Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія ўлады прызначылі перамовы з гараджанамі наконт Сафійскага сабору


Ініцыятары звароту да Аляксандра Лукашэнкі і да кіраўніцтва вобласьці атрымалі адказ на свой калектыўны ліст, які падпісалі некалькі соцень нязгодных з будаўніцтвам новага сабору ў гарадзкім парку.

Адказу з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі віцябляне не дачакаліся, а ліст, дасланы ў аблвыканкам, чыноўнікі перанакіравалі гарадзкім уладам. Адтуль і прыйшло запрашэньне на сход з удзелам прадстаўнікоў гарвыканкаму, які мае адбыцца 13 кастрычніка ў 17:15 на вуліцы Ўрыцкага — каля брамы ў плоце, якім у парку абгарадзілі месца меркаванай будоўлі.

Захаванасьць парку непакоіць жыхароў Віцебску. Каб збудаваць копію полацкага Сафійскага сабору на ўзор 11 стагодзьдзя, плянуецца зьнішчыць больш за 200 дрэваў — амаль палову парку, што паміж вуліцамі Чэхава і Ўрыцкага. Людзі прапануюць будаваць псэўдагістарычны абʼект, калі ён ужо так неабходны Віцебскай эпархіі праваслаўнай царквы, дзе-небудзь у новых мікрараёнах.

Але большая частка тых, хто пратэстуе супраць будоўлі, перакананыя, што Сафійскі сабор у Віцебску не патрэбны ўвогуле. І таму, што гэта супярэчыць гісторыі — такога абʼекта ў Віцебску ніколі не было, і ўзводзіць чацьвёрты Сафійскі сабор неяк нелягічна. І таму, што бліжэйшыя тры праваслаўныя храмы лёгка зьмяшчаюць усіх вернікаў, а часта стаяць папросту пустыя. І таму, што ў рэгіёне ёсьць шмат сапраўдных гістарычных помнікаў — храмаў, якія вымагаюць рэстаўрацыі, але гэта ігнаруецца. І таму, што ў Віцебску бракуе школ, дзіцячых садкоў, паліклінік — а вялікія сродкі пойдуць на будоўлю яшчэ адной царквы.

Пашпарт абʼекта
Пашпарт абʼекта

Ідэя ўзьвесьці ў Віцебску копію полацкага Сафійскага сабору, якім той быў у 11-м стагодзьдзі, была агучаная ў 2013 годзе. Яна належыць архіяпіскапу Віцебскаму і Аршанскаму Дзімітрыю, які заявіў, што гэтае будаўніцтва «асабліва актуальнае ў сувязі са сьвяткаваньнем 1025-годзьдзя Хрышчэньня Русі». Фінансаваньне, паводле віцебскіх чыноўнікаў і царкоўных уладаў, нібыта гатовы быў узяць на сябе расейскі «Газпром», але цяпер усё часьцей гучаць меркаваньні прадстаўнікоў праваслаўнай царквы, што Сафійскі сабор трэба ўзводзіць «всем миром». Гэта значыць, пачнуцца «добраахвотныя суботнікі» і выбіваньне грошай з прадпрымальнікаў, кажуць віцябляне.

Дарэчы, плот вакол будоўлі ўжо ёсьць, але ніхто з гараджан ня бачыў канчатковага варыянту праекту. На абмеркаваньне быў выстаўлены толькі першы варыянт, які потым двойчы не прайшоў экалягічную экспэртызу. Ён быў падтрыманы толькі з трэцяга разу, але што ў ім было зьменена — невядома, бо хоць мясцовыя ўлады і мусілі зладзіць абмеркаваньне, але гэтага не зрабілі.

Віцябляне сурʼёзна рыхтуюцца да размовы з прадстаўнікамі гарвыканкаму. Тым болей што да пратэстаў супраць будоўлі Сафійскага сабору далучылася яшчэ адна група грамадзянаў — тыя, што бароняць парк ад будоўлі Паўночнага мосту. Збудаваць мост заплянавалі ўжо даўно, і калі гэтая будоўля распачнецца, то будуць зьнішчаны і яшчэ частка парку, і гістарычны будынак — помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя. А помнік пісьменьніку-земляку Ўладзімеру Караткевічу давядзецца пераносіць у іншае месца, прычым віцябляне турбуюцца, што яго могуць проста зьнесьці — без наступнага ўзнаўленьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG