Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое халява? Ці беларускае гэта слова? Відэа зь менскай вуліцы


ХАЛЯВА
пачакайце
Embed

No media source currently available

0:00 0:06:24 0:00

Лавіць халяву выправіліся журналісты Свабоды. Прычым нездарма выбралі зімовы дзень і суседзтва абутковай крамы. Але нечакана высьветлілася, што слова халява ў абутковым значэньні большасьці апытаных не прыходзіць у галаву. Адны зусім не разумеюць, чаму іх выпытваюць пра верхнюю частку доўгага зімовага абутку:

— Это несущественно для меня. Есть более существенные у меня вопросы, которые надо решать.

Зрэшты, такая дэталь больш характэрная для сучаснага зімовага абутку жанчын. Спытаймася жанчын, мо яны лягчэй адкажуць:

— Ёсьць ступня… — А, галенішча? Вось гэтая частка.
Гэта расейская ці беларуская назва — галянішча?
— Точна магу сказаць, што гэта руская назва, но я думаю, што яна аднолькавая і на беларускай мове.

Не. Няма ў літаратурнай беларускай мове такога слова. Усё ж адзін чалавек дае правільны і дакладны адказ:— Частка ботаў да калена? Ну, па-нашаму, напэўна, халява, па-рускі голенище.Старое народнае беларускае слова, вядомае, зрэшты, у тым самым значэньні і ўкраінскай, і польскай (крыху ў іншым гучаньні), а ў значэньнях ‘бот’, альбо ‘калашына’, альбо ‘шкарпэтка’ — і старачэскай, і славацкай, і сэрбалужыцкім мовам.

У нас гэтае слова бытуе і ў яскравых выразах:

халяўкі смалíць ‘заляцацца да дзяўчыны’.

Яшчэ можна быць

дурным як халява.

Усе нашыя апытаныя, у тым ліку прыежджыя з Расеі, слова халява ведаюць. Але для бальшыні навіна, што яно азначае дэталь абутку. Часам дапамагала пераемнасьць пакаленьняў:

Часьцей я чула гэтае слова ад бабулі. Таму я думаю, што гэтае слова такое... местачковае, а не беларускае.

Слова халява ў абутковым значэньні менавіта беларускае літаратурнае. Але ведаюць яго нашыя суразмоўцы ў іншым значэньні:

— Ну што на халяву, то есьць безь ніякай працы, палучыць нешта.
Халява... Ну, гэта часьцей усяго нешта дармовае такое, набытае бяз грошай, нейкай хітрасьцю, можа...

А беларускае ці расейскае слова халява ў значэньні нешта дармовае, незаслужанае?

— Я заўсёды думала, што расійскае.
— Беларускае.
— Беларускае, скарэй усяго.
— А ў Расеі — у савецкі пэрыяд — халява як нешта дармавое. Ну, жаргон.

Думкі разышліся. Сапраўды, халява квітнее ў сучасным расейскім прастамоўі. А ў беларускай мове слова бытуе ў абодвух значэньнях:

1. ‘частка бота, якая закрывае нагу адступні і вышэй’
2. ‘дармаўшчына’

І нават беларускамоўныя студэнты ў гэтыя дні зімовай сэсіі практыкуюць рытуал лоўлі халявы, калі трэба выставіць залікоўку ў вакно і са словамі „Халява, лавіся!“ разгарнуць і згарнуць яе. Зрэшты, я рытуал не ўхваляю: лічу, што найперш вучыцца трэба. (А калі цябе вырашылі патапіць за палітычную неляяльнасьць, то дапамогуць не рытуалы.)

Слова халява трапіла найперш у расейскі крымінальны жаргон. І, хутчэй за ўсё, зь беларускай мовы. Чаму набыло такое значэньне? Ёсьць розныя гіпотэзы.

Скажам, прыметнік халяўная скура ў шаўцоў азначае таньнейшы, парэпаны-патрэсканы гатунак скуры, які ня пусьціш на больш адказныя дэталі. У радзіміцкіх гаворках Старадуб’я халява — нягоднік, халатны чалавек.

Адно зь пераносных значэньняў слова халява, як сьведчыць Іван Насовіч, — ‘рот, горла’: Халяву сваю распусьціўшы, крычыць. Мо нехта дамагаўся свайго „на халяву“— крыкам?

Боты пабітага журналіста зь нястатуснымі халявамі. Статусныя ў таго, хто біў.
Боты пабітага журналіста зь нястатуснымі халявамі. Статусныя ў таго, хто біў.

​А можа, адгадка ў выразе Відаць пана па халявах. У нашым культурным рэгіёне аналягічны выраз маюць палякі і ўкраінцы (дарэчы, беларускі выраз не пазычаны з польскага, а свой: па-польску poznać pana po cholewach — іншы дзеяслоў). Гісторык-энцыкляпэдыст Зыгмунт Глёгэр тлумачыў, што магнаты і шляхта насілі чырвоныя ці жоўтыя халявы да ботаў, а ў іншых станаў халявы былі некаляровыя, шэрыя. (Бачыце: задоўга да герояў фільму пра плянэту Кін-Дза-Дза колеравая дыфэрэнцыяцыя — праўда, не штаноў, а скураных халяваў.)) І рабочая гіпотэза пра зьмену значэньня слова халява — адсюль: нехта некуды незаслужана праскочыў дзякуючы чырвонай халяве ботаў.

То выраз на халяву нам не чужы. Пра яго згадаў у эсэ для „Слоўніку Свабоды“ Рыгор Барадулін. Але маем ня менш сакавіты фразэалягізм

на дурніцу (нешта атрымаць, здабыць).

Не забываймася на яго. Хаця нашаму мэнталітэту ўсё ж ані на халяву, ані на дурніцу здабываць нешта не адпавядае. Бесьперашкодна зарабіць сумленнай працай, а не чакаць ласкі ад уладаў узамен за пакорлівасьць, — відаць, гэта традыцыйны беларускі ідэал.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG