У суботу 31 сакавіка некалькі СМІ паведамілі пра прызначэньне на пасаду дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музэю 26-гадовага культуроляга Паўла Сапоцькі, які да таго працаваў кіраўніком галерэі «Ўнівэрсытэт культуры».
Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак зьвярнулі ўвагу на часавую блізкасьць замены кіраўніцтва музэю з рэзананснай выставай да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, якая адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музэі 14 сакавіка сёлета.
Сам былы дырэктар Алег Рыжкоў на пісьмовую просьбу Радыё Свабода аб камэнтары не адказаў. Але на сваёй старонцы ў Facebook напісаў:
«Поздравляю Павла Сапотько с назначением на должность директора НИМ. Успехов».
У камэнтары для Радыё Свабода пісьменьнік Уладзімер Арлоў паведаміў, што дазнаўся пра адстаўку Алега Рыжкова яшчэ два месяцы таму — у пачатку лютага. На думку Ўладзімера Арлова, прызначэньне новага дырэктара ніяк ня зьвязана з выставай да 100-годзьдзя БНР.
— Калі б мы жылі ў іншай Беларусі, то я мог бы выказаць меркаваньне, што дырэктара вызвалілі ад пасады за тое, што да 100-годзьдзя БНР была адкрытая малая і пасьпешліва зробленая выстава... Калі ж казаць сур’ёзна, то на маю думку наўрад ці прызначэньне новага дырэктара неяк зьвязана з выставай, бо пра адстаўку Рыжкова і пошукі новага дырэктара я чуў яшчэ ў пачатку лютага сёлета. Затое я абсалютна ўпэўнены, што адкрыцьцё выставы да 100-годзьдзя БНР у Нацыянальным гістарычным музэі адбылося на жаданьне уладаў Беларусі і было зьвязана зь іншымі аналягічнымі іх захадамі — адкрыцьцём памятнага каменя братам Луцкевічам, правядзеньнем навуковай канфэрэнцыі і іншых культурных юбілейных мерапрыемстваў у сталіцы і правінцыі, — сказаў Уладзімер Арлоў у інтэрвію Радыё Свабода.
Пісьменьнік зьвяртае ўвагу на недастаткова прадуманы характар выставы да 100-годзьдзя БНР у галоўным гістарычным музэі краіны, у прыватнасьці адстунасьць галоўнага інфармацыйнага стэнду, які мае сустракаць наведнікаў і расказваць пра тое, чаму прысьвечаная выстава.
Прыцягнула да сябе ўвагу і асоба новага дырэктара музэю — 26-гадовага культуроляга Паўла Сапоцькі. Смі і карыстальнікі сацыяльных сетак зьвярнулі ўвагу на вялікую колькасьць розных пасадаў і ўзнагародаў, якія мае выкладык Унівэрсытэта культуры Павел Сапоцька. Ён зьяўляецца старшынём праўленьня Менскага абласнога аддзяленьня Беларускага фонду культуры, намесьнікам старшыні Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, выконвае функцыі адказнага сакратара дабрачыннага фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» па Маладэчне, кіруе Цэнтрам міжкультурнага дыялёгу і сацыяльных ініцыятыў Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва.
Былы дырэктар Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча, праваабаронца Алесь Бяляцкі наступным чынам пракамэнтаваў новае прызначэньне:
«...Ці атрымаецца тое ў Паўла?... Дай Божа. Але згадваю старую мінкультаўскую норму: прызначаць на кіраўнічыя пасады асобаў, якія мінімум пяць гадоў адпрацавалі па профілю. Конкурсаў не было, як і зараз, шкада, але ж быў такі працоўны цэнз. Каб дроў не наламалі нявопытныя кіраўнікі. Пагаджуся, быў у гэтым сэнс».
Гісторык Натальля Гардзіенка ведае Паўла Сапоцьку па сумеснай працы. Яна лічыць, што гэта — добры выбар:
«Павел працаваў ужо колькі гадоў дырэктарам мастацкай галерэі „Ўнівэрсытэт культуры“. Мы супрацоўнічалі зь ім, у тым ліку і пры арганізацыі выставы, прысьвечанай 90-годзьдзю Зоры і Вітаўта Кіпеляў. Вельмі добрыя ўражаньні ён пакінуў. Спадзяюся, і ў гістарычным музэі ў яго ўсё атрымаецца».
З самім Паўлам Сапоцькам пакуль скантактавацца не ўдалося.