У Вярхоўным судзе пакуль не камэнтуюць неафіцыйныя зьвесткі пра сёмага беларускага «сьмяротніка», пра якога раней паведаміў сайт Праваабарончага цэнтру «Вясна» са спысылкай на віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава.
«Без камэнтароў. Будзе ў сераду прэсавая канфэрэнцыя намесьніка старшыні Вярхоўнага суду Калінковіча, можаце задаць гэтае пытаньне яму», — адказала прэсавая сакратарка Вярхоўнага суду Юлія Ляскова.
Паводле «Вясны», сёмы «сьмяротнік» з кастрычніка 2017 году чакае ў Менскім сьледчым ізалятары выкананьня прысуду да сьмяротнага пакараньня, які Віцебскі абласны суду вынес у верасьні. Што вядома пра гэтага чалавека, за што яго асудзілі на сьмерць?
«Пакуль у нас інфармацыя не пацьверджаная, што гэты чалавек — вязень адной зь беларускіх турмаў, які нібыта забіў сукамэрніка, — расказаў Свабодзе праваабаронца Андрэй Палуды. — Гэты магло быць у турме ў Глыбокім, дзе сядзяць пажыцьцёвікі, ці ў якім іншым месцы Віцебскай вобласьці. Паводле нашай інфармацыі, суд над ім быў выязны, фактычна закрыты, бо праходзіў ва ўстанове пэнітэнцыярнай сыстэмы».
Праваабаронцам раней было вядома, што ў 2017 годзе ў Беларусі было вынесена 4 сьмяротныя прысуды. На сьмерць былі асуджаныя Аляксей Міхаленя, Кірыл Казачок, Ігар Гершанкоў, Сямён Беражны.
А сёлета Менскі гарадзскі суд вынес два смяротныя прысуды— Аляксандру Жыльнікаву і Вячаславу Сухарку — за забойства маладой пары ў Мінску і мужчыны ў Калодзішчах.
Улады кажуць, што сьмяротнае пакараньне патрэбна дзеля прафіляктыкі цяжкіх злачынстваў, але яны гэтых людзей хаваюць, потым цішком расстрэльваюць
Палуда не выключае, што асуджаных на сьмерць можа быць і больш.
«Атрымліваецца нейкая дзіўная сытуацыя, — разважае ён. — З аднаго боку, улады кажуць, што сьмяротнае пакараньне патрэбна дзеля прафіляктыкі цяжкіх злачынстваў, а з другога боку, яны гэтых людзей хаваюць, потым цішком расстрэльваюць, і вялікае пытаньне, колькі ж у нас яшчэ такіх, якія прайшлі міма праваабаронцаў праз гэты сьмяротны канвэер?»
Беларусь — адзіная краіна У Эўропе, дзе ўжываюць і выконваюць пакараньне сьмерцю. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у краіне за гады незалежнасьці было вынесена каля 400 сьмяротных прысудаў, толькі аднойчы сьмяротны прысуд быў скасаваны. У 2016 годзе былі вынесеныя 3 сьмяротныя прысуды, у 2015 годзе стала вядома пра выкананьне двух сьмяротных прысудаў.