9 лістапада паўтары гадзіны супрацоўнікі амбасады ЗША ў Беларусі адказвалі ў вэб-чаце на пытаньні наконт атрыманьня ў Менску амэрыканскіх візаў для грамадзян Беларусі.
Большасьць пытаньняў была пра цану візаў, іх тэрміны, віды, умовы атрыманьня. Вось што адказалі ў амбасадзе:
- Цяперашняя цана разгляду дакумэнтаў на візу аднолькавая для краін усяго сьвету.
- Максымальны тэрмін амэрыканскай візы для грамадзяніна Беларусі — 1 год. Грамадзяне ЗША таксама атрымліваюць беларускую візу на тэрмін, ня большы за год.
- Грамадзянін Расеі можа разьлічваць на візу ЗША тэрмінам на 3 гады, грамадзянін Украіны — ажно на 10. Гэта залежыць ад пагадненьня між урадамі.
- Анансаванае ашырэньне візавых паслугаў у Менску тычыцца толькі неіміграцыйных візаў.
- Дзень, калі пачнуць выдаваць візы ў Менску, пакуль не вядомы: «Спадзяёмся аднавіць усе візавыя працэдуры ў пачатку 2018 году, аднак яшчэ ня ведаем дакладнай даты».
- Амбасада ЗША не плянуе адкрываць консульскіх службаў у абласных цэнтрах Беларусі.
Пераносу сумоўя з Масквы ў Менск чакаць ня варта
Сьвятлана Літвінка, пэўна, сярод тых, каму прызначанае раней сумоўе ў амбасадзе ЗША ў Маскве праз абвастрэньне дачыненьняў паміж Расеяй і ЗША было ануляванае. Мінула ўжо два месяцы, праблема не вырашаецца, пад пагрозай унесеныя за візы грошы, — непакоіцца Сьвятлана і пытаецца, ці магчыма перазапісацца на сумоўе ўжо ў Менску. З амбасады ЗША ў Менску паведамілі, што яна можа падаць дакумэнты на візу у Менску паводле правілаў, якія дзейнічаюць з 1 лістапада. Што да сытуацыі ў Маскве, дык, паводле амэрыканскіх дыпляматаў у Менску, іхныя калегі ў сталіцы Расеі робяць усё, каб скасаваныя сумоўі ўсё ж адбыліся.
У якім выпадку трэба прыходзіць на сумоўе зь дзецьмі
Некалькі пытаньняў былі аб правілах атрыманьня візаў для дзяцей. З амбасады ЗША патлумачылі, што прысутнасьць абодвух бацькоў абавязковая, калі дзіцяці няма 16 гадоў. А вось самое дзіця, калі яму яшчэ няма 14 гадоў, можна на сумоўе ня браць. Старэйшага за 14 гадоў — абавязкова.
Таксама важна ведаць: дзіця не атрымае візу ў Менску, калі бацькі яе атрымлівалі не ў сталіцы Беларусі.
Што рабіць, калі адмовілі
Апэляцыя ў выпадку адмовы ў выдачы неіміграцыйнай візы не прадугледжаная.
Муж і жонка Краўчукі зьбіраліся наведаць у ЗША сына, які там жыве і мае грын-карту, але ніяк ня могуць выправіцца ў дарогу, бо ўжо двойчы ім адмаўлялі ў гасьцявых візах. Ці варта спрабаваць трэці раз? Вось цытата з адказу, які атрымаў спадар Валер Краўчук з амбасады ЗША ў Менску: «Калі вы зьвернецеся да нас па візу, консул разгледзіць вашую заяву, грунтуючыся на вашай актуальнай сытуацыі. Папярэднія адмовы не азначаюць, што вам аўтаматычна будзе адмоўлена. Штодзень да нас зьвяртаюцца людзі, якім было адмоўлена раней, і шмат хто зь іх атрымлівае візу». Пры гэтым заяўніка папярэдзілі, што ўсё ж ніхто ня ведае, якім будзе вынік ягонай наступнай спробы.
Усяго наведнікі чату задалі амэрыканскім дыпляматам каля 30 пытаньняў, на ўсе былі атрыманыя адказы альбо спасылкі на сайт амбасады, дзе можна атрымаць інфармацыю пра візы.