Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайскоўцы на вуліцах — рэха вясновых акцыяў пратэсту


Калі ў чэрвені Палата прадстаўнікоў уносіла зьмены ў законы аб абароне (у восем законаў і тры кодэксы), то мэдыі ў асноўным зьвярнулі ўвагу на зьяўленьне новага віду вайсковай службы — службы па мабілізацыі. Але неяк у цені, па-за ўвагай грамадзкасьці засталася іншая заканадаўчая навацыя, якая з палітычнага гледзішча мае большую важнасьць.

Справа ў тым, што паводле законапраекту перад Узброенымі сіламі Беларусі ставіцца новая задача: удзел у вырашэньні ўнутранага збройнага канфлікту.

Адказваючы тады на пытаньні дэпутатаў, міністар абароны Андрэй Раўкоў паспрабаваў усіх супакоіць. Ён сказаў:

«Трэба дакладна разумець, што ўнутраны збройны канфлікт — гэта ня мітынгі і дэманстрацыі, а сутыкненьні з прымяненьнем збройнай сілы... І калі войска будзе ўмець дзейнічаць ва ўнутраным збройным канфлікце і мець для гэтага прававыя асновы, гэта стане своеасаблівай перасьцярогай тым сілам, якія паспрабуюць дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне...»

З аднаго боку, так. Улады не хавалі, што гэта рэакцыя на падзеі ва Ўкраіне, на «гібрыдную вайну».

Але вось словы пра сілы, якія спрабуюць дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, — гэта звыклая рыторыка афіцыйных асобаў на адрас апазыцыі.

І наконт збройнага канфлікту. Узгадаем, што сёлета казалі афіцыйныя асобы і дзяржаўныя мэдыі пра апазыцыю і акцыі «недармаедаў». Апавядалі пра анархістаў, якія нібыта рыхтавалі выбух. Запужвалі грамадзтва баевікамі і «крывавым Майданам». Абвінавачвалі апазыцыю, што яна нібыта рыхтуе збройны «фашысцкі пераварот». У справе «Белага легіёну» шмат казалі пра знойдзеную зброю. Сам Лукашэнка расказваў, што «затрымалі пару дзясяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй». Вось вам і збройны канфлікт, і падстава для выкарыстаньня войска ў барацьбе з народнымі пратэстамі.

Усё гэта адразу ўзгадалася, калі Аляксандар Лукашэнка 27 ліпеня на нарадзе з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыяту Савету бясьпекі загадаў арганізаваць патруляваньне вайскоўцамі вуліц гарадоў.

«Вельмі важнае пытаньне — дзяжурства патрулёў. Калі ласка, вазьміце гэта на кантроль, увядзіце гэта ў практыку буйных гарадоў, паселішчаў. І наагул, дзе ёсьць Узброеныя сілы, дзе разьмешчаныя часткі нашы. Няхай людзі працуюць. Гэта таксама важны кірунак нашай дзейнасьці... Думаю, людзям спакайней, калі вайсковы чалавек на вуліцы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

З вонкавага гледзішча сытуацыя вельмі дзіўная. З аднаго боку, Лукашэнка ўвесь час хваліцца, што ў Беларусі, у адрозьненьне ад Эўропы, стабільнасьць, спакой, парадак, няма тэрактаў ці нейкіх забурэньняў. То бок рабіць нейкія надзвычайныя захады, здаецца, няма патрэбы.

«Думаю, людзям спакайней, калі вайсковы чалавек на вуліцы», — кажа кіраўнік дзяржавы. Насамрэч гэта яму так спакайней.

Зь іншага боку, у Беларусі колькасьць міліцыянтаў на душу насельніцтва большая, чым у іншых краінах. Замежнікі, якія ўпершыню прыяжджаюць у Беларусь, зьвяртаюць увагу на тое, што супрацоўнікі міліцыі на вуліцах — на кожным кроку. Нашто яшчэ патруляваньне жаўнераў? Няўжо міліцыі, КДБ і іншых праваахоўных органаў мала (усяго ў Беларусі дзевяць структур з правам апэратыўна-вышуковай дзейнасьці)? Трэба яшчэ вайскоўцаў вывесьці на вуліцы?

Думаю, усе гэтыя захады — аддаленае рэха вясновых акцый пратэсту. Ужо даводзілася раней пісаць, што Лукашэнка атрымаў вясной цяжкую псыхалягічную траўму. І вось цяпер ён ладзіць прэвэнтыўныя крокі, каб ня тое што прадухіліць нешта падобнае, а найперш — каб застрашыць апанэнтаў. А таксама — дзеля псыхалягічнага самазаспакаеньня. «Думаю, людзям спакайней, калі вайсковы чалавек на вуліцы», — кажа кіраўнік дзяржавы. Насамрэч гэта яму так спакайней.

Памятаеце гісторыю 2011 году, калі ўсе ўсясьветныя тэлеканалы паказалі кадры жахлівага забойства лібійскага лідэра Муамара Кадафі? Тады моцна ўражаны Лукашэнка раптам вырашыў тэрмінова рэанімаваць ідэю тэрытарыяльнай абароны, абвясьціў пра стварэньне новага 120-тысячнага войска, кіраўнікам абласьцей прысвоіў вайсковае званьне генэрал-маёраў. Гэта была такая псыхалягічная тэрапія. Прайшоў час, ён трохі супакоіўся, цяпер пра тэрытарыяльную абарону ні чуткі, ні прачуткі.

Затое прыйшла новая ідэя — вывесьці вайскоўцаў на вуліцы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG