Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясковым жыхарам пагражаюць: будзеце плаціць і за вываз сьмецьця, і за калодзежы, і за яблыні..»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Адна з найбольш хваравітых праяваў эканамічнага крызысу, якую адчулі на ўласным досьведзе амаль усе беларусы — імкненьне дзяржавы любым спосабам выцягнуць з кішэняў грамадзянаў як мага больш грошай — праз падвышэньне тарыфаў, праз усё новыя падаткі, штрафы, зборы. Пры гэтым даходы большасьці людзей у гэты час ня толькі не растуць, але і істотна зьніжаюцца.

Пра гэта — ліст, зь якога пачну сёньняшнюю размову. Вось што піша наш слухач Віктар Самусевіч зь вёскі Вішнявец Стаўпецкага раёна:

«Увялі ў нас у раёне ў камунальнай гаспадарцы новы парадак — зьявіўся так званы „безумоўны“ плацеж за вываз сьмецьця. Раней было як? Хочаш, каб тваё сьмецьце вывозіла спэцмашына, — напішы заяву і плаці згодна з тарыфам. А цяпер па-іншаму: хочаш ці ня хочаш — плаці. Хітра зрабілі! Плату за вываз бяз ведама самога спажыўца ўключылі ў плату за ваду.

Даведаўшыся пра гэта, званю ў водаканал у Стоўбцы. Абураюся: як жа так, я з камунгасам дамову не падпісваў, чаму ж мне навязваюць паслугу?

А мне адказваюць: гэта яшчэ што! Неўзабаве зьявіцца новы загад — будзеце плаціць ня толькі за сьмецьце, але і за калодзежы, і за яблыні.

Вось я і думаю: што ж гэта такое? Гэтак было, здаецца, толькі пры Малянкове ды Бэрыю. Мы што, сталі ўжо бяспраўнымі прыгоннымі „вэртыкальных“ памешчыкаў?».

Сапраўды, спадар Самусевіч, такога абвальнага росту ўсё новых абавязковых плацяжоў, штрафаў, падаткаў у Беларусі на памяці цяперашніх пакаленьняў, здаецца, яшчэ не было. Тлумачэньне тут навідавоку: няма грошай. У пошуках іх чыноўнікі не абцяжарваюць сябе стварэньнем новых крыніцаў даходаў.

Што да канкрэтнай сытуацыі... Можа, гэта і няблага — цэнтралізаваны збор і вываз сьмецьця. Многія дзесяцігодзьдзі большасьць беларускіх вёсак увогуле абыходзілася бяз гэтага, што на карысьць экалёгіі, зразумела, не ішло: сьмецьце асядала ў навакольных лясах ды ярах. Пытаньне тут у іншым: ці ня здарыцца так, што абавязковую плату з вас спаганяць будуць, а саму паслугу як не аказвалі, так і ня будуць аказваць? Сытуацыя такая ў сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці — нярэдкая.

Аўтар наступнага ліста, наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў працягвае размову пра стаўленьне ў грамадзтве да сэксуальных меншасьцяў, да гамафобіі. Нядаўна на гэту тэму ў эфіры Свабоды вялася дыскусія ў праграме «Праскі акцэнт». Спадар Кастусь з нагоды пачутага піша:

«На мой погляд, пазыцыі апанэнтаў высьветлены, прыйшла пара паставіць кропку ці хоць бы коску. Паспрабую гэта зрабіць са сваёй званіцы.

Шаноўнае спадарства! Мая ўнучка, якая жыве з бацькамі ў ЗША, займаецца фігурным катаньнем (я, здаецца, ужо пісаў пра гэта). Зь ёй працуюць некалькі трэнэраў. Адзін зь іх гей. Ну, і што мне да гэтага? Ён добры чалавек і добры трэнэр, у мінулым таленавіты фігурыст, неаднаразовы чэмпіён ЗША, выступаў гадоў 20 таму. Золата на алімпіядах ня браў, а срэбра і бронзу мае. Але ёсьць у яго мэдалі, ці няма — гэта ня важна: важна, які ён чалавек. А мяне яшчэ цікавіць, які ён трэнэр. Ну, вось такі ў мяне да яго мэркантыльны інтарэс. Якая мне справа да ягонай арыентацыі? Ці да веравызнаньня (я, дарэчы, і ня ведаю, якое яно). Ці за якую хакейную каманду ён заўзее. Чамусьці мне няма да гэтага ніякай справы, а ксэнафобам — ёсьць. І ў гэтым палягае іх выродлівая мараль?

Вось такая мая званіца. То-бок, пазыцыя. Усё, кропка. Давайце пагутарым пра што іншае».

Маеце рацыю, спадар Кастусь. І не было б вялікай патрэбы весьці на гэтую тэму дыскусіі, калі б для таго не ўзьнікалі падставы. На жаль, цярпімасьць, талерантнасьць, спагада і разуменьне іншага (не такога, як ты) чалавека ўласьцівыя ў грамадзтве далёка ня ўсім. А калі насьцярожанасьць і варожасьць набываюць агрэсіўныя формы — пра гэта неабходна гаварыць, папярэджваць, каб зло не павялічвалася ў маштабах.

І яшчэ адзін ліст, які нам даслала Вольга Юшкевіч з пасёлку Лясны Менскага раёну. Спадарыня Вольга доўгі час дамагаецца вырашэньня сваіх побытавых і сямейных праблемаў, але з дапамогай судоў зрабіць гэта ня здолела. Урэшце, яна наважылася на публічны пратэст, але досыць своеасаблівы:

«Не магу знайсьці праўду ў судах, таму вырашыла правесьці адзіночны пікет каля ўласнага дома, на ўласным зямельным участку. Устанаўлю расьцяжку даўжынёй тры мэтры з надпісам: „Уласная зямля і хата падзелены, сямʼя разбурана“.

Усе неабходныя доказы маёй пазыцыі прадстаўлю для азнаямленьня ў выглядзе копій».

Паведамленьне спадарыні Вольгі адметнае. Зразумела, што яна хацела б прыцягнуць да сваёй праблемы як мага большую грамадзкую ўвагу. Але наладзіць пікет адважылася толькі на ўласнай сядзібе. Чаму? Бо і яна, і іншыя грамадзкія актывісты ў Беларусі добра ведаюць: наступствам такога пікету ў грамадзкім месцы будзе пакараньне ў выглядзе шматмільённага штрафу. Таму і такі вось пратэст: сярод градаў ва ўласным двары.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG