай гульні. — РС). Па факце ж дзеля атрыманьня грошай ад МВФ улады бяз шуму і пылу пакрысе праводзяць палітыку, па сутнасьці, скіраваную на зьнішчэньне рэшткаў сацыяльнай дзяржавы.

Але гэты працэс досыць працяглы ў часе, а беларусы вядомыя сваёй цярплівасьцю, так што такая марудная дэградацыя можа доўжыцца яшчэ адносна доўга. Узровень жыцьця пагаршаецца, але народ па інэрцыі ва ўмовах адсутнасьці альтэрнатывы працягвае падтрымліваць дзейны рэжым, калі і не актыўна, як раней, дык па змаўчаньні.

Усё кіраваньне Лукашэнкі — гэта час страчаных магчымасьцяў. За 20 год Беларусь магла б пабудаваць сучасную эўрапейскую дзяржаву кшталту Польшчы ці Літвы. А замест гэтага мы маем тыповы брэжнеўскі застой, фінал якога можа аказацца вельмі прыкры. Пытаньне: ці ўсьведамляюць гэта наверсе?»

Гэта напісаў у сваім лісьце на Свабоду Дзьмiтры Аўчыньнікаў з расейскага Новасыбiрску.

Многія ў кіраўніцтве краіны гэта, без сумневу, усьведамляюць, спадар Дзьмітры. Некаторыя з маладзейшай генэрацыі намэнклятуры нават спрабуюць выказваць уласны пункт гледжаньня і аспрэчваць так званую «генэральную лінію», накіраваную на кансэрвацыю старой сыстэмы. Праблема ў тым, што гэтых галасоў не жадае слухаць Лукашэнка. А безь яго ў сёньняшняй Беларусі ніякія прынцыповыя рашэньні не прымаюцца. Такую сыстэму ўлады ён адмыслова выбудаваў «пад сябе», забясьпечваючы ўласнае пажыцьцёвае прэзыдэнцтва.

Тэма насьпелых палітычных і эканамічных зьменаў гучыць і ў лісьце Паўла Куксо з Горадні. Слухач піша:

«Усім зразумела, што сам Лукашэнка ад улады ніколі не адмовіцца. Што ж павінна адбыцца, каб беларусы пра гэта яго настойліва папрасілі? Відаць, жыцьцё ў людзей павінна стаць такім цяжкім, што цярпець далей стане ўжо немагчыма. Пакуль што справы рухаюцца менавіта ў такім кірунку. Ужо на працягу мінімум двух гадоў пагаршэньне адбываецца паўсюль, ва ўсіх сфэрах. Нам падвысілі пэнсійны ўзрост, у многіх адабралі апошнія льготы. Уводзяцца ўсё новыя і новыя паборы ў выглядзе розных падаткаў, збораў, пошлін... Ад сацыяльнай дзяржавы засталіся рожкі ды ножкі.

Спачатку мяне гэта вельмі засмучала. А цяпер гляджу на гэта па-філязофску... Выглядае, чым горш нам становіцца, тым бліжэй разьвязка гэтага нясьцерпна зацягнутага спэктаклю даўжынёй 23 гады. Ахвотных цярпець гэта і далей, паводле маіх назіраньняў, усё меней».

Так напісаў у сваім лісьце на Свабоду Павал Куксо з Горадні.

Ня думаю, спадар Павал, што схема «чым горш — тым лепш» унівэрсальная і немінуча спрацоўвае на карысьць свабоды і дэмакратыі. Для прыкладу, куды ўжо горш справы ў эканоміцы, чым у Паўночнай Карэі: людзі з голаду пухнуць, некаторыя вымушаны траву есьці... Ці Куба: эканоміка даведзена да такога стану, што бяз картак немагчыма купіць нават ніжнюю бялізну і мыла. Але на трываласьць дыктатарскіх камуністычных рэжымаў гэта мала паўплывала. Хутчэй наадварот: дыктатары яшчэ больш заціскаюць гайкі, спасылаючыся на падкопы замежных ворагаў, празь якіх нібыта яны і ня могуць пабудаваць абяцаную свайму народу шчасьлівую рэчаіснасьць.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111. Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut. by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG