Лінкі ўнівэрсальнага доступу

#нарадзіладома: Беларускі паказваюць у сацсетках народжаных дома дзяцей


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пасьля суду над віцебскай парадзіхай Вольгай Сьцяпанавай, якая ў выніку хатніх родаў страціла дзіця і атрымала за гэта 6 месяцаў калёніі-пасяленьня, у Беларусі пачалася шырокая дыскусія пра хатнія роды, прычыну выбару такога шляху, яго мэтазгоднасьць і законнасьць. Сёньня ў Беларусі роды дома не забароненыя, але, калі дзіця памрэ, жанчына нясе крымінальную адказнасьць.

Псыхоляг Вікторыя Сьмірнова пачала ў Facebook флэшмоб, у якім жанчыны публікуюць фота дзяцей, народжаных дома, каб паказаць хатнія роды ў пазытыўным аспэкце.

Аліна Стэфановіч
Аліна Стэфановіч

Адна з удзельніц флэшмобу, маці траіх дзяцей перакладчыца Аліна Стэфановіч, кажа Свабодзе, што, на яе думку, жанчыны змагаюцца не за права адмовіцца ад дапамогі дактароў у час родаў, а менавіта за права выбіраць, у якіх умовах нараджаць:

«Я думаю, усе жанчыны перш за ўсё хочуць бясьпекі для сваіх дзяцей і для сябе, – разважае Стэфановіч. – І менавіта таму яны выступаюць за права выбару: з розных прычынаў ня ўсе жанчыны адчуваюць бясьпеку ў нашых сучасных радзільнях.

Яны там ня могуць добра нарадзіць, бо для родаў патрэбна адпаведнае стаўленьне да жанчыны. У той жа час я ўпэўненая, што ўдзельніцы флэшмобу былі б і ня супраць пайсьці ў радзільню, калі б там былі нармальныя ўмовы.

Асноўны мэсэдж гэтага флэшмобу – стварэньне нармальных умоваў у радзільнях, каб жанчыны маглі туды з радасьцю ісьці, не баючыся, што нешта можа здарыцца зь імі ці зь дзецьмі. А таксама права жанчыны на мэдычную дапамогу ня толькі ва ўстановах аховы здароўя, але таксама і дома. Цяпер хатнія роды легальныя, але нельга атрымаць ніякай мэдычнай дапамогі. Вельмі шмат каму з жанчын сапраўды камфортна нараджаць дома з удзелам спэцыялістаў – або ў радзільні паводле свайго сцэнару.

На жаль, радзільні цяпер ня могуць забясьпечыць элемэнтарнага пляну выкананьня родаў. Такія рэчы, як абавязковыя роды з партнэрам, фактычна немагчымыя: можна падпісаць дамову, заплаціць грошы, а потым акажацца, што ці карантын там, ці няма залі, ці доктар супраць…

Яны ня могуць забясьпечыць, каб дактары бралі інфармаваную згоду на кожную працэдуру: вельмі часта спачатку нешта робіцца, і толькі потым жанчына даведваецца, што ёй, напрыклад, пракалолі пухір або зрабілі нейкую ін'екцыю.

Ведаеце, калі браць амэрыканскія лічбы, то хатнія роды нават без удзелу спэцыялістаў – гэта каля 1 сьмерці на 1000 немаўлятаў (13 на 10 000 дома з удзелам акушэркі супраць 3,5 на 10 000 у шпіталі. – РС). У нашых радзільнях – не пры хатніх родах, а менавіта ў радзільнях – каля 3 на 1000 (29 на 10 000 за першыя сем месяцаў бягучага году. – РС).

Я думаю, пытаньне трэба ставіць пра камфортныя ўмовы для жанчын, і каб жанчыны не баяліся зьвяртацца па дапамогу. Вельмі часта бывае, што жанчына вырашыла нараджаць дома, але потым нешта пайшло ня так – і яна проста баіцца зьвяртацца па дапамогу, бо пачнуць яе лаяць, праклінаць… Нядаўна быў выпадак: пасьля родаў жанчына зьвярнулася да дактароў і стаяла ў прыёмным аддзяленьні 4 гадзіны на нагах, і яе там лаялі ўсе.

Роды – гэта перш за ўсё асабістая падзея ў жыцьці жанчыны, у жыцьці сям’і, таму толькі жанчына можа выбіраць, як ёй нараджаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG