Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самай вялікай навіной можа стаць зьяўленьне Лукашэнкі на саміце «Усходняга партнэрства»


Брусэльскія нататкі: У НАТО і ЭЗ хвалююцца ня толькі з прычыны выбараў

Выбары, якія пройдуць сёлета ў шэрагу эўрапейскіх краінаў, сталі прадметам асаблівай увагі ў прэсе, паколькі яны здольныя прывесьці да трансфармацыі Эўразьвязу і яго дачыненьняў з суседзямі і саюзьнікамі. Папулісцкая рэакцыя, якая прывяла да Брэкзіту і перамогі Дональда Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША (а да гэтага — да грэцкага даўгавога крызысу), верагодна, ахопіць усю Эўропу.

У сакавіку выбары пройдуць у Нідэрляндах, і перамога на іх можа дастацца нацыяналістычнай антыісламскай «Партыі свабоды», якую ўзначальвае Герт Вілдэрс. У гэтым выпадку ізгой будзе мець сурʼёзную вагу пры фармаваньні кааліцыйнага ўраду.

Дыпляматы, военачальнікі і эўрабюракраты ламаюць галаву над тым, як зьменіцца Эўразьвяз, а, магчыма, і НАТО. На думку шэрагу экспэртаў, яны могуць стаць значна менш адкрытымі і прадказальнымі.

Французы будуць выбіраць прэзыдэнта ў красавіку і траўні, прычым кіраўнік «Нацыянальнага фронту» Марын Лё Пэн упэўненая, што ёй удасца прайсьці ў другі тур.

У верасьні ў Бундэстаг трапіць папулісцкая партыя «Альтэрнатыва Нямеччыны», што аслабіць пазыцыі Ангелы Мэркель або нават прывядзе да адстаўкі канцлеркі, якая стала для многіх галоўнай палітычнай асобай цяперашняга ЭЗ.

Аднак гэтым сьпіс значных падзей 2017 году не вычэрпваецца. Дыпляматы, военачальнікі і эўрабюракраты ламаюць галаву над тым, як у выніку зьменіцца Эўразьвяз, а, магчыма, і НАТО. На думку шэрагу экспэртаў, яны могуць стаць значна менш адкрытымі і прадказальнымі.

29-ы член НАТО?

Самай буйной сустрэчай у Брусэлі сёлета, хутчэй за ўсё, стане ўвесну «саміт Трампа». Гэта будзе афіцыйная сустрэча кіраўнікоў краінаў — членаў НАТО, каб павітаць Трампа ў Эўропе і азнаёміць яго зь дзейнасьцю альянсу. Аналягічныя сустрэчы праходзілі пасьля абраньня Барака Абамы і Джорджа Буша-малодшага. Аднак гэтым разам дыпляматы і лідэры НАТА, верагодна, будуць нэрвавацца значна мацней.

Ці не адмовіцца Трамп ад абавязацельстваў у справе абароны ўсходніх межаў НАТО? Што ён думае пра Аўганістан? Наколькі ён блізкі Ўладзіміру Пуціну? Гэтыя пытаньні загучалі адразу пасьля выбараў, і менавіта на гэтай сустрэчы эўрапейцы змогуць зразумець, чаго дамагаецца Трамп.

Дакладная дата «саміту Трампа» пакуль ня вызначаная, таму што кіраўніцтва НАТО хоча сумясьціць яго з адкрыцьцём новага штабу альянсу. Будаўніцтва будынка коштам мільярд эўра пачалося ў 2010 годзе і скончыцца празь некалькі месяцаў. Магчымая прысутнасьць Трампа на гэтай цырымоніі надае ёй асаблівы калярыт: амэрыканскі прэзыдэнт, вядомымі шматмільярднымі праектамі ў галіне нерухомай маёмасьці, ня раз заяўляў пра тое, што зьбіраецца радыкальна перагледзець абавязацельствы ЗША перад партнэрамі НАТО з эканамічнага пункту гледжаньня.

Прыкладна ў гэты ж час Чарнагорыя, хутчэй за ўсё, стане 29-м членам альянсу (аднак гэтае рашэньне яшчэ мусіць быць ратыфікавана яго сябрамі, у прыватнасьці, ЗША). Ніводзін з дыпляматаў, зь якімі мы размаўлялі, ня ўбачыў для гэтага сурʼёзных перашкодаў, аднак у цэлым атмасфэра нэрвовая. Чарнагорскія ўлады абвінавацілі некалькіх расейцаў у спробе дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне напярэдадні кастрычніцкіх выбараў. Ці магло гэта быць адчайным зьнешнім умяшаньнем з мэтай сарваць уступленьне ў НАТО, і калі так — ці варта чакаць новых? Якім бы ня быў адказ на гэтае пытаньне, ясна адно: іншых новых сяброў ані НАТО, ані ЭЗ прымаць ня будуць яшчэ доўга.

Прэзыдэнт Чарнагорыі Філіп Вуянавіч
Прэзыдэнт Чарнагорыі Філіп Вуянавіч

Цэнтрабежныя сілы

Да канца сакавіка павінны пачацца перамовы па Брэкзіту. Чакаецца, што яны расьцягнуцца як мінімум на два гады і адбяруць шмат часу і сіл у дыпляматаў Брытаніі і ЭЗ, а таксама могуць на доўгі час зрабіць Брусэль замкнёным і бяззубым. Пакуль незразумела, які эфэкт гэтыя перамовы акажуць на санкцыі ЭЗ у дачыненьні да Расеі. Тэрмін цяперашніх санкцый заканчваецца ў ліпені. Ці будуць яны падоўжаныя?

Спрэчкі паміж членамі альянсу напэўна зьвернуць на сябе ўвагу на двух мерапрыемствах на пачатку 2017 году. Да канца лютага Эўракамісія хоча атрымаць ад Польшчы тлумачэньні з нагоды вяршэнства права ў гэтай краіне, асабліва ў тым, што тычыцца дзейнасьці Канстытуцыйнага суду. Гэтая бітва ідзе з тых часоў, як там у 2015 годзе прыйшла да ўлады правакансэрватыўная партыя «Права і справядлівасьць». Варта чакаць, што Польшча праігнаруе патрабаваньні Эўракамісіі, аднак пазьбегне санкцый, паколькі на яе баку такая краіна, як Вугоршчына. Многія палічаць гэта перамогай нелібэральных дэмакратый зь ліку ўсходніх членаў ЭЗ і апошнім ударам па тых, хто выступаў за яго пашырэньне і прыводзіў Польшчу ў якасьці прыкладу пасьпяховай інтэграцыі былой краіны з Варшаўскай дамовы ў заходні палітычны мэйнстрым.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда

Акрамя таго, Польшча можа адыграць ключавую ролю, калі справа дойдзе да падаўжэньня мандату старшыні Эўрапейскай Рады Дональда Туска на наступныя два з паловай гады. Рашэньне аб гэтым, хутчэй за ўсё, будзе прынятае на сакавіцкім саміце ЭЗ. Галоўны апанэнт Туска ў Польшчы Яраслаў Качыньскі з партыі «Права і справядлівасьць» ужо даў зразумець, што ня будзе падтрымліваць пераабраньне свайго суайчыньніка. Туск усё адно можа быць абраны кваліфікаванай большасьцю, аднак сытуацыя ў цэлым можа аслабіць пазыцыі гэтага аднаго з самых рэзкіх крытыкаў Пуціна ў Брусэлі на ключавым этапе расейска-эўрапейскіх стасункаў.

У адносінах паміж Масквой і Брусэлем цяжка прадбачыць паўнавартасную адлігу ў бліжэйшай пэрспэктыве. Аднак можна чакаць, што ўвесну Эўракамісія і «Газпром» дасягнуць пагадненьня аб тым, як расейскі газавы гігант будзе працаваць на адзіным эўрапейскім рынку. У 2015 годзе Эўракамісія абвінаваціла «Газпром» у завышэньні коштаў для кліентаў у цэнтральнай і ўсходняй Эўропе і несправядлівым блякаваньні канкурэнтаў. Масква пастараецца пазьбегнуць буйных штрафаў і можа дазволіць пераканаць сябе ў неабходнасьці выконваць адпаведныя правілы ЭЗ у брусэльскай інтэрпрэтацыі.

Узбоўтваць, а ня зьмешваць

25 сакавіка лідэры ЭЗ зьбяруцца ў Рыме, каб адзначыць 60-годзьдзе падпісаньня дамовы, якая паклала пачатак Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці, папярэдніка ЭЗ. Чакаецца, што яны вызначаць ясныя пэрспэктывы далейшага разьвіцьця блёку. Зрэшты, ня менш верагодна, што гэтая сустрэча ператворыцца ў спрэчкі аб міграцыйных квотах і мерах вырашэньня эканамічных праблемаў ЭЗ.

Лідэры Эўразьвязу на саміце ў Славаччыне, 2016
Лідэры Эўразьвязу на саміце ў Славаччыне, 2016

У лістападзе пытаньні ўсходняй палітыкі ЭЗ будуць абмяркоўвацца на саміце «Усходняе партнэрства» у Брусэлі. Грузія і Малдова ўжо падпісалі дамовы аб супрацоўніцтве з НАТО, тое ж самае зробіць і Ўкраіна, калі парлямэнт Нідэрляндаў у студзені або лютым прагаласуе за ратыфікацыю гэтага дакумэнту. Вясной ЭЗ адменіць візы для грамадзянаў Грузіі, Малдовы і Ўкраіны. Да лета яшчэ адзін усходні пантэр ЭЗ — Армэнія — павінна скончыць перамовы аб партнэрстве за выключэньнем зоны свабоднага гандлю. Прыкладна тады ж перамовы аб аналягічным пагадненьні пачне Азэрбайджан. Тым ня менш, пакуль не зусім ясна, што яшчэ ЭЗ можа прапанаваць сваім «усходнім партнэрам» і ў чым сэнс такога партнэрства.

Аднак самай вялікай навіной можа стаць зьяўленьне на саміце беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, які шмат гадоў быў там persona non grata. Саміт адбудзецца ў лістападзе 2017 году ў Брусэлі. Прынятае ў лютым рашэньне аб адмене санкцый супраць Лукашэнкі і яшчэ 169 беларускіх чыноўнікаў (і некалькіх абаронных кампаній) выклікала крытыку з боку беларускіх апазыцыянэраў, якія нагадалі пра арышты і іншыя рэпрэсіі беларускага рэжыму ў дачыненьні да палітычных праціўнікаў.

Брусэльскі карэспандэнт Свабоды Рыкард Юзьвяк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG