Праграма «Ўсходняе партнэрства», у якую ўваходзіць і Беларусь, стане адным з прыярытэтаў Эстоніі падчас яе старшынства ў Радзе Эўрапейскага Зьвязу, якое пачынаецца ад 1 ліпеня.
Пра гэта міністар замежных спраў Эстоніі Свэн Міксэр заявіў падчас сустрэчы 30 чэрвеня з кіраўніцай зьнешнепалітычнага ведамства Эўразьвязу Фэдэрыкай Магерыні:
«Мы хочам прыцягнуць да абмеркаваньня прадстаўнікоў усіх шасьці краін „Усходняга партнэрства“ — Украіны, Малдовы, Беларусі, Грузіі, Армэніі і Азэрбайджану».
На афіцыйным сайце МЗС Эстоніі паведамляецца, што Міксэр прадставіў праграму старшынства Эстоніі, ухваленую напярэдадні ўрадам краіны. У гэтым дакумэнце ўвага засяроджаная на прыярытэтах у зьнешніх адносінах і тэмах, якія тычацца Эўрапейскай палітыкі суседзтва, уключаючы выкананьне задач «Усходняга партнэрства».
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што Эстонія пасьпяхова выканае свае задачы:
«Кожная краіна старшынюе ў Эўразьвязе толькі шэсьць месяцаў. Эстонія павінна была прыступіць да сваіх функцыяў ад 1 студзеня 2018 году. А папярэднічаць ёй павінна была Вялікая Брытанія. Аднак з прычыны „Брэксіту“ сытуацыя зьмянілася. Таму Эстонія ўступае ў свае правы на паўгода раней.
Нягледзячы на гэта, афіцыйны Талін адказна паставіўся да сваіх функцыяў. Напрыклад, улады краіны заявілі, што чарговы саміт краін „Усходняга партнэрства“ трэба правесьці ў Брусэлі. Маўляў, гэта падвысіць яго значэньне. Ранейшыя саміты традыцыйна адбываліся толькі ў краінах, якія на той час старшынявалі ў Эўразьвязе».
Першы саміт прайшоў у Празе ў 2009 годзе, другі — у Варшаве ў 2011-м, трэці — у Вільні ў 2013-м, чацьвёрты — у Рызе ў 2017 годзе.