На зачыненых ралетах вывешаны пісьмовыя тлумачэньні: «У сувязі зь немагчымасьцю выканаць патрабаваньні ўказу № 222».
Пра тое, што зь 1 студзеня прадпрымальнікі спыняць гандаль на віцебскіх кірмашах і ў гандлёвых цэнтрах, яшчэ ў апошнія дні мінулага году былі папярэджаныя мясцовыя ўлады. Пра гэта папярэджвалі пакупнікоў і самі гандляры. І ўсё ж многія тыя, хто пасьля навагодніх сьвятаў выправіўся на кірмаш, былі ўражаныя: на вуліцы −20, але стаяць пустыя ня толькі адкрытыя кірмашы, але і ў гандлёвых цэнтрах пустэча.
Віцебскі гандлёвы цэнтр «Эвіком», найбуйнейшы ў горадзе, не працуе на 95%. Тутэйшая прадпрымальніца Ірына Яскевіч, кіраўніца аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам», паказвае шэрагі зачыненых ралетаў і аб’явы на іх:
«Пакупнікі былі здзіўленыя, вядома. Прыйшоўшы ў гандлёвыя цэнтры ў такі мароз, яны ўбачылі зачыненыя гандлёвыя аб’екты. На гандлёвым цэнтры «Эвіком» усё зачынена на 95%. Засталіся працаваць толькі тыя, у каго беларускі тавар, гандлюе «кропка» зь верхнім адзеньнем — дублёнкамі і футрамі, яшчэ працуюць часткова гандляры прадуктамі і бытавой хіміяй. Усё астатняе зачынена. На ралетах мы вывесілі аб’явы, што спыняем гандаль, бо ня можам выканаць указ № 222».
Зь 1 студзеня, паводле ўказу № 222, падпісанага Аляксандрам Лукашэнкам, прадпрымальнікам дазволена гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць і паходжаньне тавараў.
Дагэтуль прадпрымальнікі працавалі ва ўмовах адтэрміновак: ім было дазволена гандляваць рэшткамі тавараў, завезеных да ўвядзеньня патрабаваньня аб абавязковай сэртыфікацыі. Але да 1 студзеня ўсё распрадаць не ўдалося, а з гэтага дня гандаль таварамі без суправаджальных дакумэнтаў забаронены, за парушэньні чакаюць штрафы і канфіскацыі.
Ва ўлётках, наклееных на ралетах, прадпрымальнікі задаюць рытарычнае пытаньне: чаму ім забараняюць гандляваць завезенымі раней таварамі, калі на складах дзяржаўных прадпрыемстваў таксама назапашана процьма нераспраданага. Але ж тэлевізары, лядоўні ды трактары ніхто не загадаў выкінуць на звалку — а менавіта туды цяпер можна адправіць нераспрададзеныя рэчы зь віцебскіх кірмашоў, працягвае Ірына Яскевіч:
«Прадпрымальнікі не разумеюць, чаму ў іх няма правоў нешта рабіць з асабіста закупленымі рэчамі, тады як склады прадпрыемстваў поўныя „неліквіду“. Залішнія тавары на складах дзяржпрадпрыемстваў, таму што ўсе ўжо навучыліся выбіраць нешта таньнейшае ды лепшае. А яшчэ гаворка пра тое, што ў нас нізкая пакупніцкая здольнасьць, гэта падраўноўвае і пакупнікоў, і прадпрымальнікаў, і нават падаткавікоў. Але яны мусяць зьбіраць штрафы, каб хоць нечым папоўніць бюджэт, каб чыноўнікі атрымалі свае заробкі. Бо прадпрыемствы на сёньняшні дзень стаяць, і папаўненьня бюджэту не прадбачыцца».
Да 1 студзеня прадпрымальнікаў абавязалі вывезьці з гандлёвых месцаў тавары, на якія няма сэртыфікацыйных дакумэнтаў. У апошнія дні мінулага году на кірмашах былі абвешчаны зьніжкі — каб пасьпець прадаць хоць нешта.
Цяпер некаторыя ралеты стаяць абсалютна пустыя, у некаторых рэшткі тавараў схаваныя — іх завесілі тканінай ці чым іншым, што трапіла пад руку. Бо прадпрымальнікі спадзяюцца, што іхны пратэст будзе заўважаны. Праўда, не паўсюль ён быў адкрыта абвешчаны: калі на «Эвікоме» прадпрымальнікі наўпрост тлумачаць прычыны спыненьня працы, то на іншых кірмашах часьцей сустракаюцца аб’явы пра адпачынак на гэты месяц.
Хтосьці з прадпрымальнікаў нават рызыкнуў не вывозіць рэчы. Або працягваць працаваць па дакумэнтах, да якіх падатковая можа мець або ня мець прэтэнзій — як пашанцуе. Якраз такім чынам паспрабавалі выканаць указ № 222 полацкія прадпрымальнікі — яны выпатрабавалі ў расейскіх гандлёвых фірмаў суправаджальныя дакумэнты на тавар. Аднак такія паперы падатковая інспэкцыя ды іншыя службы прызналі несапраўднымі.
Што чакае прадпрымальнікаў далей — невядома. Яшчэ 29 сьнежня ў Віцебскі гарвыканкам былі накіраваныя лісты пра тое, што з 1 студзеня віцебскія кірмашы і гандлёвыя цэнтры спыняюць працу. Аднак ніхто з віцебскіх уладаў за гэтыя дні да прадпрымальнікаў не прыйшоў. Праблемы, якія паўсталі пасьля 1 студзеня, чыноўнікі абмяркоўваць не хочуць. Зрэшты, вырашыць іх магчыма не на мясцовым, а на агульнарэспубліканскім узроўні. Прадпрымальнікі гэта разумеюць. І пакуль цьвёрдыя ў рашэньні не аднаўляць працу, пакуль указ №222 ня будзе адменены. Да таго пакупнікоў на кірмашах не чакаюць.