Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ўнівэрсытэт варта было пачынаць у Польшчы — Краўцэвіч


Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч

Гісторык Алесь Краўцэвіч, які быў кандыдатам у рэктары ЭГУ ў 2015-м, кажа, што страта ЭГУ ня будзе вялікай стратай для Беларусі, але прапануе сваё бачаньне «ўнівэрсытэту ў выгнаньні».

Цяперашні рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Дэйвід Полік сыдзе з пасады ў канцы лета. Абраньне рэктара тады атрымалася скандальным, канкурэнты не прызналі абраньне Поліка на рэктара ЭГУ дэмакратычным. Адзін з кандыдатаў, Аляксандар Мілінкевіч, заклікаў правесьці перавыбары. Цяпер жа ён ня хоча згадваць падзеі тых дзён і адмовіўся камэнтаваць навіну пра сыход Поліка.

Іншы кандыдат на тых выбарах, доктар гістарычных навук, прафэсар, кіраўнік Цэнтру беларускіх студыяў Варшаўскага ўнівэрсытэту Алесь Краўцэвіч, закранае ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды момант, які цяпер падкрэсьлівае кіраўніцтва ЭГУ — што падчас абраньня рэктара гаворка ішла пра часовы характар пасады:

«Такога я ня чуў. Калі я ўдзельнічаў у гэтых выбарах, я ня памятаю, каб акрэсьлівалася нейкая канкрэтная дата сыходу. Гаворкі не было пра тое, на які год будзе падпісаны кантракт. Гаворка была пра тое, з кім у прынцыпе будзе падпісаны кантракт».

У тыя дні, згадвае Краўцэвіч, перад новым рэктарам ня ставілі канкрэтных задачаў — наадварот, чакалі праграмы, як бачыць кандыдат разьвіцьцё ўнівэрсытэту.

Я лічу, што цяпер гэта ўнівэрсытэт ніякі не беларускі, гэта чыста камэрцыйны праект, праект прэзыдэнта ЭГУ Міхайлава, які ня лічыць беларусаў паўнавартасным народам.

«Мая галоўная ідэя ў праграме была — зрабіць гэты ўнівэрсытэт беларускім, — распавядае Краўцэвіч. — Больш канкрэтна — напрыклад, зрабіць унівэрсытэт цэнтрам выданьня падручнікаў і работ, сынтэзаў найперш па гісторыі і гуманітарных дысцыплінах, зрабіць альтэрнатыву падручнікам лукашэнкаўскім.

Я лічу, што цяпер гэта ўнівэрсытэт ніякі не беларускі, гэта чыста камэрцыйны праект, праект прэзыдэнта ЭГУ Міхайлава, які ня лічыць беларусаў паўнавартасным народам».

Дарэчы, Краўцэвіч не адзіны, хто ставіў беларускасьць ЭГУ пад сумнеў: год таму больш за 50 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі падпісалі з нагоды выбараў новага рэктара ЭГУ заяву, у якой казалі, што пры Поліку «ЭГУ не дае падставаў надалей лічыць яго беларускім праектам».

Страта ЭГУ будзе нязначнай для Беларусі, а беларускі ўнівэрсытэт варта было пачынаць у Польшчы

Краўцэвіч ня можа прадказаць, ці абяруць увосень новым рэктарам беларуса, але сам ня стане браць удзел у новых выбарах рэктара. Тым часам пасьля страты буйнога спонсара — Паўночнай рады — гучаць сумневы ў тым, што застануцца іншыя спонсары і што ўнівэрсытэт увогуле працягне дзейнасьць.

Што будзе, калі ЭГУ зьнікне?

У тым выглядзе, у якім сёньня выступае ЭГУ, яго галоўная нацэленасьць варожая Беларусі.

«Я думаю, гэта будзе для Беларусі стратай не сур’ёзнай, — разважае Краўцэвіч. — Наадварот, я лічу, што ў тым выглядзе, у якім сёньня выступае ЭГУ, яго галоўная нацэленасьць варожая Беларусі. Пры ўсім тым, што шкада студэнтаў, а гэта будзе мець уплыў на лёс многіх соцень людзей, якія туды паступілі і заплацілі грошы... Пры ўсім гэтым я лічу, што ліквідацыя гэтай антыбеларускай установы будзе добрая для Беларусі».

Краўцэвіч кажа, што сама ідэя беларускага ўнівэрсытэту за мяжой яму не даспадобы, але ў Беларусі паўнавартасны ўнівэрсытэт стварыць цяпер немагчыма:

ЭГУ для маленькай рэспублікі Летувы бачыцца небясьпекай цэнтру беларускага нацыяналізму, экспансіянізму і гэтак далей.

«Я лічу, што зародак новага нацыянальнага ўнівэрсытэту павінен рабіцца за мяжой — і найперш у Польшчы. З той простай прычыны, што ЭГУ для маленькай рэспублікі Летувы бачыцца небясьпекай цэнтру беларускага нацыяналізму, экспансіянізму і гэтак далей. Для Польшчы, нашмат большай за Беларусь, існаваньне беларускага ўнівэрсытэту ня будзе выглядаць пагрозай, а магчымасьці дапамогі нашмат большыя.

Калі б гэты ўнівэрсытэт пачынаўся ў Польшчы, з абавязковым пунктам у праграме пра перанос у Беларусь, з пунктам, што канчатковай мэтай ёсьць дзеяньне на тэрыторыі Беларусі, то было б менш кантролю з боку ўладаў, менш, чым у Летуве, кантролю з боку спэцслужбаў. Было б нашмат вальней».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG