Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Карач: У нас было шмат ілюзіяў, і цяжка ў гэтым прызнавацца


Вольга Карач
Вольга Карач

Лідэрка кампаніі «Наш дом» Вольга Карач заявіла, што гатовая вылучыць сваю кандыдатуру на ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2015 году.

У інтэрвію Свабодзе Вольга паведаміла, што да 1 красавіка «Наш дом» прыме рашэньне пра кандыдата і пра магчымасьць удзелу ў выбарах:

— Кандыдат на ўдзел у выбарах ад кампаніі «Наш дом» будзе абірацца сярод некалькіх чалавек, у тым ліку былых чыноўнікаў і сілавікоў. Я не адзіны магчымы кандыдат. Цяпер мы гэта якраз і абмяркоўваем, у тым ліку — пазыцыю «Нашага дому» адносна выбараў і ці мае сэнс удзел у выбарчай кампаніі. Цяпер ідуць спрэчкі адносна адзінага кандыдата, а таму імёнаў я нават не называю.

Але самае галоўнае ў нашай спрэчцы — гэта пытаньне выніку. Мне асабіста і «Нашаму дому» нецікава мець такую пазыцыю, што наш кандыдат браў удзел у выбарах 2015 году — гэта нікому не цікава. А сытуацыя палітычная цяпер вельмі складаная. Яна складаная перадусім з-за таго, што мы недаацэньвалі ўплыў Расеі і на грамадзкую думку, і на многія працэсы ў грамадзкасьці. Гэта не сакрэт, што ён быў, што Расея ўплывае на эканамічнае становішча і гэтак далей. Але тое, што ён гэткі моцны — сталася для нас нечаканасьцю. Гэта летась сталася візуальным, і дагэтуль незразумела, што ў гэтых новых умовах можна зрабіць. Ці можна дамагчыся выніку і які гэта вынік. Якія могуць быць крытэры пасьпяховасьці гэтай кампаніі. А калі іх няма, то неабходна шукаць іншыя шляхі — і гэта галоўны вынік абмеркаваньняў.

Мы недаацэньвалі ўплыў Расеі і на грамадзкую думку, і на многія працэсы ў грамадзкасьці

Наша думка такая, што за мінулыя дваццаць гадоў мы не падыходзілі блізка да Аляксандра Рыгоравіча і да зьмены сытуацыі. Бо Расея ня ўмешвалася ў працэс, ведаючы, што яна кантралюе сытуацыю. Але калі Расея адчуе небясьпеку, што яна не кантралюе сытуацыю — гэта такі выклік, на які варта адказаць, ня ўвязваючыся ў бойку, а таксама — што трэба з гэтым рабіць.

Сумна, што ня ведаем адказаў на гэтыя пытаньні, якіх мы не задавалі сабе ўсе гэтыя дваццаць гадоў. Мне падаецца, што ўсе крыху разгубіліся, бо гэта новая рэальнасьць. Мы хочам выніку, але ня бачым нават пяць адсоткаў магчымасьці мець пазытыўны вынік.

Мы рыхтаваліся да звыклых умоваў, а ў рэчаіснасьці ўмовы іншыя. І гэта нас крыху разгубіла. І нам вельмі балюча прызнаваць, што ў нас было шмат ілюзіяў, і цяжка ў гэтым прызнавацца.

— Але мастацтва палітыкі і палягае ў тым, што палітыкі маюць дзейнічаць у нязвыклых умовах. Прасьцей за ўсё — нічога не рабіць у нязвыклых умовах.

— Зараз маю сум з тае прычыны, што беларусы хацелі б зьмяніць Лукашэнку, але на такога ж, толькі на маладзейшага, з усімі тымі ж мадэлямі дзейнасьці. Атрымалася так, што за дваццаць гадоў ня выбудаваныя фундамэнтальныя каштоўнасьці, як дзяржаўная незалежнасьць і гэтак далей. Атрымоўваецца, што мы будавалі дом, але без фундамэнту, бо людзі ня маюць нейкіх фундамэнтальных каштоўнасьцяў адносна незалежнасьці, Канстытуцыі і гэтак далей. На жаль, выніку не атрымалася такога, якога чакалі. І таму 2015 год важны тым, каб кожная арганізацыя паставіла перад сабой гэтыя пытаньні і вырашыла, куды рухаецца, і што рабіць у гэтых умовах. Ёсьць у гэтым і пэўны пазытыў, бо сытуацыя зьмянілася, але ў выніку мы ўсе апынуліся ў разгубленасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG