Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары рэктара ЭГУ: ці здолеюць беларусы прасьлізнуць скрозь шчыльныя фільтры адбору?


На пасаду рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту пададзена 29 заявак. Тэрмін іх прыёму скончыўся 17 студзеня. Імёны кандыдатаў не называюцца — захоўваецца канфідэнцыйнасьць. Таму пакуль невядома, ці ёсьць сярод прэтэндэнтаў грамадзяне Беларусі і выкладчыкі ЭГУ. Але Аляксандар Мілінкевіч і Алесь Краўцэвіч, якія вылучалі свае кандыдатуры на мінулых выбарах рэктара, патлумачылі Радыё Свабода, чаму сёлета на выбары не ідуць. Яшчэ адна экс-кандыдатка, прафэсарка ЭГУ Тацяна Шчытцова, захоўвае інтрыгу.

Два гады таму, калі былі папярэднія выбары рэктара, у шорт-лісьце на кіроўную пасаду было сем кандыдатаў. Гэта трое беларусаў — гарадзенскі прафэсар-гісторык Алесь Краўцэвіч, тагачасны кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч і прафэсар філязофіі, выкладчыца ЭГУ Тацяна Шчытцова, а таксама тры амэрыканцы (Дэвід Полік, Дарыюс Удрыс, Эдвард Рослаф) і літовец Шарунас Ліекіс. Перамог амэрыканскі прафэсар Дэвід Полік, які ачольваў ЭГУ з красавіка 2015 году да чэрвеня 2016 году.

Хто канкрэтна падаў заяўкі, ці ёсьць сярод прэтэндэнтаў грамадзяне Беларусі, ці ёсьць цяперашнія выкладчыкі ўнівэрсытэту, не паведамляецца. Паводле словаў кіраўніка па камунікацыях і маркетынгу ЭГУ Максімаса Мілты, так робяць, «кіруючыся патрабаваньнямі па захоўваньні канфідэнцыйнасьці ў дачыненьні да пададзенай кандыдатамі інфармацыі».

Радыё Свабода зьвязалася з трыма былымі прэтэндэнтамі на пасаду рэктара зь беларускага боку.

Алесь Краўцэвіч: «Я ня веру ў дэмакратычнасьць, празрыстасьць працэдуры выбараў. ЭГУ — камэрцыйнае прадпрыемства»

Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч

Прафэсар, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч сказаў, што сёлета не падаваў заяўку, бо лічыць, што няма сэнсу:

«Дый першы раз я падаў заяўку таму, што мяне ўгаварылі салідныя людзі, а потым ужо пашкадаваў, што падаваў. Гэта не маё. Да таго ж у мяне працоўныя творчыя пляны расьпісаныя далёка наперад. Кнігі трэба пісаць. Хоць рэктар ЭГУ — гэта таксама важна, але для мяне больш цікава кніжкі пісаць.

Тым больш што я ня веру ў дэмакратычнасьць, празрыстасьць самой працэдуры выбараў. ЭГУ — гэта камэрцыйнае прадпрыемства, і дзейнічае яно па законах камэрцыі. А задача камэрцыі — гэта выгада.

Што да місіі беларускасьці, то ў цэлым унівэрсытэт яе не выконвае ні ў якім разе, як задумвалася. Там калі і была беларускасьць, то дзякуючы асобным выкладчыкам і самім студэнтам, якія хочуць вучыцца па-беларуску».

Што да палітыкі канфідэнцыйнасьці і таямніцы вакол прэтэндэнтаў на пасаду рэктара ЭГУ, прафэсар Краўцэвіч пажартаваў:

«Так, гэта ваенная тайна! Гэта закрытая пасада якога-небудзь рэзыдэнта. Дай Бог, каб абралі беларуса, але я ў гэта ня веру».

Аляксандар Мілінкевіч: «Жорсткія патрабаваньні і ўмовы прапісваюцца пад пэўных кандыдатаў»

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

Палітык Аляксандар Мілінкевіч таксама кажа, што гэтым разам не падаваў заяўку на пасаду рэктара ЭГУ, бо ў яго зьмяніліся жыцьцёвыя пляны, ён займаецца іншымі праектамі. Што да цяперашніх патрабаваньняў да кандыдатаў і ўмоваў правядзеньня конкурсу, спадар Мілінкевіч выказаў такое меркаваньне:

«Звычайна, калі праводзяцца дэмакратычныя выбары, так моцна не абмяжоўваюць, даволі шырокае кола людзей можа вылучацца. А тут выглядае так, што пэўныя асобы пажаданыя, пэўныя — не. Таму, я мяркую, такія жорсткія патрабаваньні і ўмовы адмыслова прапісваюцца пад пэўныя кандыдатуры.

Наагул, я цяпер спакойна стаўлюся да гэтага праекту, хаця баліць. Я думаю, што ўсё ж такі ЭГУ ня будзе служыць беларускай ідэі ў такой ступені, як марыла бальшыня людзей зь беларускай грамадзянскай супольнасьці. Беларускасьць гэтага ўнівэрсытэту задумвалася ня толькі па мове навучаньня. Унівэрсытэт меўся быць цэнтрам беларускага жыцьця ў суседняй сталіцы, і культурніцкага, і адукацыйнага. І хацелася, каб людзі, якія з унівэрсытэту выходзяць, былі ўсе апантаныя беларускасьцю, вярталіся ў краіну і служылі трансфармацыі Беларусі. Мадэль унівэрсытэту зьмяняецца. Хутчэй за ўсё, ён адыдзе ад служэньня Беларусі, і, хутчэй за ўсё, гэта будзе ўнівэрсытэт, які будзе супрацьстаяць „русскому миру“ ў краінах Балтыі. Гэта значыць — працаваць з расейскамоўнымі, якія там жывуць і пад уплывам „русского мира“ маюць сьвядомасьць. Займацца гэтымі людзьмі. Мне здаецца, будзе такая зьмена місіі ЭГУ».

Тацяна Шчытцова: «У ЭГУ ёсьць шмат кандыдатаў, годных прэтэндаваць на пасаду рэктара»

Тацяна Шчытцова
Тацяна Шчытцова

Прафэсар філязофіі ЭГУ Тацяна Шчытцова кажа, што цяпер працэдура выбараў рэктара прадумана гэтак, што было б няправільна абвяшчаць імёны прэтэндэнтаў на пасаду на гэтым этапе:

«Няма сэнсу анансаваць кандыдатуры. Магу толькі сказаць, што, улічваючы ўвесь кантэкст, сёлета было б вельмі важна, каб ад акадэмічнай супольнасьці ўнівэрсытэту было б як мага больш заявак на пасаду рэктара. На мой погляд, у ЭГУ ёсьць не адзін чалавек і ня два чалавекі, а шмат кандыдатур, годных прэтэндаваць на гэтую пасаду. Як кажуць, „кропля камень точыць“. Каб падтрымліваць вельмі важны і значны для нас пасыл, што акадэмічная супольнасьць ва ўнівэрсытэце досыць магутная, здольная, каб сваіх кандыдатаў мець і каб мы выйшлі на сурʼёзны ўзровень самакіраваньня. Такі, калі б на пасадзе рэктара быў прадстаўнік нашай унівэрсытэцкай супольнасьці. Таму, я спадзяюся, гэтым разам у нас будзе не адзін і ня два, а некалькі кандыдатаў. Ня ведаю. Але пытаньне, хто і да якой стадыі ў гэтых умовах здолее дайсьці, застаецца адкрытым».

На просьбу ацаніць, наколькі жорсткія ўмовы конкурсу, наколькі складаныя патрабаваньні, прафэсарка філязофіі ЭГУ Тацяна Шчытцова адказала:

«Ня думаю, што гэта прадмет для крытыкі. Проста некаторыя патрабаваньні сфармуляваныя такім чынам, што яны могуць інтэрпрэтавацца па-рознаму і сапраўды стаць фільтрамі, празь якія некаторым маім калегам, дый іншым прэтэндэнтам прайсьці будзе складана. Некаторыя крытэры неадназначныя, і магчымая розная інтэрпрэтацыя асобных умоваў. Проста не да кожнага крытэра даецца суправаджальная дэфініцыя, як гэта разумець. Некаторыя фармулёўкі могуць разумецца па-рознаму, і ў залежнасьці ад таго, як іх зразумее ўпаўнаважаны камітэт, можна будзе лічыць пэўную кандыдатуру адпаведнай або непрымальнай».

Працэдура выбараў рэктара ЭГУ даволі няпростая. Адбіраць кандыдатаў на пасаду рэктара будзе ўпаўнаважаны камітэт з 7 асобаў:

  • старшыня агульнага сходу сузаснавальнікаў ЭГУ і прэзыдэнт фонду «Эўразія» Гортан Бібі-Сэнтэр,
  • прэзыдэнт ЭГУ Анатоль Міхайлаў,
  • выканаўца абавязкаў рэктара ЭГУ Ёрген Ёргенсэн,
  • прафэсар-эмэрыт Рыгор Мінянкоў,
  • сябра Сэнату ЭГУ Андрэй Сьцяпанаў,
  • сябра Кіраўнічай рады ЭГУ і прарэктар Каледжа Эўропы Эва Асьнецка-Тамецка,
  • старшыня Сэнату ЭГУ, прэзыдэнт студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ Ганна Філістовіч.

Да 3 лютага Камітэт па адборы павінен скласьці шорт-ліст з 2–3 кандыдатаў, якія будуць праходзіць гутаркі і адмысловыя тэсты.

Да 24 сакавіка Агульны сход сузаснавальнікаў ЭГУ павінен прыняць канчатковае рашэньне. І ў другім квартале новаабраны рэктар павінен заступіць на пасаду.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт — прыватная, некамэрцыйная навучальная ўстанова, заснаваная ў Менску ў 1992 годзе. Пасьля гвалтоўнага закрыцьця беларускімі ўладамі ў 2004 годзе ЭГУ працягнуў сваю працу ў Вільні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG