Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ня хочуць рабіць выбары больш празрыстымі, — Гулак


Аляксандар Лукашэнка правёў нараду па пытаньнях удасканаленьня выбарчага заканадаўства.

Сярод іншага разглядаюцца прапановы, выпрацаваныя на аснове рэкамэндацыяў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ міжведамаснай экспэртнай групай.

«Народнае волевыяўленьне, паводле дзейнай практыкі, павінна прайсьці ў абсалютна дэмакратычнай і спакойнай атмасфэры і, самае галоўнае, — на найвышэйшым арганізацыйным узроўні, як гэта ў нас заўсёды было», — цытуе Лукашэнку БелТА.

На нарадзе абмяркоўваюцца прапановы па ўдасканаленьні выбарчага працэсу, у тым ліку выпрацаваныя на аснове рэкамэндацыяў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ міжведамаснай экспэртнай групай, якая была створана на даручэньне Лукашэнкі.

«Асобныя [прапановы], напэўна, могуць быць рэалізаваныя цяпер, іншыя — у далейшым, пры карэкціроўцы нормаў Выбарчага кодэксу, — адзначыў Лукашэнка. — Нельга забываць, што ў выбарчай кампаніі мы абавязаныя кіравацца перш за ўсё ўласным заканадаўствам. Ні пад кога падладжвацца ня трэба», — заявіў Лукашэнка.

Алег Гулак
Алег Гулак

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту, праваабаронца Алег Гулак сказаў Свабодзе, што Цэнтравыбаркам таксама разглядае рэкамэндацыі, прапанаваныя праваабаронцамі, але ўжо вядома, што адзін з самых прынцыповых момантаў — той, што тычыцца практыкі падліку галасоў — адхілены.

«Пасьля кожнага назіраньня мы, праваабаронцы, фармуем свае рэкамэндацыі і прапановы. Пасьля апошняй прэзыдэнцкай кампаніі, як звычайна, мы даслалі такі дакумэнт у Цэнтравыбаркам. Але паколькі агучвалася, што Цэнтравыбаркам працуе над рэалізацыяй рэкамэндацыяў АБСЭ, то мы найперш канцэнтраваліся на тым, як, з нашага гледзішча, можна і важна выканаць гэтыя рэкамэндацыі.

Сапраўды, там ёсьць пытаньні, дзеля якіх трэба даволі істотна мяняць заканадаўства. Але ёсьць і рэкамэндацыі, якія патрабуюць выключна карэкціроўкі практыкі і могуць быць вырашаны пастановай Цэнтравыбаркаму.

З адказу, які мы атрымалі, вынікае, што Цэнтравыбаркам лічыць некаторыя нашы прапановы няслушнымі. Напрыклад, Цэнтравыбаркам ня згодны, што працэдура падліку галасоў павінна быць публічнай, каб усе чальцы выбарчай камісіі маглі кантраляваць працэс падліку. Гэтая працэдура не прапісаная ў Выбарчым кодэксе і можа быць урэгуляваная Цэнтравыбаркамам. Але яны пакідаюць права вырашаць, як лічыць галасы, за ўчастковымі камісіямі», — сказаў праваабаронца.

Алег Гулак дадаў, што Цэнтравыбаркам вырашыў абмеркаваць удасканаленьне выбарчага заканадаўства з прэзыдэнтам, таму што гэта пытаньне ня столькі прававое, колькі палітычнае:

«Калі б гэтае пытаньне тычылася выключна прававых працэдур, то высновы міжведамаснай экспэртнай групы можна было б агучыць ужо даўно. Але Цэнтравыбаркам палічыў, што трэба спачатку абмеркаваць з прэзыдэнтам. Таму тут ня толькі палітычны падыход, але і палітычная мэтазгоднасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG