Блогер Антон Матолька расказаў на Facebook пра адказ з Нацыянальнага гістарычнага музэю наконт рэклямы выставы «1918: БНР — Ідэя. Край. Дзяржава. Крок да незалежнасьці».
Раней Антон Матолька зьвяртаўся ў Міністэрства культуры з пытаньнем, чаму такую выставу не рэклямуюць прынамсі на афішах каля музэю, хоць афішы іншых выставаў там разьмешчаныя.
У адказе дырэктара музэю Паўла Сапоцькі, якому пытаньне перанакіраваў Мінкульт, сьцьвярджаецца, што рэкляма выставы «разьмешчаная на музэйным сайце».
Зьвесткі пра выставу можна знайсьці хіба ў архіве навінаў на сайце музэю і ў пошуку па календары.
Нягледзячы на такую сьціплую рэкляму выставы, яна, паводле музэю, «карысталася вялікім посьпехам самай шырокай аўдыторыі», «яе наведваюць усе, хто прыходзіць у музэй». У сярэднім, сьцьвярджае Сапоцька, выставу наведваюць 50–70 чалавек на дзень, а ўсяго з 15 сакавіка яе наведалі больш як 15 600 чалавек.
Выстава працягнецца да 7 траўня, яна «ня носіць камэрцыйнага характару» — гэта значыць, яе наведваньне ўваходзіць у звычайную цану квіткоў у музэй.