Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Парыжы стартуюць Паралімпійскія гульні, сярод «нэўтральных» атлетаў ёсьць і беларусы


Сымболіка Паралімпійскіх гульняў у Парыжы
Сымболіка Паралімпійскіх гульняў у Парыжы

Усяго на Паралімпіядзе 8 беларусаў.

Восем беларусаў, якія выступяць на Паралімпійскіх гульнях як «нэўтральныя» атлеты, возьмуць удзел у двух відах спорту. Шасьцёра ў плаваньні, двое — у лёгкай атлетыцы.

  • Плаваньне: Ігар Бокі, Яўген Кавалёнак, Дзьмітры Салей, Ягор Шчалканаў, Максім Вашкевіч і Анастасія Зудзілава.
  • Лёгкая атлетыка: Лізавета Дабравольская, Уладзіслаў Грыб.

Для Яўгена Кавалёнка і Лізаветы Дабравольскай гэтая Паралімпіяда стане першай у кар’еры, іншыя ўжо маюць досьвед выступленьняў на галоўных стартах чатырохгодзьдзя.

Самым вядомым удзельнікам сярод іх, безумоўна, зьяўляецца 16-разовы паралімпійскі чэмпіён Ігар Бокі. Ураджэнец Бабруйску ў Парыжы выступіць у пяці дысцыплінах плаваньня сярод спартоўцаў з парушэньнямі зроку. Для яго гэта ўжо 4-я Гульні, у 2012-м у Лёндане ён здабыў 5 залатых мэдалёў, у 2016-м у Рыё-дэ-Жанэйра — 6, у 2021-м у Токіё ўзяў 5 залатых узнагарод. Таксама на рахунку 30-гадовага бабруйчаніна адно срэбра і адзін бронзавы мэдаль.

Акрамя таго, Бокі 28-разовы чэмпіён сьвету і 5-разовы чэмпіён Эўропы.

Паралімпійскім чэмпіёнам, акрамя Бокага, быў толькі Дзьмітры Салей. 34-гадовы плывец здабыў золата яшчэ ў Пэкіне-2008. А праз восем гадоў двойчы ўзяў срэбра ў Рыё-дэ-Жанэйра.

23-гадовы берасьцеец Ягор Шчалканаў быў срэбным мэдалістам у Токіё.

Паралімпійскія гульні ў Парыжы пройдуць з 28 жніўня па 8 верасьня.

Беларускія і расейскія спартоўцы будуць удзельнічаць у Паралімпійскіх гульнях у нэўтральным статусе. У мэдальнай табліцы іх згадваць ня будуць, пры іх перамозе прагучыць гімн AIN (Athlete Individuel Neutre, «індывідуальныя нэўтральныя атлеты»). Таксама гэтыя спартоўцы ня будуць удзельнічаць у цырымоніях адкрыцьця і закрыцьця гульняў.

Дзяржаўныя сьцягі Беларусі і Расеі, а таксама іншая нацыянальная сымболіка, у тым ліку вайсковая, строга забароненыя паблізу любых аб’ектаў, зьвязаных з Паралімпійскімі гульнямі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG