Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Беларусь абяцаюць узаемна прызнаць візы да канца году


Пагадненьне аб узаемным прызнаньні візаў паміж Беларусьсю і Расеяй можа быць падпісана ў канцы 2017 году. Але дакумэнт будзе тычыцца толькі тых дзяржаваў, зь якімі ў Беларусі і Расеі аднолькавы візавы рэжым. А вось тыя іншаземцы з 80 краінаў сьвету, якія наведваюць Беларусь паводле 5-дзённага бязьвізавага рэжыму, паехаць у Расею па-ранейшаму ня змогуць.

Пагадненьне будзе тычыцца толькі тых дзяржаваў, зь якімі ў Беларусі і ў Расеі аднолькавы візавы рэжым

Начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун паведаміў Свабодзе, што 8 лістапада адбыўся чарговы раўнд кансультацыяў, праца над пагадненьнем аб узаемным прызнаньні візаў паміж Беларусьсю і Расеяй ідзе, і цалкам рэальна, што яно будзе падпісана да канца 2017 году.

Аляксей Бягун пацьвердзіў, што 13–14 лістапада ў Маскве міністры замежных справаў Беларусі і Расеі Ўладзімер Макей і Сяргей Лаўроў абмяркуюць гэтую тэму, пытаньне таксама будзе вынесена на сумесную калегію замежнапалітычных ведамстваў.

Але Беларусь і Расея маюць маюць розныя візавыя дачыненьні з многімі дзяржавамі. Да прыкладу, з Грузіяй, з Турэччынай у Беларусі бязьвізавы рэжым, а ў Расеі — візавы. На пытаньне, як будуць вырашацца такія праблемы, Аляксей Бягун адказаў, што пагадненьне будзе тычыцца толькі дзяржаваў, зь якімі ў Беларусі і Расеі такі самы візавы рэжым:

«Калі бязьвізавы рэжым уезду і на тэрыторыю Беларусі, і на тэрыторыю Расеі, іншаземец можа прыехаць і ў адну, і ў другую краіну бязь візы. Калі аднолькавы візавы рэжым, то пры наяўнасьці адной візы (беларускай альбо расейскай) замежны грамадзянін можа наведаць абедзьве краіны паводле пагадненьня аб узаемным прызнаньні візаў.

Нават той жа грузін, які мае від на жыхарства ў Беларусі, можа ўехаць у Расейскую Фэдэрацыю бязь візы. Але — калі мае від на жыхарства ў Беларусі».

А вось што да 5-дзённага бязьвізавага рэжыму для іншаземцаў з 80 краінаў, зацьверджанага ўказам Аляксандра Лукашэнкі № 8 ад 9 студзеня, то такі бязьвізавы рэжым дзейнічае толькі на тэрыторыі Беларусі. То бок іншаземец, які прыляцеў у Беларусь па так званым «бязьвізе», ня зможа наведаць Расейскую Фэдэрацыю, удакладніў Аляксей Бягун.

«Мэта — не выроўніваньне візавага ці бязьвізавага рэжымаў абедзьвюх краінаў, а толькі ўзаемнае прызнаньне візаў, дазволаў».

Аляксей Бягун распавёў, што з Расеяй наладжаныя ўзаемадзеяньне і кантроль што да асобаў, якія прыбываюць на тэрыторыю Беларусі паводле бязьвізавага рэжыму. Парушальнікі ўключаюцца ў сьпіс асобаў, уезд якім на тэрыторыю «Саюзнай дзяржавы» забаронены або непажаданы. Па выніках дзевяці месяцаў 2017 году ў гэты сьпіс ўключаныя больш за 500 такіх замежных грамадзянаў.

Пагадненьне пра агульныя сьпісы неўязных дзейнічае больш за 2 гады, адзначыў начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Аляксей Бягун.

Беларускія памежнікі выканаюць кожнае палітычнае рашэньне

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі кажа, што аўтаматызаваныя сыстэмы кантролю дазваляюць апрацоўваць якую-хаця інфармацыю пра грамадзянаў. Магчыма, спатрэбіцца іх адаптацыя:

«Мы — выканаўчы орган. А гэта палітычнае рашэньне. Наша справа — выконваць міжнароднае заканадаўства і пагадненьні, падпісапныя на ўзроўні дзяржаваў. Будзе прынятае такое рашэньне — будзем яго выконваць. А прымацца яно будзе, наколькі я разумею, зыходзячы з мэтазгоднасьці, якую будуць ацэньваць не памежнікі.

Нашыя аўтаматызаваныя сыстэмы памежнага кантролю, якімі мы карыстаемся, дазваляюць апрацоўваць інфармацыю якога-хаця кшталту, неабходную, каб аформіць праход чалавека празь мяжу. Магчыма, спатрэбяцца пэўныя зьмены, дапрацаваньне. Але пакуль само рашэньне яшчэ не прынятае, і будзе, спадзяюся, нейкі пэўны пэрыяд на яго ажыцьцяўленьне. Зьменяцца ўмовы — мы да іх будзем адаптавацца», — паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту.

Дзяніс Мельянцоў: «Кожнае асацыяваньне, каардынацыя з расейскай замежнай палітыкай для Беларусі ня вельмі карысныя»

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў кажа, што размовы пра ўзаемнае прызнаньне візаў паміж Расеяй і Беларусьсю вядуцца даволі доўга, бо ёсьць супярэчнасьці паміж беларускай і расейскай візавай палітыкай:

«Расея мае бязьвізавы рэжым з цэлым шэрагам краінаў, Беларусь мае таксама „бязьвіз“ з многімі краінамі, і гэтыя сьпісы не перасякаюцца.

І ёсьць яшчэ такое пытаньне, як міжнародныя пункты пропуску. Летась і сёлета было шмат скандалаў, калі іншаземцы зь беларускай візай ня могуць перасякаць наземным транспартам беларуска-расейскую мяжу. І ў сувязі з гэтым узьнікала шмат непрыемных сытуацыяў, калі „заварочвалі“ замежных дыпляматаў, вымушаных ляцець самалётам з аэрапорту альбо ехаць празь міжнародныя пункты пропуску ў іншых краінах».

Для Беларусі ўзгодненая візавая палітыка мае, з аднаго боку, свае плюсы: нівэлююцца, вырашаюцца гэтыя магчымыя памежныя канфлікты. А зь іншага боку, гэта стварае сытуацыю, калі Беларусь абмежаваная ў сваёй візавай палітыцы, лічыць палітоляг Дзяніс Мельянцоў:

«Расея хацела б, каб беларуская візавая палітыка была больш-менш уніфікаваная з расейскаю. Беларусь усё адно мусіць нейкім чынам дапасоўвацца, каардынавацца з расейскай візавай палітыкай. А гэта пасьля 2014 году даволі праблематычна. Кожнае асацыяваньне, глыбейшая каардынацыя з расейскай замежнай палітыкай для Беларусі ня вельмі карысныя з палітычнага гледзішча. Бо Расея пад санкцыямі, яна ўспрымаецца ў сьвеце як краіна-агрэсар, і, адпаведна, тут Беларусь хацела б больш свабоды манэўраў.

Таму, я думаю, на сёньня такія навіны пра супольную візавую палітыку, адзіную візу „Саюзнай дзяржавы“ — гэта, хутчэй за ўсё, інструмэнты мэдыйнага ўплыву з боку Расеі на Беларусь.

Супярэчыць гэтаму і тое, што міністар замежных справаў Уладзімер Макей казаў пра падаўжэньне „бязьвізу“ з 5 дзён да 30 дзён. Ідуць міжміністэрскія кансультацыі зь Міністэрствам унутраных справаў. І гэтыя беларускія працэдуры — спробы пашырыць „бязьвіз“ — якраз супярэчаць таму, што адбываецца ў перамовах з Расеяй пра супольную візавую прастору. Таму я б дачакаўся больш канкрэтных навінаў і потым рабіў высновы, бо, магчыма, гэта такі элемэнт ціску».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG