У Парыжы адкрыліся Паралімпійскія гульні – 2024. Яны працягнуцца да 8 верасьня. Усяго будзе разыграна 549 узнагарод у 22 відах спорту.
Як і адкрыцьцё асноўнай Алімпіяды, цырымонія ўпершыню ў гісторыі сучаснага паралімпійскага руху праходзіла не на стадыёне, а проста ў цэнтры Парыжа, на плошчы Згоды.
Адкрылі цырымонію прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і кіраўнік Міжнароднага паралімпійскага камітэта Эндру Парсанс.
Дэлегацыю Ўкраіны прысутныя віталі асабліва гучна, а некаторыя пляскалі ўкраінскім спартоўцам стоячы, адзначае карэспандэнт ВВС.
Для ўдзелу ў спаборніцтвах, якія працягнуцца 11 дзён, у Парыжы сабраліся амаль чатыры з паловай тысячы спартоўцаў са 185 дэлегацый, што зьяўляецца рэкордам, піша Le Figaro.
Беларускія і расейскія спартоўцы бяруць удзел у Гульнях у нэўтральным статусе. Усяго на спаборніцтвы былі дапушчаны 8 беларусаў і 88 расейцаў. На цырымоніях адкрыцьця і закрыцьця Паралімпіяды ім можна прысутнічаць толькі ў якасьці гледачоў.
Восем беларусаў, якія выступяць на Паралімпійскіх гульнях як «нэўтральныя» атлеты, возьмуць удзел у двух відах спорту. Шасьцёра ў плаваньні, двое — у лёгкай атлетыцы.
- Плаваньне: Ігар Бокі, Яўген Кавалёнак, Дзьмітры Салей, Ягор Шчалканаў, Максім Вашкевіч і Анастасія Зудзілава.
- Лёгкая атлетыка: Лізавета Дабравольская, Уладзіслаў Грыб.
На зімовую Паралімпіяду ў Пэкіне ў 2022 годзе, якая пачалася праз два тыдні пасля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, спартоўцаў з Расеі не дапусьцілі.
Міжнародны паралімпійскі камітэт увёў санкцыі супраць Расеі і Беларусі пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году. У сакавіку 2024-га камітэт аб’явіў, што на наступнай Паралімпіядзе ў Парыжы расейскія і беларускія спартоўцы змогуць удзельнічаць толькі ў індывідуальных дысцыплінах. Яны будуць выступаць пад нэўтральным сьцягам, у выпадку іх перамогі будзе гучаць ня гімн іхнай краіны, а гімн Міжнароднага паралімпійскага камітэту.
Паралімпійскія гульні — сусьветныя спаборніцтвы спартоўцаў з інваліднасцю — праходзяць пад такой назвай з 1960 году. У праграме Гульняў як традыцыйныя віды спорту, так і віды, спэцыяльна распрацаваныя для атлетаў з інваліднасьцю.