Сьцісла:
- Слоўнічак для пачаткоўцаў. Бальшыню словаў на малюнках проста трэба ўспомніць/запомніць.
- Многія дзівяцца, але слова гіцаль, акрамя гістарычнага значэньня ‘сабакар’ і пераносных ‘шэльма, гарэза’, азначае і пятлю на каўняры.
- Слова імбрык прыйшло зь цюрскіх моваў (крымскататарскае yıbrıq, ібрык у беларускіх татараў), спачатку азначала збан для вады, а потым — для кавы.
- У нас імбрык ці імбрычак — спачатку каўнік, потым і начыньне гатаваць ваду, і пасудзіна для запарваньня. Апошнім часам спрабуюць разьдзяляць значэньні: імбрычак — запарваць гарбату.
- „Паліто“ ў жывой беларускай мове скланяецца: у паліце. А нават у палітоне.
- Акрамя ґузіка (гук Ґ выбухны), для зашпільваньня куртак і палітонаў можа служыць гаплíк (мн. лік гаплікí) — мэталічны кручок.
- А пра халяву — vox populi:
Гіцаль
Старадаўні германізм, ад Hitzel (магчыма, у беларускую мову прыйшоў празь ідыш). У старабеларускай гіцаль — памочнік кáта, потым слова абазначала сабакара і наагул жывадзёра, ужывалася і мэтафарычна — пра агіднага чалавека, урэшце стала адной з назваў бяскрыўднага гарэзы.
Вось якія пераклады для гэтага слова дае Беларуска-расейскі слоўнік (1988):
гіцаль м.
1. живодёр;
2. разг. озорник, сорванец;
3. вешалка (платья, пальто)
У польскай і ўкраінскай гэтае слова з гістарычна першым значэньнем ‘сабакар’, ад якога пайшло пераноснае — ‘нягоднік, лодар’. Але толькі ў беларускай мове яно займела яшчэ адно значэньне — пятлі знутры каўняра палітона ці курткі. Як? Мо таму, што пятля была асноўным інструмэнтам гіцля ў 1-м значэньні…
Дымелі імбрыкі бляшаны
Вакол слова імбрык ідуць гарачыя (што натуральна) дыскусіі: ці яно наагул мае права быцьця ў літаратурнай мове, а калі ўсё ж мае, то што яно азначае ў пáры імбрык — імбрычак; дый месца націску ў слове не такое яснае.
У афіцыйных слоўніках Акадэміі навук імбрыка няма, толькі імбрычак з значэньнем ‘чайнік для заваркі чаю’, прычым у статусе „ўстарэлага“ (шасьцітамовы Тлумачальны слоўнік 1980-х гадоў). Але знаходзім імбрык у вялікім „Беларуска-расійскім слоўніку“ Яна Станкевіча (Нью-Ёрк, 1990):
Аўтар чамусьці ня даў прыкладаў ужываньня слова ў літаратуры ці ў гаворках. На гэта зьвяртаў увагу Юры Пацюпа ў грунтоўным і эмацыйным эсэ „Гарбата ці чай, чайнік ці імбрычак? або Як ня стаць Бурыданавым аслом“ . Пры тым што слова ёсьць у польскай, і ўкраінскай, і літоўскай, і віленскі габрэй Лейба Імбрык у 1924 годзе меў на 1-й Яткавай вуліцы краму адзеньня... Жывую беларускую мову такое агульна-ВКЛаўскае слова абысьці не магло.
І сапраўды: ёсьць імбры́к у нашых гаворках (дыялектолягі пачулі слова ў Мсьцібаве Ваўкавыскага раёну; у іншых мясьцінах чáйнікі, чайнікí, імбрычкі, амбрычкі...; пытаньне задавалі пра „посуд, у якім заварваюць чай“).
Але яшчэ цікавей даведацца, хто зь пісьменьнікаў-клясыкаў ужыў слова імбрык. Гэта Францішак Аляхновіч — першы наш урбаністычны драматург, у п’есах якога паўстае Вільня пачатку ХХ стагодзьдзя.
У камэдыі „На Антокалі“ (1915) Зоська і Юзюк „выходзяць у кухню. Хутка варочаюцца нясучы: ён самавар, каторы ставіць на стале, яна імбрык“. Значыць, у гарадзкім побыце беларусаў, прынамсі віленскіх, слова было звычайным.
А празь пятнаццаць гадоў імбрык узгадвае сам Браніслаў Тарашкевіч — у зробленым у польскай турме перакладзе „Пана Тадэвуша“. У Міцкевічавым арыгінале, у 2-й быліцы, хваласьпеў нашай тутэйшай традыцыі кавы пачынаецца радкамі:
Różne też były dla dam i mężczyzn potrawy:
Tu roznoszono tace z całą służbą kawy,
Tace ogromne, w kwiaty ślicznie malowane,
Na nich kurzące wonnie imbryki blaszane
I z porcelany saskiej złote filiżanki,
Przy każdej garnuszeczek mały do śmietanki.
Тарашкевічава вэрсія:
Для дaм i мyжчынаў былi pазнapoдныя стpaвы.
Тyт слyжбa на тaцаx рaзнoсiла кавы заставы,
А тaцы вялiзныя ў кветкi yсё маляваны,
Нa ix дaбpавoннa дымелi iмбpыкi бляшаны,
З саксонскага фарфару ў золата цьвет філіжанкі,
Пры кожнай маленькі гаршчочак яшчэ да сьмятанкі.
(Заўважма: з рытму вынікае націск імбры́кі.)
У іншых перакладнікаў „Пана Тадэвуша“ былі імбрычкі (так у Язэпа Семяжона; у Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча ямбрычкі) або чайнікі бляшаныя (у Пятра Бітэля).
Кава зрабілася традыцыйным гарачым напоем у нас раней за гарбату — найперш у культуры магнацкага і шляхоцкага двору. Слова было відавочна сваім для Адама Міцкевіча — як і для беларусаў-адраджэнцаў пачатку наступнага стагодзьдзя. Гэта пацьвярджаюць і браты Максім і Гаўрыла Гарэцкі ў „Маскоўска-беларускім слоўніку“ (Вільня, 1920): там рас. кофейник — бел. імбрык да кавы. Як і крымскататарскае yıbrıq ці турэцкае ibrik — мядзяны ці наагул мэталічны збан (для кавы, а раней проста для вады).
Адтуль слова і прыйшло. Звычайна пішуць, што да нас гэты цюркізм трапіў з турэцкай, але праз вугорскую і польскую. Надта ж пакручасты шлях. У беларускую (і ўкраінскую) мову слова магло прыйсьці наўпрост з крымскататарскае. Націск імбры́к у беларускіх гаворках і ў радках Тарашкевіча не вугорскі ці польскі, а тыпова цюрскі. І зусім натуральна было беларусам пераняць слова ў нашых жа беларускіх татараў, нашчадкаў крымцаў.
Станіслаў Крычынскі ў манаграфіі „Tatarzy litewscy“ (1938), зьвесткі для якой зьбіраў у 1926–1937 г. у асноўных месцах іх расьсяленьня — ад Ляхавічаў да Сорак-Татараў, сьведчыць: сярод нешматлікіх татарскіх словаў у іхнай жывой беларускай мове (Крычынскі запісаў 32) было і слова ібрык ‘збан’.
Адкуль устаўны -м-? Памятаеце, у „Чужой бацькаўшчыне“ В. Адамчыка быў герой Імполь? Імя — беларуская народная форма ад Іпаліт (Гіпаліт). Або прастамоўнае кумпал ад купал. Таксама ўстаўлены [м] перад [п] у пазычаным слове. Розныя славянскія мовы, пазычыўшы цюрскае слова ibrik (якое ў сваю чаргу мае арабска-пэрсыдзкія карані), устаўлялі [м]: imbrik у дубраўніцкім дыялекце харвацкай мовы, у чэскай, ужо згаданы imbryk у польскай, имбрикъ ува ўкраінскай XVIII ст. — тое самае магло адбыцца і на беларускай глебе.
Імбрык і імбрычак — ня Ганс і Гансік
Каву ў мядзяным збане даўно не падаюць. Словы імбрык ды імбрычак зрабіліся неад’емнымі ад чаяваньня. Але ці сапраўды разам з прыходам у Беларусь гарбаты адразу замацаваўся падзел: імбрык — гатаваць ваду, а імбрычак — запарваць гарбату або зёлкі?
Не. Нашыя клясыкі міжваеннай пары вельмі натуральна называлі імбрычкам і пасудзіну, дзе кіпела вада. (І, наадварот, імбрык у Ф. Аляхновіча яўна для запарваньня.) Прыклады падаў у згаданым эсэ Юры Пацюпа. Дадам зь Сяргея Грахоўскага:
Я мітусіўся па пустым пакоі,
Пакуль стары імбрычак запяе,
Абветранай калючаю шчакою
Хацеў далоні адагрэць твае.
(верш „Шлюб“)
І ў гаворках імбрычак мае абодва значэньні: [Імбрычак] ужо закіпеў (Літва Стаўп.); Імбрычак быў гліняны, ставілі яго зь зёлкамі ў печ (Ухвала Крупск.).
Апошнім часам зьявіліся спробы „разьвесьці“ значэньні двух словаў, пагатоў у слове імбрычак суфікс памяншальны. Г. зн. імбрык вялікі, гатаваць ваду, у тым ліку электрычны, а імбрычак меншы, парцалянавы. Можна лічыць і так, але не памылка лічыць гэтыя словы сынонімамі.
Што ж да націску — то з імбры́чкам праблем няма. А вось дыялектны і віленскі Тарашкевічаў імбры́к (лягічна ж: імбры́к — імбры́чак), адрадзіўшыся да новага жыцьця ў сучаснай Беларусі, націск памяняў на ўзор польскага. Цяпер практычна ўсе, хто ўжывае гэтае слова, кажуць íмбрык.
Палітоны скланяюцца і зашпільваюцца на гаплікí
Зазначу, што паліто ў жывой беларускай мове натуральным чынам скланяецца: у паліце. (Як гняздо — у гнязьдзе. І эўра на добры лад мусіць скланяцца.)
І мае варыянт мужчынскага роду палітон, які зьмяняецца па склонах і ліках яшчэ прасьцей. Як у „Народным альбоме“:
А мы павыцягваем з шафы
Шалікі, швэдры, пальчаткі,
Шкарпэткі з авечае воўны,
Зімовыя палітоны.
(„Сьнежань, Студзень, Люты“. На верш М. Анемпадыстава. 1997)
І яшчэ. Акрамя ґузіка (гук Ґ выбухны), зашпільваць курткі і палітоны можна на гаплíк (мн. лік гаплікí) — мэталічны кручок.